Прэм'ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка на нарадзе 23 ліпеня расказаў, якія сумы склала падтрымка эканомікі з боку дзяржавы падчас пандэміі COVID-19.
Галоўчанка, як перадае БелТА, згадаў, што Лукашэнка паставіў абноўленаму ўраду задачу не дапусьціць падзеньня эканомікі, хоць МВФ, Сусьветны банк і іншыя арганізацыі прагназуюць падзеньне валавога ўнутранага прадукту ў Беларусі на 4–6% за год. За першую палову году ВУП зьнізіўся на 1,7%.
«Аднак сваечасова прынятыя кіраўніком дзяржавы рашэньні аб незакрыцьці прадпрыемстваў, падтрымцы найбольш пацярпелых ад пандэміі арганізацыяў і калектываў дазволілі не дапусьціць падзеньня і захаваць эканоміку краіны», — заявіў прэм’ер.
Паводле яго, падтрымка эканомікі складалася ў наступным:
- 213 млн рублёў пайшлі на стымульныя выплаты работнікам сыстэмы аховы здароўя і сацыяльнага абслугоўваньня;
- 145 млн — сума крэдытаў для падтрымкі прадпрыемстваў пад гарантыі ўраду;
- 109 млн — сума крэдытаў для падтрымкі прадпрыемстваў пад гарантыі мясцовых уладаў;
- 31 млн — падатковыя палёгкі і прэфэрэнцыі — адтэрміноўкі, растэрміноўкі і падатковыя крэдыты;
- 25 млн — «рашэньні аб даваньні падатковых вакацыяў».
Лукашэнка заяўляў на той жа нарадзе, што «барацьба з каранавірусам абышлася бюджэту амаль у паўмільярда рублёў». Названыя Галоўчанкам лічбы даюць у суме 523 млн рублёў, ды зь іх «незваротныя» менш за палову, астатнія ж давядзецца вяртаць бюджэту.