Блогера «Шэрага катá» таксама зрабілі фігурантам крымінальнай справы за «грубае парушэньне парадку»

Зьміцер Казлоў, вядомы як Шэры Кот, архіўнае фота

Жыхар Барані Зьміцер Казлоў, які вядзе Youtube-канал «Серый кот» з 18,6 тысячы падпісантаў, таксама стаў фігурантам крымінальнай справы паводле артыкулу 342 КК («арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

УЖЫВУЮ. Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Пра гэта Казлоў паведаміў у лісьце праваабаронцу Паўлу Левіну, піша «Вясна». 10 чэрвеня Казлова затрымалі разам з актывістамі «Эўрапейскай Беларусі» Арцёмам Чарняком і Міхаілам Бандарэнкам, на наступны дзень яго асудзілі на 20 дзён арышту. 30 чэрвеня Казлоў меў выйсьці на волю, але застаўся за кратамі — у ізалятары на 1-м завулку Акрэсьціна ў Менску.

За якія дзеяньні на Казлова распачалі крымінальную справу, невядома. Але паводле таго ж артыкулу (ды за розныя дзеяньні ў час выбарчай кампаніі) ў Беларусі ўжо знаходзяцца пад вартай яшчэ 16 чалавек, зь якіх 13 ужо прызналі палітычнымі зьняволенымі.

Перасьледуюць паводле арт.342 КК РБ наступных:

  • Аляксандр Арановіч,
  • Васіль Баброўскі,
  • Аляксандр Кабанаў,
  • Уладзімер Кніга,
  • Ігар Лосік,
  • Уладзімер Навумік,
  • Андрэй Новікаў,
  • Уладзімер Няронскі,
  • Сяргей Пятрухін,
  • Яўген Разнічэнка,
  • Арцём Сакаў,
  • Мікалай Статкевіч,
  • Вяргілій Ушак,
  • Зьміцер Фурманаў,
  • Сяргей Ціханоўскі,
  • Уладзімер Цыгановіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Amnesty International прызнала вязьнямі сумленьня Бабарыкаў, Ціханоўскага і іх арыштаваных паплечнікаў 
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка «даў сыгнал зь Ціханоўскім». Ці гэта законна, разьбіраемся з экспэртамі

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.