Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Песьняры» сьпявалі па-расейску, і іх за гэта ніхто не пракляў, — гітарыст «Крамы» стаў зоркай у Кітаі


Ільля Шэўчык выступае перад кітайскай публікай

Музычная спадчына Ганконгу, рэзорт у Камбоджы і жонка-кітаянка — Ільля Шэўчык распавёў Радыё Свабода, як заваёўваў Паднябесную.

«Я свабодна валодаю паўночнакітайскай, а сьпяваю яшчэ і па-кантонску — гэта мова, на якой гавораць у Ганконгу і ў паўднёвых правінцыях Кітаю», — Ільля Шэўчык, адзін з пачынальнікаў культавага гурту «Крама», пра свае кітайскія будні артыста і шоўмэна.

У 1991 годзе на музычнай сцэне Беларусі паўстала каманда зь вялікімі амбіцыямі «Крама». Яе касьцяком сталі музыкі гурту «Рокіс»: Ігар Варашкевіч (вакал, гітара, губны гармонік), Сяргей Трухановіч (гітара), Ільля Шэўчык (гітара), Руслан Праўда (бас-гітара), Анатоль Горбач (бубны), Андрэй Белізяк (гукарэжысэр), Зьміцер Лукашук (тэксты).

Ужо на наступны год калектыў стаў пераможцам рок-фестывалю «Басовішча-1992» у Польшчы, а ў 1994-м хлопцы ўпэўнена абышлі канкурэнтаў на «Рок-каранацыі», узяўшы карону як найлепшы гурт. Тады ж музыкі занялі першае месца на маскоўскім рок-фэсьце «Пакаленьне-94», а Сяргей Трухановіч быў прызнаны найлепшым гітарыстам форуму.

Залатыя часы «Крамы»: Ільля Шэўчык — першы зьлева
Залатыя часы «Крамы»: Ільля Шэўчык — першы зьлева

Нягледзячы на канцэртную актыўнасьць і забойныя альбомы, склад калектыву пэрманэнтна зьмяняўся, асабліва што тычыцца месца за барабаннай устаноўкай. Музыкі шукалі рознае прымяненьне сваім здольнасьцям, у тым ліку за мяжой. Зьехаў у Бэльгію Анатоль Горбач, яшчэ далей закінуў лёс Ільлю Шэўчыка — у Кітай. За нядаўнім канцэртам, прымеркаваным да 25-годзьдзя гурту, сачылі праз анлайн-трансьляцыю.

«Прыехаў са 100 далярамі і зь верай, што ўсё будзе добра. Так урэшце і атрымалася»

«Радасна было на сэрцы і на душы, — дзеліцца ўражаньнямі ад юбілейнага выступу „Крамы“ Ільля Шэўчык. — Вядома, вельмі хацелася б далучыцца, але абставіны так склаліся, што ніяк ня мог прыехаць — якраз рабіў новую візу, пашпарт быў у паліцыі. Тым ня менш, нічога з тае пары не забываецца, усё памятаю літаральна як учора. Прынамсі ўсе тыя 10 гадоў, якія аддаў улюбёнай справе. Але гэта ўжо гісторыя...»

Ільля Шэўчык у цэнтры зь Ігарам Варашкевічам
Ільля Шэўчык у цэнтры зь Ігарам Варашкевічам

Ільля Шэўчык прызнаецца, што даўно не размаўляў па-беларуску. У побыце працоўнай стала кітайская — балазе жонка кітаянка. У музычнай дзейнасьці дадаецца рэгіянальны дыялект і ангельская. Раз-пораз падчас скайп-сувязі ў беларускую ўкліньваюцца польскія словы — напамін пра бурныя 1990-я, калі гастрольную дзейнасьць у Польшчы сумяшчаў з перагонам аўтамабіляў.

На пачатку нулявых пачалася актыўная міграцыя музыкаў — сьвет станавіўся больш адкрытым, гарызонты магчымасьцяў істотна пашыраліся. Менавіта тады Ільля Шэўчык са сваім блюз-рокавым праектам Mojo Blues, арганізаваным разам з ударнікам «Крамы» Сяргеем Кнышом, выправіўся ў пробны тур па Кітаі:

З жонкай і хатнім гадаванцам
З жонкай і хатнім гадаванцам

«Першы раз з Mojo Blues мы паехалі ў Кітай у 2003 годзе. Пабылі там тры месяцы, прыкінулі, як той казаў, што да чаго, і вярнуліся дадому. А ўжо ад сьнежня 2004-га я тут стала, то бок сёлета акурат 12 гадоў. Дзеля справядлівасьці, калі толькі прыехалі з бэндам, усё было далёка ня так удала, як хацелася. Але ў мяне было ўнутранае адчуваньне, што тут можна працаваць. Менавіта таму праз год зноў вярнуўся. Па вялікім рахунку, прыехаў са 100 далярамі ў кішэні і зь верай, што ўсё будзе добра. Так яно ўрэшце і атрымалася (сьмяецца)».

Ільля кажа, што зь цягам часу давялося істотна адфільтраваць рэпэртуар, «наступіўшы на горла ўласнай песьні»: кітайцы і блюз апрыёры слаба сумяшчальныя, мудрагелістыя гітарныя «запілы» публіку асабліва не кранаюць:

Афіша з выявай Ільлі Шэўчыка
Афіша з выявай Ільлі Шэўчыка

«З Mojo Blues выконвалі і ўласныя кампазыцыі, і з рэпэртуару іншых гуртоў, рознае было. Аднак у Кітаі блюз — ня тая музыка, якая моцна папулярная. Таму паступова пачалі граць кавэры, нават папсу — усё, што патрабавала і разумела публіка. Зрэшты, тое быў толькі пачатак, найперш спроба зразумець адметнасьці рынку, агледзецца, як тут жыць, як працаваць».

Пра свой цывілізацыйны выбар музыка зусім не шкадуе. Наадварот, літаральна за дзясятак гадоў Кітай зрабіў шалёны скачок у сваім разьвіцьці, паказаўшы прыклад таго, як можна ўзьняцца з руінаў, калі гэтага вельмі захацець:

Гаворыць і паказвае кітайскае тэлебачаньне
Гаворыць і паказвае кітайскае тэлебачаньне

«Усё адбывалася на маіх вачах, быў сьведкам усіх працэсаў. За тыя 12 гадоў, што я тут, кітайцы рэальна дасягнулі вышыняў практычна ва ўсіх сфэрах. Найбольш уразіла, што, лічы, ад зямлянак, ад існаваньня без электрычнасьці і вады, Кітай стаў у адзін шэраг з краінамі самай разьвітай эканомікі. Сакрэт перадусім у працаздольнасьці: яны ўсё робяць вельмі хутка, у літаральным сэнсе не пакладаючы рук. Тэмпы будаўніцтва проста фантастычныя, я такога нідзе ня бачыў. Як вынік — зь беднай нацыі адразу пераступілі ў багатую, усяго за нейкае дзесяцігодзьдзе».

«Шлях адзін — прыняць іх культуру. Прыўносячы сваё, памятаць, што ты ў Кітаі»

Ілья Шэўчык гаворыць, што корміць яго выключна музычная дзейнасьць (хоць, як потым высьветлілася, паралельна ўсё ж спрабуе сілы ў розных бізнэс-праектах). А пакуль — крыху перадгісторыі станаўленьня на кітайскай сцэне:

«Мне, шчыра кажучы, пашанцавала: удалося трапіць на вялікае шоў, заля дзесьці на 2 тысячы чалавек. Перад асноўнай праграмай іграў блюз, кантры. Амаль год хадзіў як на працу. За той час закантактаваў з прафэсійнымі артыстамі першага-другога эшалёну, якія выступалі ў шоў. Гэта дазволіла глыбей пазнаць кітайскую культуру, вывучыў пэўную колькасьць кітайскіх песень. Што дапамагло ў далейшым разабрацца, якім шляхам рухацца. А шлях адзін — зразумець і прыняць іх культуру. Гэта значыць, прыўносячы нешта сваё, усё роўна памятаць, дзе ты знаходзісься, каб адаптаваць пад мясцовыя рэаліі. Бо гэта абсалютна іншая нацыя, іншыя мазгі, іншы сьветапогляд. І паступова я інтэграваўся ў іхны сьвет».

Інтэрнацыянал за заслонай
Інтэрнацыянал за заслонай

Прызнаньне да беларуса прыйшло дастаткова хутка: Ільлю Шэўчыка ўжо ў якасьці самастойнага артыста пачалі запрашаць на вялікія забаўляльныя шоў, на запіс тэлевізійных канцэртаў. За апошнія гадоў восем абʼехаў практычна ўвесь Кітай.

«Урэшце крыху стаміўся ад паездак. У асноўным я жыў у Гаунчжоў, гэта вялізны мэгаполіс, а цяпер у Гуйліні, недалёка ад Ганконгу. Паводле кітайскіх мерак невялікі гарадок, вельмі прыгожы, своеасаблівы ляндшафт, абсалютна непаўторныя горы. Гавораць, што шмат тысяч гадоў таму тут было мора, марское дно, а горы — выспы на ім. Абсалютна унікальнае месца, больш такога няма. Дык вось у Гуйліні ўладкаваўся ў клюб і зноў хаджу як на працу. Фактычна тое ж самае, што рабіў на вялікіх пляцоўках, толькі для меншай аўдыторыі. Спэцыфіка ў тым, што гэта турыстычнае месца, з усяго Кітаю сюды зьяжджаюцца адпачываць. Таму практычна кожны дзень новая публіка, адпаведна, новае шоў».

Кітайскае шоў беларуса
Кітайскае шоў беларуса

Цягам гэтых гадоў Ільлю Шэўчыку давялося супрацоўнічаць шмат зь якімі мясцовымі і прыежджымі музыкамі, але цяпер ён «унівэрсал-адзіночка»:

«Я працую адзін. Вядома, музыкаў навокал мноства: за гэтыя гады супрацоўнічаў і з кітайцамі, і з амэрыканцамі, з самымі рознымі жывымі бэндамі. Цяпер мне зручней аднаму, бо я ня толькі сьпявак, а ў пэўным сэнсе і шоўмэн. Зрэшты, шмат хто сёньня так працуе — зь мінусовай фанаграмай плюс жыўцом гітара і вакал».

Хоць Ільля дэманструе звыклую беларусам сьціпласьць і ня лічыць сябе зоркай тамтэйшага шоў-бізнэсу, тым ня менш самі кітайцы з падкрэсьленым піетэтам ставяцца да замежнікаў, якія арганічна ўпісаліся ў навакольны антураж:

На сцэне і фонам
На сцэне і фонам

«Пра зорку, безумоўна, занадта гучна сказана, хіба што зорка другога эшалёну, можна так сказаць (сьмяецца). Сапраўдныя зоркі зарабляюць такія грошы, што нікому і ня сьнілася. Разумееце, што я маю на ўвазе: цэняцца найперш тыя выканаўцы, чые песьні ўсе сьпяваюць, каго ўсе ведаюць, хто пастаянна на слыху. Натуральна, я да гэтага ўзроўню не дайшоў і ніколі не дайду — хоць бы таму, што я не кітаец. Для гэтага найперш трэба нарадзіцца кітайцам...»

«Падняў зь дзясятак песень на кантонскай мове. Цяпер асацыююць з гуртом Beyond»

Апроч выдатнай ангельскай, для штодзённага кантактаваньня Ільля Шэўчык вывучыў кітайскую, а для пашырэньня музычнага рэпэртуару засвоіў адзін з паўднёвых дыялектаў — на гэтай мове размаўляе Ганконг:

«Так, я вывучыў агульнакітайскую, так званы „мандарын“, гавару свабодна. А сьпяваю, апроч гэтага, яшчэ і па-кантонску — гэта мова, на якой гавораць у Ганконгу і ў паўднёвых правінцыях Кітаю. Ёсьць адзін гурт, які можна ў пэўным сэнсе параўнаць з „Крамай“ — гэта каманда з Ганконгу Beyond, вельмі папулярная ў 1980-90-я. Іх дагэтуль слухаюць, і стылем яны, паўтаруся, у нечым нагадваюць „Краму“. Я зь дзясятак песень гэтага гурту „падняў“, зноў жа на кантонскай мове, і мяне цяпер у Кітаі асацыююць якраз з Beyond, склаўся такі вось імідж. На самой справе мне блізкі гэты стыль, бо заўсёды падабаўся добры, якасны рок».

Праекцыя на вялікія экраны
Праекцыя на вялікія экраны

Пры гэтым у Ганконгу, які Ільля Шэўчык ускосна папулярызуе праз рэпэртуар Beyond, ніводнага разу ня быў — замінаюць візавыя барʼеры:

«Рэч у тым, што беларусам туды патрэбная віза — адрозна, напрыклад, ад расейцаў ці ўкраінцаў, якім дазволены бязьвізавы ўезд на 15 дзён. Папросту не было часу гэтым займацца, бо ўсё вымагае высілкаў. Як ні сьмешна, за 12 гадоў ніводнага разу там ня быў, хоць і жыву практычна на мяжы з Ганконгам, зусім побач».

Не магу не пацікавіцца ў Ільлі, што менавіта прычынілася да выхаду з «Крамы» фактычна на піку яе папулярнасьці? Чаму давялося шукаць варыянты працаўладкаваньня ажно да творчай міграцыі?

Творчы экспэрымэнт у фрык-шоў
Творчы экспэрымэнт у фрык-шоў

«У мяне стаўленьне да музыкі крыху іншае, яно прафэсійнае. Я марыў займацца творчасьцю, не сумяшчаць зь нечым іншым. У Беларусі, каб выжыць, даводзілася з Польшчы, Нямеччыны ганяць машыны, хоць насамрэч мэта была — зарабляць музыкай. Нашы погляды разышліся. Лічу, што памылка была зроблена ў 1994-м, калі мы перамаглі на „Пакаленьні“. Расейскі рынак быў адкрыты, заставалася падрыхтаваць расейскамоўную праграму. Я не лічу, як гавораць хлопцы, што нас бы ўзьненавідзелі прыхільнікі: „Песьняры“ таксама сьпявалі па-расейску, і іх за гэта ніхто не пракляў. А беларускі рынак настолькі маленькі, што немагчыма пражыць, займаючыся толькі музыкай, трэба рабіць нешта яшчэ. Таму хтосьці выкладае, хтосьці малюе. А мне хацелася працаваць на сцэне, зарабляць менавіта гэтым. І я сваю пазыцыю ня ўтойваў. Таму я ў Кітаі, таму такое нестандартнае рашэньне...»

А ці даводзілася сустракаць у Кітаі іншых беларусаў? Ільля кажа, што зь землякамі якраз праблема, затое няма недахопу ў расейцах і ўкраінцах, асабліва з пачаткам збройнага канфлікту на Данбасе. Хутчэй наадварот, з братамі-славянамі ўжо перабор:

З удзельнікамі «жывога» бэнду
З удзельнікамі «жывога» бэнду

«Беларусаў сустракаў, але зусім рэдка. Прыяжджалі танцавальныя калектывы — ведаю, што былі зь Менску, нейкім ветрам занесла нават з Баранавічаў. Зрэдку бываюць. Затое адчуваньне, што тут цяпер уся Ўкраіна, артысты ў тым ліку. Асабліва апошнія пару гадоў, як пачалася вайна. Кітайскія гарады літаральна навадніліся ўкраінцамі. Таму рынак, скажу так, стаў не зусім прывабны, бо перапоўнены прапановамі. Гэта ў дадатак да расейцаў, якіх і без таго традыцыйна шмат».

Суразмоўца гаворыць, што крызісныя зьявы апошніх гадоў Кітай таксама не абмінулі, таму шмат каму застаецца пастфактум успамінаць пра «тлустыя часы»:

«Крызіс па Кітаі таксама прайшоўся, хоць, можа, і не такім катком. Самы росквіт быў, мабыць, ад 2010-га да 2014 году, калі культура ўзьнялася і пайшла набіраць абароты. Цяпер усё паступова „зьдзьмулася“. Не ў такой ступені, як у іншых месцах, але, безумоўна, адчуваецца. У пляне прыбыткаў з той жа Беларусьсю ня буду нават параўноўваць, гэта проста не абмяркоўваецца. Дарэчы, расейскія бэнды ў вялікай колькасьці тут атабарыліся, бо нават з улікам крызісу працаваць нашмат выгадней».

На сваім камбаджыйскім курорце
На сваім камбаджыйскім курорце

«Купіў рэзорт на марскім узьбярэжжы. Але праз крызіс ён прыносіць адны страты»

Канцэртная дзейнасьць дазволіла Ільлю Шэўчыку ня толькі прыдбаць нерухомасьць, але паспрабаваць рэалізавацца ў іншых бізнэс-сфэрах. Нейкі час таму уклаўся ў забаўляльны клюб, а летась — у камбаджыйскі курорт. Праўда, наракае, што крызіс не дае выйсьці ў плюс:

«Кватэру набыў дастаткова даўно, а летась зьявілася шалёная ідэя заняцца бізнэсам у Камбоджы. Купіў невялікі рэзорт на марскім узьбярэжжы, які, на жаль, праз крызіс не прыносіць мне ніякіх прыбыткаў, адны страты (сьмяецца). Падобна, што якраз цяпер крызіс у самым разгары, ніхто ня робіць ніякіх прагнозаў. Крыху раней адкрываў у Кітаі клюб, таксама пацярпеў страты. Так што пакуль не асабліва клеіцца. Хоць і гавораць, што я бізнэсмэн па сваёй сутнасьці. Калі нават запытаеце ў Ігара Варашкевіча, ён скажа, што бізнэс-жылка ўва мне ёсьць. Можа, і так, але вялікага посьпеху пакуль не дасягнуў (сьмяецца)».

У нязьменнай кампаніі гітары
У нязьменнай кампаніі гітары

Наконт асабістага жыцьця Ільля нешматслоўны: жонка — кітянка, знаёмыя тры гады. Дзяцей пакуль не плянуюць.

Часта выбірацца на радзіму таксама не выпадае: апошні раз быў у Беларусі два гады таму, наступны прыезд плянуе на лета 2017-га:

«Усе, хто даўно ня быў у Беларусі, звычайна ўражаныя навабудамі, чысьцінёй у Менску. Ня буду выключэньнем... А што тычыцца сытуацыі з музыкантамі, то яна, здаецца, зусім нармальная. Кавэр-бэндаў, кажуць, разьвялося сотнямі, і ўсе пры гэтым працуюць, неяк выжываюць. У параўнаньні з нашымі часамі, лічу, стала лепш. Зразумела, усё гэта паверхневая ацэнка, бо просты народ як зарабляў капейкі, так і зарабляе. Але я акцэнтуюся на музыках, таму што сам музыкант».

Артыстычна-гітарныя па
Артыстычна-гітарныя па

Здольнасьці і статус Ільлі Шэўчыка у нядаўнім інтэрвію Свабодзе высока ацаніў лідэр «Крамы» Ігар Варашкевіч:

«Ільля — сапраўдная зорка ў Кітаі, зарабляе там добрыя грошы. Пра яго наогул асобная гісторыя. Паехаў з кавэр-бэндам, а потым і застаўся. У яго ад пачатку былі здольнасьці да моваў, ён вельмі добра ведаў ангельскую, вывучыў польскую і выступаў як „польскі блюзмэн“. А ўрэшце засвоіў кітайскую і цяпер сьпявае на адным з дыялектаў, чым прыводзіць публіку ў захапленьне. Ён там рэальная супэрзорка», — сказаў Ігар Варашкевіч напярэдадні юбілейнага канцэрту 12 лістапада.

Гітарыст і выканаўца Ільля Шэўчык
Гітарыст і выканаўца Ільля Шэўчык

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG