Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Каб прадухіліць паніку». У Бабруйску пачалі шыць чатырохслойныя маскі супраць каранавірусу


Ілюстрацыйнае фота. Пасажыры ў масках у менскім аэрапорце

Чатырохслойныя марлевыя павязкі пачалі вырабляць на швейным прадпрыемстве «Славянка» ў Бабруйску «ў сувязі з абвастрэньнем сытуацыі вакол новага каранавірусу», расказаў БелТА дырэктар прадпрымества Тэймураз Бачарышвілі.

«Гэта трэба для таго, каб забясьпечыць жыхароў Беларусі сродкамі індывідуальнай абароны і прадухіліць паніку ў грамадзтве», — сказаў Бачарышвілі. Паводле яго, ужо выраблена каля 62 тысяч павязак і столькі ж будзе адгружана 12 лютага.

Сёлета на павязкі дадалі яшчэ адзін ахоўны слой. Як адзначыў дырэктар, марлевыя павязкі маюць перавагі перад маскамі зь нятканых матэрыялаў: яны не выклікаюць алергіі, не траўмуюць скуру, яна не пацее, да таго ж маскі шматразовыя, таму больш экалягічныя.

Пасьля пачатку эпідэміі новага каранавірусу ў Кітаі беларусы пачалі масава скупляць мэдыцынскія ахоўныя маскі. Павышаны попыт на іх пачаўся 29 студзеня. Як паведамілі Свабодзе, на аптэчных аптовых складах запасаў мэдыцынскіх масак амаль не засталося. У некалькіх менскіх аптэках маскі скончыліся, фармацэўты казалі, што прыходзілі людзі і скуплялі рэшткі. Але ў бальшыні сталічных аптэк маскі ў продажы ёсьць.

У Міністэрстве аховы здароўя Беларусі заявілі, што кантралююць наяўнасьць у аптэках мэдыцынскіх масак і што цяпер беларускія кампаніі выпускаюць больш за 100 тысяч масак за дзень.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

25 новых адказаў пра каранавірус ад Сусьветнай арганізацыі здароўя, мэдычных аўтарытэтаў і з найлепшай практыкі

Пашырэньне каранавірусу ў сьвеце. Гадзіна за гадзінай

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG