Лінкі ўнівэрсальнага доступу

458 мільёнаў рублёў стратаў за 4 месяцы. Што адбываецца з эканомікай і хто яе ўратуе?


Летась за 4 месяцы ўсе беларускія арганізацыі спрацавалі з прыбыткам 4,5 мільярда. А сёлета за такі ж пэрыяд напрацавалі на мінус 458 мільёнаў. Свабода разьбіралася, што адбываецца і як ратаваць эканоміку.

Калі летась за студзень-красавік усе арганізацыі Беларусі зарабілі 4,5 мільярда рублёў, то сёлета за такі самы пэрыяд маюць страты на 458 мільёнаў. Стратных арганізацый у Беларусі 22%, а іх чыстыя страты — 5,2 мільярда.

Са стратамі на 191 мільён рублёў спрацавалі і прамысловыя арганізацыі, хоць летась за такі самы пэрыяд зарабілі 2,6 мільярда. 26% усіх арганізацый прамысловасьці стратныя. Чыстыя страты — 2,2 мільярда.

А што з драйвэрамі эканомікі?

Нафтаперапрацоўка і здабыча калійных угнаеньняў традыцыйна прыносяць прыбытак беларускай эканоміцы. Але ня сёлета.

Намесьніца старшыні канцэрну «Белнафтахім» Сьвятлана Гурына ў інтэрвію профільнаму рэсурсу «Нафтахімія» 29 чэрвеня прызнала, што «на 1 траўня 9 арганізацый канцэрну мелі прыкметы неплатаздольнасьці».

«Асноўныя прычыны складанага фінансавага становішча — узмацненьне канкурэнцыі на асноўных таварных рынках, залежнасьць ад умоў пастаўкі асноўнай сыравіны па імпарце, недахоп уласных сродкаў для рэалізацыі інвэстыцыйных праектаў, якія замяшчаюць крэдытнымі рэсурсамі, кошт якіх часьцяком застаецца досыць высокі для забесьпячэньня акупнасьці праектаў, а таксама дэвальвацыйныя працэсы ў эканоміцы Беларусі і ў краінах — асноўных гандлёвых партнэрах», — кажа Сьвятлана Грыгор’ева.

На долю гэтага канцэрну прыпадае траціна вытворчасьці Беларусі. У яго ўваходзяць каля 60 арганізацый. Але асноўны прыбытак дае вытворчасьць нафтапрадуктаў.

Адно з буйных прадпрыемстваў галіны — «Нафтан» — працуе ў Наваполацку. Паводле Белстату, страты гораду за першыя 4 месяцы — 43 мільёны рублёў. А летась за такі самы пэрыяд быў плюс на 46 мільёнаў. Пратэрмінаваная крэдыторская запазычанасьць за 5 месяцаў дарасла да 15,5 мільёна рублёў.

У Салігорску іншы драйвэр беларускай эканомікі — «Беларуськалій». За першыя чатыры месяцы Салігорскі раён мае прыбытак 143 мільёны рублёў, а летась меў утрая болей.

Што з экспартам, ВУП і крэдытамі?

ВУП Беларусі прасеў на 1,8% у параўнаньні з пэрыядам студзень-травень мінулага году і склаў 51 мільярд рублёў. Абарот зьнешняга гандлю прасеў на 19,9%, экспарт — на 19,1%.

На 1 чэрвеня зьнешні доўг Беларусі, паводле Мінфіну, складаў 16,7 мільярда даляраў. Расея непасрэдна і Эўразійскі фонд рэканструкцыі і разьвіцьця кантралююць 61,6% зьнешніх даўгоў Беларусі.

Хто ўратуе эканоміку?

Паводле кіраўніка цэнтру Мізэса Яраслава Раманчука, у цяперашняй сытуацыі эканоміцы могуць дапамагчы: самі беларусы, а таксама замежныя крэдыты і інвэстыцыі.

Беларусы — «калі пагодзяцца, каб іх даходы былі на 20% ніжэйшыя».

Крэдыторы ж могуць дапамагчы «на кароткі пэрыяд», мяркуе эканаміст.

Яраслаў Рамачук
Яраслаў Рамачук

«У Беларусі яшчэ ёсьць што браць і прадаваць. Яшчэ ёсьць НПЗ і „Беларуськалій“, актывы якіх маглі б набыць. Цяпер Мінфін Беларусі хаатычна шукае грошы. Расея ж грошы за проста так ніколі не давала, толькі калі былі інтарэсы іхніх гульцоў. Да вырашэньня пытаньня зь „Белгазпрамбанкам“ ніякіх саступак ня будзе. Наконт інтэграцыі — ня думаю, што Лукашэнка падпіша нейкія дакумэнты да 9 жніўня. Таму будзе эканамічны ціск, фінансавы ціск, абмежаваньне на тавары, балючыя для Беларусі», — кажа Яраслаў Раманчук.

Паводле аналітыка «Альпары Эўразія» Вадзіма Іосуба, «вострай тэрміновай неабходнасьці ў крэдытах няма». Яны патрэбныя, але пакуль грошай хопіць.

Вадзім Іосуб
Вадзім Іосуб

«Золатавалютных рэзэрваў хапае прыкладна на два гады, каб выплачваць зьнешнія даўгі бязь іх рэфінансаваньня. То бок, калі ні капейкі болей не дадуць, то каляпс пачнецца праз два гады.

Нават у цяперашніх умовах фінансаваньне знаходзіць удаецца. Нядаўна былі разьмешчаныя эўрааблігацыі. На рынкавых умовах, асноўныя інвэстары — з ЗША і Вялікай Брытаніі. Але пытаньне ў стаўках, там было пад 6% гадавых. А хацелася б крэдытавацца таньней, калі ў сьвеце нізкія стаўкі. Такія крэдыты даюць МВФ, Сусьветны банк — гэтыя арганізацыі актыўна цяпер крэдытуюць. Там няма палітычных патрабаваньняў, адна просьба — выконваць рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя, але Беларусь нават на такія ўмовы не ідзе», — кажа Вадзім Іосуб.

Крэдытаваць Беларусь можа і Расея. Але, паводле Вадзіма Іосуба, у гэтым выпадку патрэбныя інтэграцыйныя саступкі з боку Беларусі.

«Са звыклым саюзьнікам усё зразумела, усе пытаньні цаны на нафту, газ і крэдыты ўвязваюцца з больш шчыльнай інтэграцыяй», — адзначае Вадзім Іосуб.

У цяперашняй эканамічнай сытуацыі Аляксандар Лукашэнка ўжо анансаваў павышэньне пэнсій, а таксама заробкаў настаўнікам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG