Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павал Севярынец ня будзе ўдзельнічаць у прызначаных на 9 жніўня выбарах прэзыдэнта Беларусі і падтрымліваць палітыкаў ад апазыцыйных партый і структур, якія вылучаюць свае кандыдатуры.
«Ніякіх выбараў няма, — заявіў Павал Севярынец у камэнтары БелаПАН. — У гэтым годзе накладваецца яшчэ і пандэмія каранавірусу. А Лукашэнка практычна на піку гэтай пандэміі, калі па ўсёй Беларусі перапоўненыя бальніцы, людзі паміраюць, зьбіраецца правесьці парад і, верагодна, аб’явіць на ім аб тым, што ідзе на наступны тэрмін. Гэта проста дэманічная карціна. Нават проста як вернік я ў гэтым удзельнічаць не магу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Будзе няпроста». Як апанэнты Лукашэнкі рыхтуюцца да выбараўСустаршыня БХД заявіў, што будзе працаваць дзеля таго, каб беларусы пайшлі на акт «грамадзянскага непадпарадкаваньня» у сувязі зь дзеяньнямі ўладаў на фоне пандэміі COVID-19:
«Грамадзянская непадпарадкаваньне — вось, што павінна быць. Каб людзі не хадзілі на гэтыя парады, канцэрты, не хадзілі на гэтыя дэманічныя спэктаклі накшталт „выбараў у чумным бараку“. Таму няўдзел, эканамічны байкот і падрыхтоўка да нацыянальнага страйку, які пройдзе, калі скончыцца гэтая пандэмія. Пасьля — масавыя пратэсты, а злачынцаў — пад суд», — заявіў Севярынец.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Хто яшчэ хоча быць прэзыдэнтам Беларусі. СьпісПавал Севярынец быў адным з удзельнікаў апазцыйных праймэрыз — кампаніі па вылучэньні адзінага кандыдата ад правацэнтрысцкіх сілаў, у якой удзельнічала 5 палітыкаў. Аднак 16 сакавіка ён спыніў свой удзел у кампаніі, заявіўшы, што прычыны гэтаму дзьве: пандэмія каранавірусу і «масавае галасаваньне райвыканкамаў». Ён казаў, што прапаноўваў іншым удзельнікам праймэрыз спыніць галасаваньне ў рэгіёнах у сувязі з каранавірусам і казаў пра неабходнасьць рэагаваць на ўдзел прадстаўнікоў улады і праўладных арганізацый у галасаваньні, аднак «ні адна з прапановаў не знайшла падтрымкі».
Пазьней іншыя ўдзельнікі праймэрыз адмовіліся ад паездак па рэгіёнах, правялі інтэрнэт-апытаньне па трох кандыдатурах ад апазыцыі.