Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы пачалі скупляць мэдычныя маскі. Ці могуць яны абараніць ад каранавірусу?


Адразу ў некалькіх менскіх аптэках Свабодзе сказалі, што беларусы пачалі масава скупляць мэдычныя маскі. На аптэчных аптовых складах запасаў мэдычных масак амаль не засталося. Аднак адказныя асобы запэўніваюць: дэфіцыту масак няма.

Беларускія вытворцы мэдычных вырабаў запэўніваюць, што дэфіцыту масак ня будзе. Аднак у менскіх аптэках людзі пачалі іх раскупляць.

Падвышаны попыт на маскі пачаўся 29 студзеня. У некалькіх менскіх аптэках маскі скончыліся, фармацэўты казалі, што прыходзілі людзі і скуплялі рэшткі. Але ў бальшыні сталічных аптэк маскі ў продажы ёсьць.

Намесьніца генэральнага дырэктара РУП «Белфармацыя» Алена Ганчарова паведаміла Свабодзе, што пакуль дэфіцыту масак няма.

«Мы закупляем маскі, на патрабаваньні аптэк апэратыўна пастаўляем. Пакуль падставы для занепакоенасьці дакладна няма», — кажа Алена Ганчарова.

Маскі вырабляюцца на кітайскім абсталяваньні, з кітайскіх матэрыялаў

У Беларусі некалькі вытворцаў мэдычных масак: «Фарма маркет», «Уніксфарм», «Спанэўрамэд». У аптэках таксама прадаюцца эстонскія маскі вытворчасьці «Forans Eesti AS».

Кошты розныя: ад 6 да 58 капеек за штуку.

Дырэктар аднаго з прадпрыемстваў, дзе вырабляюць мэдычныя маскі, паведаміў, што дэфіцыту масак у Беларусі ня будзе, бо толькі адно ААТ «Фарма-маркет» вырабляе 30 тысяч масак у дзень.

«Я мяркую, што дэфіцыту масак у Беларусі ня будзе. Не перажывайце, бяз масак беларусы не застануцца. Калі попыт павялічыцца, можам пашырыць вытворчасьць, — сказаў суразмоўца. — Мы хочам купіць у нашых кітайскіх партнэраў яшчэ адзін станок, які дазволіць павялічыць вытворчасьць масак удвая. Але ў іх працягнулі вакацыі да 12 лютага ў сувязі з каранавірусам, таму давядзецца пачакаць».

Маскі вырабляюць зь нятканых матэрыялаў (спанбонду, мэлтблаўн-спанбонду, іншых), у асноўным расейскай і кітайскай вытворчасьці.

Пасажыру рэйсу зь Пекіну ў менскім аэрапорце
Пасажыру рэйсу зь Пекіну ў менскім аэрапорце

Абсталяваньне, на якім вырабляюць маскі, кітайскае, гумка кітайская, насавая перагародка таксама кітайская, і толькі матэрыял беларускія вытворцы мэдычных масак купляюць у Расеі.

На аптэчных аптовых складах запасаў мэдычных масак амаль не засталося

Прадстаўнік ААТ «Спанэўрамэд» сказаў Свабодзе, што ў вытворцаў днямі забралі істотную частку запасаў прадукцыі на экспарт, у тым ліку для гуманітарнай дапамогі, якую 29 студзеня накіравалі ў Кітай.

«У вытворцаў і аптавікоў сапраўды цяпер засталося няшмат масак — толькі таму, што вялікія аб’ёмы пайшлі на экспарт. Мы цяпер спрабуем наладзіць вытворчасьць у тры зьмены, каб задаволіць попыт, выканаць усе заяўкі. Сыравіны хапае. Супакойце людзей, бяз масак беларусы не застануцца», — сказаў прадстаўнік «Спанэўрамэду».

Ад чаго засьцерагае маска

Мэдыкі даволі скептычна ставяцца да выкарыстаньня звычайных масак.

«Стандартныя хірургічныя маскі, якія прадаюцца ў аптэках, ня могуць быць эфэктыўным сродкам абароны ад вірусаў ці бактэрый, якія перадаюцца паветрана-кропельным шляхам. Яны ня здольныя ўтрымаць вірус. Да таго ж вірусы трапляюць на рукі, якімі людзі дакранаюцца да твару, калі здымаюць і надзяюць маскі», — сказаў Свабодзе лекар-эпідэміёляг, які папрасіў не называць сваё імя.

Аднак маскі, паводле спэцыяліста, усё ж такі зьніжаюць рызыку паветрана-кропельнага і бытавога заражэньня. Пры ўмове, што іх мяняюць кожныя 2 гадзіны, бо яны намакаюць і не абараняюць.

«Трэба памятаць, што маскі аднаразовыя — няма сэнсу іх мыць ці прасаваць. Аднак каб абараніць ад вірусу, яны павінны быць з адмысловым фільтрам, шчыльна прылягаць да твару. Самыя эфэктыўныя — адмысловыя рэсьпіратары зь фільтрамі да 100 нанамэтраў, але такіх у продажы няма», — сказаў Свабодзе лекар-эпідэміёляг.

Дырэктар Цэнтру экспэртыз і выпрабаваньняў у ахове здароўя Сяргей Марчанка лічыць, што маска — гэта толькі дадатковы сродак перасьцярогі.

«Калі вы ідзяце па пустой вуліцы, то верагоднасьць таго, што на вас трапіць часьціца, заражаная вірусам, мінімальная. Што тычыцца месцаў масавага збору людзей, то лягічней надзяваць маску, але ў беларускіх рэаліях больш для таго, каб засьцерагчы сябе ад вірусу грыпу», — мяркуе спадар Марчанка.

Цэлы дзень хадзіць у адной масцы нельга, яе трэба мяняць кожныя 2 гадзіны, нагадвае Цэнтар экспэртыз і выпрабаваньняў.

«Інакш падае эфэктыўнасьць вашага дыханьня. А калі ў вас ёсьць вірус, то вы перашкаджаеце нармальнаму паветраабмену, паколькі маска назапашвае вільгаць, сятчастыя матэрыялы, зь якіх яна выраблена, закупорваюцца», — кажа Сяргей Марчанка.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году. Спачатку паведамлялі, што ва Ўхані была зарэгістраваная ўспышка пнэўманіі, аднак мэдыкі высьветлілі, што прычынай хваробы стаў раней невядомы від каранавірусу.
  • Афіцыйнай назвай новага каранавірусу з Кітаю стала COVID19 (Corona Virus Disease).

  • 11 студзеня ў Кітаі зафіксавалі першую сьмерць ад хваробы. Кітайскія ўлады прызналі, што вірус можа перадавацца ад чалавека да чалавека, прычым нават падчас інкубацыйнага пэрыяду.
  • Выпадкі заражэньня каранавірусам па-за межамі Кітаю зафіксавалі ў 27 краінах.
  • Улады Кітаю закрылі ўезд і выезд з 10 гарадоў.
  • Па стане на раніцу 14 лютага, ад новага вірусу па ўсім сьвеце памерлі ўжо 1383 чалавек, афіцыйна пацьвердзілі больш за 64,4 тысячы выпадкаў заражэньня вірусам. За распаўсюдам вірусу можна сачыць тут (дадзеныя абнаўляюцца штодзённа).
  • Сусьветная арганізацыя аховы здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, і ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса. Паводле адной з вэрсій, вірус мог перадацца людзям пасьля ўжываньня якога-небудзь зь мясных або морапрадуктаў з рынку ва Ўхані.​
  • Распаўсюджваньне вірусу з Ухані параўноўваюць з другой успышкай каранавірусу ў Кітаі — SARS-CoV або атыповай пнэўманіі — у 2002-2003 гадах. Тады памерлі каля 800 хворых.
  • Улады Кітаю 24 студзеня заявілі, што самая першая пацыентка з новым каранавірусам выздаравела і выпісаная зь лякарні. 56-гадовая жанчына адчула сябе блага 10 студзеня, была шпіталізаваная 15-га.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Аляксандар Лукашэнка казаў, што беларусам наконт каранавірусу хвалявацца ня варта: «Мыйце рукі, менш абдымайцеся зь незнаёмымі людзьмі на вуліцы, усё астатняе — за Міністэрствам здароўя». Беларускія мэдыкі ж давалі больш дэталёвыя рэкамэндацыі.
  • У сувязі з распаўсюдам каранавірусу ў аэрапортах Беларусі, а таксама іншых краінаў узмацнілі захады бясьпекі: з дапамогай спэцыяльных рамак і іншых прыбораў вымяраюць тэмпэратуру людзей, якія ляцяць з Кітаю і іншых краінаў «групы рызыкі».
  • Вядзецца санітарны кантроль на ўсіх памежных пунктах пропуску ў Беларусь, у тым ліку з дапамогай цеплавізійнага абсталяваньня. Лябараторныя сродкі для выяўленьня 2019-nCoV ужо даставілі ў краіну.
  • Міністэрства аховы здароўя, а таксама міністэрства спорту і турызму параілі беларусам ня езьдзіць у Кітай.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя на многія іншыя рэсьпіратарныя захворваньні, неабходны дадатковы скрынінг.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG