Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка загадаў Нацбанку займацца заробкамі і прадпрыемствамі. Гэта можа выклікаць дэвальвацыю, лічаць экспэрты


Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь

На нарадзе 19 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка нагадаў, што прэм’ер-міністар і кіраўнік Нацбанку адказваюць за рост ВУП і даходы людзей.

«А зь сёньняшняга дня старшыня Нацбанку зьяўляецца галоўным памочнікам прэмʼер-міністра ў выплаце заробкаў і працы прадпрыемстваў», — дадаў Лукашэнка.

Пачынаючы з 2015 году, многія эканамісты адзначаюць «удумлівую фінансавую палітыку Нацбанку», якая дазваляла зьберагаць параўнальную валютную стабільнасьць.

Толькі ў сакавіку сёлетняга году даляр і эўра падаражэлі адносна беларускага рубля. Але пасьля курс усё ж адкаціўся назад: даляр стаў каштаваць 2,6 рубля, але потым курс усталяваўся на ўзроўні 2,44 рубля за даляр. Нацбанк ня ўмешваўся ў невялікае падзеньне рубля адносна валютнага кошыка.

Якія асноўныя функцыі Нацбанку

Нацбанк зьяўляецца галоўным банкаўскім рэгулятарам у Беларусі. Ягоныя асноўныя функцыі пералічаныя на сайце ўстановы, і гэта:

  • Падтрыманьне цэнавай стабільнасьці
  • Забесьпячэньне стабільнасьці банкаўскай сыстэмы
  • Гарантаваньне эфэктыўнага, надзейнага і бясьпечнага функцыянаваньня плацежнай сыстэмы

Ні за заробкі, ні за неэфэктыўныя прадпрыемствы банк, паводле сваіх асноўных задач, не адказвае.

Як Нацбанк можа «заняцца заробкамі»

Старшыня Нацбанку ня можа проста ўзяць і раздаць грошы з кішэні. Але шляхі ўплыву на заробкі ў галоўнага банкаўскага рэгулятара ўсё ж ёсьць: залезьці ў золата-валютныя рэзэрвы, якія патрэбны для раздачы дзяржаўных пазык, ці проста надрукаваць грошы. Апошняе ўжо ня раз прыводзіла да інфляцыі і дэвальвацыі.

Пра гэта нагадвае старшы аналітык «Альпары Эўразія» Вадзім Іосуб.

Вадзім Іосуб
Вадзім Іосуб

«Раней, калі ў нас працаваў друкарскі станок, праблем з заробкамі не было. Калі на дзяржпрадпрыемстве праблемы, Нацбанк „маляваў“ грошы, даваў іх іншаму банку, а той крэдытаваў прадпрыемства. Заробкі расьлі ў рублях, але гэта выклікала інфляцыю, пастаянную дэвальвацыю. Сярод усіх постсавецкіх краін Беларусь рэкардсмэн у дэвальвацыях з 1991 году. Хоць у Беларусі, са сваёй унікальнай грашова-крэдытнай палітыкай, не было ніякіх войнаў», — кажа Вадзім Іосуб.

Цяпер Нацбанк адмовіўся ад такой грашова-крэдытнай палітыкі. Але гэтае патрабаваньне «заняцца заробкамі» ад Аляксандра Лукашэнкі можа быць прамым указаньнем зьмяніць рэгуляваньне і зноў пачаць «друкаваць грошы», мяркуе Вадзім Іосуб.

«Гэта ўказаньне папросту супярэчыць усяму таму, чым мусіць займацца Нацбанк. Нацбанк мусіць сачыць за тым, каб у сыстэме не назапашваліся незваротныя крэдыты. Ці то гэта проста перадвыбарчая папулісцкая заява... Тады гэта перажыць можна. Але калі гэта стане пастаяннай грашовай палітыкай, то мы вернемся да дэвальвацый і інфляцый», — лічыць Вадзім Іосуб.

Агулам беларуская валюта перажыла пяць дэвальвацый і тры дэнамінацыі. Толькі з 2015 году на валютным рынку назіраецца параўнальная стабільнасьць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG