Ад каранавірусу памерлі 1383 чалавекі. Экспэрты дапускаюць заражэньне ім 2/3 насельніцтва Зямлі

У шпіталі горада Ўхань, адкуль пачаўся распаўсюд каранавірусу. Кітай, 13 лютага 2020 году

За апошнія суткі ў кітайскай правінцыі Хубэй выявілі 4 823 новыя выпадкі заражэньня каранавірусам COVID-19 (зь іх 3 910 ва Ўхані), за гэты час памерлі 116 чалавек, паведамляе Рэгіянальная камісія аховы здароўя.

Як паведамляе Дзяржаўны камітэт гігіены і здароўя КНР, агулам у Кітаі новым каранавірусам заразіліся звыш 63,8 тысячы чалавек, памерлі 1380, паправіліся 6723 чалавекі. Больш за 10 тысяч хворых цяпер знаходзяцца ў цяжкім стане, яшчэ ў 177 тысяч чалавек падазраюць каранавірус.

Па ўсім сьвеце захварэлі больш за 64,4 тысячы чалавек, памерлі 1383 чалавекі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Замкнёнае кола». Падарожнікі зь Беларусі ня могуць выехаць з Кітаю з прычыны каранавірусу

Паводле экспэрта Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя вірусоляга Айра Ланджыні, калі не спыніць эпідэмію, новым каранавірусам могуць заразіцца дзьве траціны насельніцтва Зямлі, піша Bloomberg. Экспэрт зыходзіць з дадзеных, згодна зь якімі кожны заражаны вірусам чалавек перадае інфэкцыю двум-тром іншым людзям.

Запаволіць распаўсюд каранавірусу можа карантын. Аднак, адзначае Ланджыні, каранавірус мог распаўсюдзіцца ня толькі ў Кітаі, але і за межамі краіны, перш чым улады КНР увялі неабходныя захады. Адсачыць распаўсюд каранавірусу цяжка, бо няма тэстаў, якія б дазволілі хутка выявіць захворваньне, а ў некаторых інфікаваных яно працякае параўнальна лёгка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці памруць ад каранавірусу 50 мільёнаў чалавек?

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ