Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сельская гаспадарка Беларусі ў пандэмію зарабіла 418 мільёнаў рублёў. Глядзім, як гэта атрымалася


Ілюстрацыйнае фота

Прамысловасьць за першыя 5 месяцаў 2020 году сышла ў мінус, а сельская гаспадарка дэманструе рост. Экспарт вырас на 5,6%, а ў Эўразьвяз — на 48,3%. Свабода разабралася, як гэта атрымалася.

Адкуль рост па экспарце

418 мільёнаў рублёў за першыя 5 месяцаў гэтага году зарабіла сельская гаспадарка Беларусі. Гэта на 38 мільёнаў больш, чым летась за такі ж пэрыяд. Для параўнаньня, арганізацыі прамысловасьці спрацавалі са стратамі на 191 мільён рублёў, падлічвае Белстат.

Вырас і экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі — на 5,6%. Прычым найбольшы рост па экспарце — у краіны Амэрыкі і Карыбскага басэйну (40,9%) і ў краіны ЭЗ (48,3%), паведамляе Міністэрства сельскай гаспадаркі.

Але калі глядзець па асобнай стратэгічнай для Беларусі экспартнай прадукцыі, то асноўным пакупніком застаецца Расея. Напрыклад, за 5 месяцаў гэтага году Беларусь прадала ў Расею вяршкоў і малака на 64,5 мільёна даляраў. А ў ЗША — толькі на 4 тысячы даляраў. А летась за такі ж пэрыяд малако і вяршкі ў ЗША не прадавалі наогул. Адсюль і вялікі рост у адсотках.

У ЭЗ малако і вяршкі сёлета зусім не прадавалі. Сьвініну і ялавічыну не прадавалі ні ў ЭЗ, ні ў ЗША.

За 5 месяцаў Беларусь прадала масла ў Расею на 119 мільёнаў даляраў, а ў ЭЗ — на 4 тысячы даляраў. Мяса птушкі ў Расею прадалі на 64 мільёны даляраў. У ЭЗ і ЗША не прадалі наогул.

14,6 мільярда даўгоў

Сумарная запазычанасьць усіх арганізацый сельскай гаспадаркі — 14,6 мільярда рублёў. Зь іх 8,8 мільярда — гэта крэдыты. Астатняе — запазычанасьць па падатках, паліве і перад фондам сацыяльнай абароны.

Цяпер у сельскай гаспадарцы 814 арганізацый стратныя. Гэта 62,1% ад усіх сельскагаспадарчых арганізацый. Яшчэ 138 гаспадарак стратныя нават пры ўмове атрыманьня дзяржпадтрымкі. Атрымліваецца, дзьве траціны арганізацый у сельскай гаспадарцы не прыносяць прыбытку.

«Нягледзячы на рост экспарту, сфэра ў крызісе»

Паводле былога дарадцы міністра сельскай гаспадаркі Казіміра Раманоўскага, эканоміка сельскай гаспадарцы далёка ня ў плюсе.

«Сёньня кажуць, што мы пастаўляем прадукцыю ў 90 краін, у тым ліку ў ЗША, Канаду, ЭЗ, Кітай. Але колькі? Калі ўзяць статыстыку па канкрэтных таварах, то атрымаецца, што гэтыя, напрыклад, 1500 тон ялавічыны, пастаўленых у Кітай, — гэта нічога, ці калі мы 20 тонаў масла паставілі ў Эміраты. Асноўны пакупнік — Расея», — тлумачыць Казімір Раманоўскі.

На думку экспэрта, харчаваньня на сучасным рынку дастаткова, але ў краін не хапае грошай, каб яго набыць.

«Эканоміка сельскай гаспадаркі адчувае сябе кепска. Рэнтабэльнасьць ня вырасла. Вырасьлі даўгі. За кошт бюджэту мы датуем свой экспарт», — падсумоўвае Казімір Раманоўскі.

Рэнтабэльнасьць продажаў у сельскай гаспадарцы без уліку дзяржаўнай падтрымкі — усяго 2,2%, зь дзяржпадтрымкай — 5,5%. То бок за кошт дзяржаўных датацый рэнтабэльнасьць вырастае ўдвая.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG