Маці і дзяўчына Фурманава прыехалі ў сталіцу з Горадні. Яны плянуюць знаходзіцца каля СІЗА на вуліцы Валадарскага, пакуль Фурманава ня выпусьцяць.
З сабою ў галадоўніц торбы зь цёплымі рэчамі
Маці Зьмітра Фурманава Вольга Фурманава, а таксама ягоная дзяўчына Вольга Каракіна абвясьцілі пра бестэрміновую галадоўку. Яны патрабуюць вызваліць Зьмітра і ўсіх палітвязьняў, а таксама — спыніць крымінальны перасьлед зьняволеных па 342-м артыкуле Крымінальнага кодэксу.
Апавяшчэньне пра сваю акцыю яны накіравалі ў Горадзенскі аблвыканкам, Адміністрацыю прэзыдэнта, Савет Рэспублікі, СІЗА № 1, МУС, Сьледчы камітэт, Генэральную пракуратуру, прадстаўніку Эўразьвязу ў Беларусі, прадстаўніку ААН па правах чалавека ў Беларусі, Вярхоўны суд, спэцыяльнаму дакладчыку па правах чалавека ў Беларусі.
Вольга Фурманава і Вольга Каракіна зьявіліся каля прахадной СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага загадзя. Яны кажуць, што будуць знаходзіцца тут максымальна доўга.
«Мы плянуем бестэрміновую галадоўку, а там як атрымаецца, — сказала Свабодзе Вольга Фурманава. — Будзем тут знаходзіцца, каля СІЗА. Што будзе далей, ці нам дазволяць тут быць, мы ня ведаем. Як атрымаецца. Будзем старацца знаходзіцца тут».
Вольга Каракіна, дзяўчына Зьмітра Фурманава
Дзяўчына Зьмітра Вольга Каракіна кажа, што прыкладам для іх сталі галадоўкі, арганізаваныя рухам «Маці 328». Яна разам з маці свайго хлопца лічаць, што такім чынам могуць паўплываць на дзеяньні ўладаў.
«Гэта радыкальны крок, так, — прызнае Вольга Каракіна. — Але мы бачылі, як галадаюць „Маці 328“. Яны галадаюць ужо трэці раз. Мы вырашылі зрабіць па іх прыкладзе. Будзем такім самым чынам дамагацца праўды. Чалавек сядзіць ні за што. Ужо два месяцы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Улады не зьвяртаюць увагі», — галадоўка «Маці 328» працягваеццаЯна таксама расказвае, што родныя маюць сувязь са Зьмітром, ад яго рэдка, але даходзяць лісты. Палітвязень піша, што ў яго ўсё добра. «Як на самой справе, ніхто не ведае», — кажа Вольга Каракіна.
Улады пакуль ніяк не адрэагавалі на дзеяньні жанчын. У першыя хвіліны галадоўкі ім не перашкаджалі знаходзіцца каля СІЗА. Вольга Каракіна спрабавала трапіць на прахадную, аднак ёй ніхто не адчыніў.
Бацькі Зьмітра Фурманава Аляксандар і Вольга Фурманавы
«Ад уладаў пакуль няма ніякай рэакцыі на наш крок, — кажа Вольга. — Лісты ў дзяржаўныя органы мы разаслалі ў пятніцу. Цяпер выходныя. Магчыма, яны заўтра неяк адрэагуюць. Зьміцер таксама ня ведае пра наш крок. Верагодна, ён будзе хвалявацца, перажываць. Не ведаю, як ён ацэніць гэта. Але я спадзяюся, што станоўча».
Неўзабаве пасьля пачатку галадоўкі да родных Фурманава прыйшлі актывісткі руху «Маці 328», каб прапанаваць ім дапамогу з начлегам і падтрымку.
Дзьве ўдзельніцы руху «Маці 328» прыйшлі падтрымаць галадоўніц
Зьмітра Фурманава затрымалі 29 траўня ў Горадні на пікеце Ціханоўскай. Паводле ягонага бацькі Аляксандра Фурманава, яго схапілі людзі ў цывільным і вынесьлі разам з крэслам з-за стала, дзе Зьміцер зьбіраў подпісы за Сьвятлану Ціханоўскую.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Беспрэцэдэнтны ўзровень ціску». Праваабаронцы заявілі, што выбары ў Беларусі праходзяць у атмасфэры гвалтуГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Была каманда затрымліваць усіх датычных». У Горадні асудзілі каардынатара ініцыятыўнай групы Ціханоўскай