Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў раніцай 15 ліпеня аб пачатку крымінальнай справы паводле арт. 342 КК — «арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».
Сьледчыя ля плошчы Перамогі ў Менску, 15 ліпеня
Паводле гэтага артыкулу раней распачалі «справу Ціханоўскага», фігуранты якой прызнаныя палітычнымі зьняволенымі. Супраць каго новая справа, не паведамляюць.
Артыкул 342 КК прадугледжвае пакараньне штрафам, арыштам, абмежаваньнем або пазбаўленьнем волі на тэрмін да трох гадоў. Частка 2 артыкулу прадугледжвае асобнае пакараньне за рыхтаваньне асобаў да ўдзелу ў парушэньні парадку, фінансаваньне ды іншае матэрыяльнае забесьпячэньне гэтых дзеяньняў — арышт або пазбаўленьне волі да двух гадоў.
Сьледчы камітэт сьцьвярджае, што цяпер праводзіць «неадкладныя дзеяньні» разам з супрацоўнікамі органаў унутраных справаў і Дзяржаўным камітэтам службовых экспэртызаў. Асобы, «датычныя да проціпраўнай дзейнасьці», затрыманыя.
«Усе відэаматэрыялы, разьмешчаныя ў інтэрнэце, далучаныя да матэрыялаў крымінальнай справы і ў цяперашні момант вывучаюцца сьледчымі», — дадае СК.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
У Беларусі за вечар 14 ліпеня затрымалі звыш 250 чалавек, сёньня чакаюцца судыПра якія незаконныя дзеяньні ідзецца, СК не ўдакладняе. Але, верагодна, маюцца на ўвазе падзеі вечара 14 ліпеня, калі ў Менску і мностве іншых гарадоў Беларусі (у тым ліку ў Гомлі, Берасьці, Горадні, Бабруйску, Салігорску, Стоўбцах, Пружанах) людзі выйшлі на вуліцы пасьля адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы. Праваабаронцы налічылі звыш 250 затрыманых (у тым ліку 14 журналістаў) падчас пратэстаў 14 ліпеня ў розных гарадах Беларусі.
Ніхто з патэнцыйных кандыдатаў (або іншых палітыкаў) не заклікаў да акцыі пратэсту публічна. Людзі выходзілі без плякатаў і транспарантаў, зьбіраліся ў розных месцах гарадоў, выгукалі лёзунгі і пляскалі ў далоні.
Адбыліся масавыя затрыманьні, некаторых затрыманых зьбівалі супрацоўнікі АМАП і «людзі ў цывільным». Асобныя людзі спрабавалі адбіць затрыманых. Сьведкі паведамлялі пра сутычкі дэманстрантаў з АМАПам у раёне плошчы Перамогі, дзе затрыманьнямі кіраваў камандзір сталічнага АМАПу Дзьмітры Балаба. Паведамлялі пра надзвычай жорсткае затрыманьне і абыходжаньне з затрыманымі ў аўтазаках.
Паводле МУС, вечарам 14 ліпеня шэсьць супрацоўнікаў АМАП атрымалі траўмы, зь іх чатырох шпіталізавалі.