Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрты заявілі пра рызыкі падзеньня курсу беларускага рубля і інфляцыі ў сувязі з выбарамі


Прадукцыя МТЗ

Дзяржаўная падтрымка прадпрыемстваў стварае рызыкі для беларускага рубля і можа справакаваць паскарэньне інфляцыі, гаворыцца ў аглядзе цэнтру макраэканамічных дасьледаваньняў расейскага «Сбербанка».

«Вельмі неспрыяльная эканамічная каньюнктура значна ўскладняе задачу ў справе росту даходаў насельніцтва ў перадвыбарны пэрыяд», — спасылаецца БелаПАН на аналітыкаў банка што да сытуацыі ў Беларусі.

Пры гэтым яны адзначаюць, што рэальныя заробкі ў Беларусі прадэманстравалі зьніжэньне ў красавіку, а іх цяперашні ўзровень на 5% большы, чым у пачатку году.

«Мы асацыюем падобны рост зь дзяржаўнымі прадпрыемствамі, празь якія рэалізуецца інструмэнт падтрымкі даходаў. Па-першае, ад сярэдзіны красавіка рост заробкаў у дзяржсэктары афіцыйна адвязаны ад росту прадукцыйнасьці працы. Па-другое, хутка павялічваецца аб’ём фіскальнай падтрымкі такіх кампаній», — гаворыцца ў аглядзе.

Яго аўтары зьвяртаюць увагу, што сёлета тройчы падвышаўся ліміт на дырэктыўнае крэдытаваньне (ад 0,7 млрд да 1,3 млрд рублёў, каля 1,1% ВУП). Акрамя гэтага, праходзіць масавая рэструктурызацыя дзейных крэдытаў са зніжэньнем ставак.

«Падобная палітыка ў мінулым ужо прыводзіла да значных праблемаў, а назапашваньне дадатковых дысбалянсаў стварае істотныя рызыкі для курсу беларускага рубля і інфляцыі», — падкрэсьліваюць аналітыкі «Сбербанка».

Аб падтрымцы дзяржпрадпрыемстваў, у тым ліку ў частцы выплаты заробкаў, гаварылася на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі 19 чэрвеня. Ён даручыў кіраўніцтву Нацбанку ўзяць пад кантроль гэтае пытаньне.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG