Кампанія назіраньня «Права выбару» выступіла з заявай з нагоды затрыманьня блогера Сяргея Ціханоўскага, а таксама іншых чальцоў ініцыятыўных групаў прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Сьвятлана Ціханоўская напісала адкрыты ліст пра затрыманьне мужа і сюжэты БТ«Патрабуем неадкладнага вызваленьня Сяргея Ціханоўскага і іншых затрыманых. Патрабуем пакараць усіх вінаватых у арганізацыі правакацыі, скіраванай супраць Сяргея і яго паплечнікаў 29 траўня ў Горадні. Патрабуем спыніць вал рэпрэсій і правакацый. Патрабуем забясьпечыць роўныя магчымасьці для правядзеньня выбарчай кампаніі ўсіх прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта», — гаворыцца ў заяве, да якой прыкладзены падпісны блянк з патрабаваньнем вызваліць актывістаў.
29 траўня ў Горадні на пікеце для збору подпісаў у падтрымку прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай затрымалі яе мужа, кіраўніка ініцыятыўнай групы Сяргея Ціханоўскага. 30 і 31 траўня былі затрыманыя палітык Мікола Статкевіч і дзясяткі іншых чальцоў ініцыятыўных групаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Беларускія праваабаронцы абвясьцілі Сяргея Ціханоўскага палітычным зьняволеным«Гэтыя затрыманьні зьяўляюцца грубым парушэньнем канстытуцыйных правоў удзельнічаць у выбарчай кампаніі, ціскам на каманды незалежных прэтэндэнтаў. Мы асабліва падкрэсьліваем той факт, што праз папярэдні адміністрацыйны арышт Сяргей Ціханоўскі быў пазбаўлены магчымасьці рэалізацыі свайго законнага права зарэгістраваць ініцыятыўную групу для вылучэньня кандыдатам у прэзыдэнты», — гаворыцца ў заяве.
Бесьперапынны ціск на сябраў ініцыятыўных групаў падчас збору подпісаў ёсьць найгрубейшым парушэньнем права на свабодныя справядлівыя выбары, кампрамэтуе краіну ў вачах міжнароднай супольнасьці і пазбаўляе народ Беларусі права выбіраць уладу, падсумоўваюць удзельнікі «Права выбару».