Прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі Валер Цапкала ў інтэрвію расейскаму агенцтву РИА Новости асудзіў затрыманьне свайго канкурэнта на выбарах Віктара Бабарыкі і заклікаў беларускія ўлады да «сумленнай гульні».
На пытаньне, ці можна разглядаць як пасьлядоўныя зьвёны аднаго ланцуга затрыманьні блогера Сяргея Ціханоўскага і Віктара Бабарыкі, Цапкала сказаў, што «прынамсі, гэта выглядае так».
«Падобна да таго, што ў вачах большай часткі насельніцтва Беларусі гэта выглядае як зьвёны аднаго ланцуга», — сказаў Цапкала.
«Мы асуджаем затрыманьне (Віктара Бабарыкі. — РС)», — сказаў Цапкала і дадаў, што такая ацэнка падзей выцякае зь ягонай «прынцыповай пазыцыі ў пытаньнях так званых эканамічных злачынстваў», якой ён прытрымліваўся і раней, яшчэ на пасадзе кіраўніка адміністрацыі ПВТ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Называць замежныя апэрацыі вывадам грошай — абсурд». Што ня так з абвінавачаньнямі Бабарыку, якія паказалі ў тэлевізііНа думку Цапкалы, калі ў праваахоўнікаў ёсьць пытаньне да чалавека ў падатковай або фінансавай сфэры, трэба старанна прааналізаваць сытуацыю, перш чым садзіць яго ў турму.
Паводле Цапкалы, паколькі Віктар Бабарыка відавочна не ўяўляе ніякай пагрозы для грамадзтва, нікуды не ўцячэ, «хай працягвае займацца той дзейнасьцю, якой займаецца, і дае паказаньні, у прысутнасьці адвакатаў». А калі дзяржаве дзейнасьць бізнэсоўца нанесла нейкую шкоду, «дзяржава сваё заўсёды возьме». «Я прыхільнік таго, каб усе пытаньні эканамічнага характару вырашаліся спакойна, за сталом перамоваў», — сказаў Цапкала.
Камэнтуючы абставіны затрыманьня Віктара Бабарыкі і нядопуск да яго адвакатаў 18 чэрвеня, Цапкала заўважыў, што яму «вельмі хочацца, каб паводзіны праваахоўных органаў даказвалі, што мы жывём у 21 стагодзьдзі, у цывілізаванай, сучаснай эўрапейскай краіне».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Кіраўнік замежнай палітыкі Эўразьвязу заклікаў Менск вызваліць Бабарыку