Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Як быццам усе вымерлі». Беларускі музыка, які 15 гадоў жыве ў Кітаі, пра эпідэмію каранавірусу


Ілюстрацыйнае фота. На вуліцы горада Ухань 28 студзеня 2020 году
Ілюстрацыйнае фота. На вуліцы горада Ухань 28 студзеня 2020 году

Гітарыст першага складу рок-гурту «Крама» Ільля Шэўчык, які апошнія 15 гадоў жыве і працуе ў Кітаі, расказаў Свабодзе, што адбываецца ў ягоным горадзе ў зьвязку з эпідэміяй каранавірусу.

Бестэрміновая творчая паўза

Упершыню Ільля Шэўчык трапіў у Кітай задоўга да таго, як Аляксандар Лукашэнка абвясьціў гэтую краіну стратэгічным партнэрам. Яшчэ ў 2003 годзе са сваім праектам Mojo Blues, арганізаваным разам з ударнікам «Крамы» Сяргеем Кнышом і гітарыстам «Сузор’я» Аляксеем Казлоўскім, адпрацавалі там тры месяцы.

А ўжо пад канец 2004-га вярнуўся туды самастойна. Ажаніўся з кітаянкай. Спачатку жылі ў шумным мэгаполісе Гуанчжоў, а пасьля пасяліліся ў невялікім па кітайскіх мерках 300-тысячным гарадку Янгшуо побач з Гуйлінем, які недалёка ад адміністрацыйнай мяжы з Ганконгам. Гэта вядомы турыстычны цэнтар, на купюры ў 20 юаняў намаляваны мясцовы пэйзаж.

Неўзабаве закантактаваў з прафэсійнымі артыстамі, пачаў выступаць у музычных шоў на тэлевізіі і ў клюбах. Хутка прыйшло прызнаньне: яго пачалі запрашаць на забаўляльныя імпрэзы, запісы тэлеканцэртаў. За прамінулыя гады аб’ехаў практычна ўсю краіну. Свабодна валодае агульнакітайскай (так званы «мандарын»), а сьпявае яшчэ і па-кантонску — на гэтай мове размаўляюць у паўднёвых правінцыях.

Людзям не да забаваў

Работнік у ахоўным касьцюме вымярае тэмпэратуру на ўваходзе ў мэтро ў Пэкіне
Работнік у ахоўным касьцюме вымярае тэмпэратуру на ўваходзе ў мэтро ў Пэкіне

Але апошні тыдзень творчая дзейнасьць пастаўленая на паўзу — праз эпідэмію каранавірусу.

«Натуральна, што тычыцца клюбаў, рэстаранаў, бараў — усё зачынена, людзям цяпер не да забаваў, — канстатуе прафэсійны музыка. — І такая сытуацыя па ўсім Кітаі, ня толькі ў нейкіх асобных месцах. Таму страты нясуць усе — і ўстановы, і артысты».

У Гуйліне сытуацыя яшчэ ня самая горшая: паводле афіцыйных зьвестак, тут паўтара дзясятка хворых з агульных заражаных 8 тысяч ва ўсім Кітаі. Як кажа Ільля, усе яны — турысты з Уханя (адміністрацыйны цэнтар правінцыі Хубэй), дзе абвясьцілі надзвычайнае становішча. Але пакуль што ніхто ня ведае, у які бок сытуацыя будзе разьвівацца — або стабілізуецца, або пачнецца распаўсюд хваробы.

Ільля Шэўчык у масцы
Ільля Шэўчык у масцы

«Трэба сказаць, што асаблівай панікі няма, усё досыць спакойна, — гаворыць Ільля Шэўчык. — Адзінае, што ў нас турыстычнае месца і звычайна падчас адзначэньня кітайскага Новага году народу на вуліцах проста безьліч. А цяпер наогул нікога няма, як быццам усе вымерлі. Сьвята сапсаванае ўшчэнт. Калі выглянуць у акно — рэдкая машына ці матацыкл праедзе, і ўсё. Мясцовыя сядзяць па дамах, а турысты не прыехалі — дакладней, сьпешна эвакуаваліся».

Ільля дадае, што яны з жонкай гэтаксама стараюцца лішні раз не пакідаць чатырох сьценаў — калі толькі папоўніць запасы харчоў.

А вось у суседнім Ганконгу недалёка да панікі. Мяжу з Кітаем улады закрылі, але тым самым перакрылі пастаўку прадуктаў — альтэрнатывы кітайскаму харчоваму імпарту няма. Тамтэйшыя сябры беларуса расказваюць, што з супэрмаркетаў у літаральным сэнсе зьмятаюць усё, паліцы стаяць пустыя.

Працуюць толькі мэдыкі

У шпіталі горада Ўхань, 26 студзеня 2020 году
У шпіталі горада Ўхань, 26 студзеня 2020 году

Дзейнасьць практычна ўсёй гарадзкой інфраструктуры, за выключэньнем мэдыцынскіх установаў, паралізаваная. А ў тых жа аптэках, паліклініках дэфіцыт масак, безь якіх кітайцы не выходзяць з дому нават у «мірны» час, а цяпер тым больш.

«Масак немагчыма купіць, — працягвае Ілья. — Мясцовыя і ў нармальны час ходзяць у іх, а ў першыя дні пасьля навінаў з Уханя — спрэс. Таму і дэфіцыт здарыўся.

Наогул амаль усё зачынена, за выключэньнем пару пунктаў фаст-фуду — McDonald’s, KFC. Ну і адзінкавыя крамы, але гэта недзе 1% ад звычайнай колькасьці. Для Кітая, дзе заўсёды маса людзей, гэта нешта несусьветнае. Штосьці падобнае было ў 2003 годзе, калі мы якраз сюды першы раз зьбіраліся, але цяперашнія маштабы нашмат большыя».

Ілюстрацыйнае фота. Чарга ў МакДональдс у Шанхаі, 24 студзеня 2020 году
Ілюстрацыйнае фота. Чарга ў МакДональдс у Шанхаі, 24 студзеня 2020 году

Сапсаваны Новы год

Каранавірус сапсаваў кітайцам адно з галоўных сьвятаў — Новы год, які сёлета адзначаўся 25 студзеня. Але дзякуючы сьвяточным канікулам, зьявілася магчымасьць перачакаць пік захворваньня ў сваіх дамах і кватэрах. А вось ці ўдасца лякалізаваць эпідэмію да 10 лютага, калі вакацыі павінны завяршыцца, застаецца пад пытаньнем.

«Як такога цэнтралізаванага загаду „сядзець і не высоўвацца“ не было, але ў гэтым выпадку ён і не патрэбен — усе самі разумеюць ступень рызыкі, — кажа Ільля. — Школы, унівэрсытэты закрытыя, бо Новы год, плянавыя вакацыі. Іншае пытаньне, калі ўсё зноў запрацуе. У нармальнай сытуацыі — праз 10 дзён, а цяпер ніхто ня ведае. Думаю, усё будзе закрыта, пакуль ня знойдуць вакцыну, ня спыняць рост захворваньняў і людзі не пачнуць рэальна папраўляцца. Карацей, усё ў падвешаным стане».

Правядзеньне дэзынфэкцыі ў Сэуле, 24 студзеня 2020 году
Правядзеньне дэзынфэкцыі ў Сэуле, 24 студзеня 2020 году

Ільля Шэўчык кажа, што напачатку ў яго закралася думка пра «эвакуацыю» на радзіму. Пакуль што зрабіць гэта рэальна: адрозна ад бальшыні авіякампаній, Air China свае рэйсы зь Менскам не згарнула. Аднак урэшце вырашыў дачакацца нармалізацыі сытуацыі.

Паводле апошніх зьвестак, колькасьць заражаных вірусам вырасла да 8 тысяч чалавек, прыкладна 170 хворых памерлі. Усе сьмяротныя выпадкі здарыліся ў Кітаі, аднак колькасьць краін, дзе зарэгістраваны вірус, расьце — цяпер у гэтым пераліку паўтара дзясятка. У прыватнасьці выпадкі заражэньня зафіксаваныя ў Віетнаме, Тайляндзе, Японіі, ЗША, Нямеччыне ды іншых.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG