У берасьцейскую міліцыю падалі заяву наконт распаўсюду ўлётак з дыскрэдытацыяй кандыдаткі Ціханоўскай

Сьвятлана Ціханоўская на мітынгу ў Барысаве, 23 ліпеня

Давераная асоба Сьвятланы Ціханоўскай, берасьцеец Уладзімер Мароз 25 ліпеня зьвярнуўся ў Маскоўскі РАУС Берасьця з заявай аб распаўсюдзе ўлётак, якія дыскрэдытуюць кандыдатку ў прэзыдэнты, піша БелаПАН.

Улёткі разьляпілі ў парку Ваяроў-інтэрнацыяналістаў, дзе 25 ліпеня заплянавалі агітацыйны пікет за кандыдатку, расказаў берасьцейскі праваабаронца Раман Кісьляк.

Паводле яго, улёткі заклікалі «дапамагчы знайсьці дарогу дамоў» у «Штутгарт, Маскву і Вашынгтон» Сьвятлане Ціханоўскай і ейным паплечніцам — лідэрцы штабу Віктара Бабарыкі Марыі Калесьнікавай і Вераніцы Цапкале, жонцы экс-прэтэндэнта ў прэзыдэнты Валера Цапкалы.

«Дзе надрукаваныя ўлёткі, хто іх распаўсюдзіў, нам пакуль невядома — яны без выходных зьвестак, — дадаў Кісьляк. — Ніякага дачыненьня да іх штаб Ціханоўскай і згодныя зь яе штабы Віктара Бабарыкі і Валера Цапкала ня маюць».

Паводле яго, Мароз у заяве ў міліцыю патрабуе выявіць асобаў, якія вырабілі і распаўсюдзілі ўлёткі, прыцягнуць іх да крымінальнай адказнасьці за паклёп. Кісьляк адзначае, што зьмест улётак нагадвае заявы Аляксандра Лукашэнкі: ён заяўляў, што альтэрнатыўныя кандыдаты — «стаўленікі замежных дзяржаваў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Успрымайце мяне, як сьцяг таго, што ў нас будуць новыя выбары». У Віцебску прайшоў мітынг Сьвятланы Ціханоўскай