Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кітайскія студэнты будуць пад пільным наглядам». Беларускія мэдыкі расказалі, як засьцерагчыся ад каранавірусу


Ілюстрацыйнае фота

Насіць маску, мыць рукі, зьвяртацца да дактароў — мэдыкі адказалі на пытаньні журналістаў пра каранавірус падчас прэсавай канфэрэнцыі.

У Міністэрстве аховы здароўя правялі прэсавую канфэрэнцыю ў сувязі з пачаткам сэзону распаўсюджаньня інфэкцыйных рэсьпіраторных захворваньняў, які звычайна прыпадае на канец студзеня. Ужо зарэгістраваныя выпадкі захворваньня на грып, найперш сярод дзяцей. Але паказьнік на 46% ніжэйшы за леташні, таму адмыслоўцы характарызуюць эпідэміялягічную сытуацыю па грыпе як спакойную. Лічыцца, што добра спрацавалі прафіляктычныя захады, у тым ліку вакцынацыя.

Але трывогі дадала сытуацыя ў Кітаі, дзе зарэгістраваная ўспышка лёгачнай пнэўманіі, якую спараджае каранавірус. Што пра яго вядома?

Паводле Ірыны Глінскай з Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя, у КНР у 25 правінцыях зарэгістраваныя больш за 800 выпадкаў захворваньня на каранавірус, 25 чалавек памерлі ад пнэўманіі. Асобныя выпадкі захворваньня зарэгістраваныя таксама ў Ганконгу, Сынгапуры, Тайляндзе, Японіі, Паўднёвай Карэі, ЗША.

Вірус перадаецца паветрана-кропельным шляхам, але для яго перадачы патрэбныя досыць шчыльныя кантакты, звычайна сямейныя, адзначыла спэцыяліст. Ёсьць выпадкі, калі вірус падхоплівалі супрацоўнікі лякарняў, дзе даглядалі хворых. Вялікай рэсьпіраторнасьці ў гэтага вірусу няма. Першыя выпадкі захворваньня былі зарэгістраваныя ў канцы сьнежня 2019 году. За гэты час Усясьветная арганізацыя здароўя (УАЗ) выпрацавала рэкамэндацыі ад каранавірусу.

Што раяць лекары?

  • Пазьбягаць кантактаў з тымі, у каго заўважаныя сымптомы захворваньня.
  • Выконваць «рэсьпіраторны этыкет» — у месцах масавага збору людзей насіць мэдычныя маскі.
  • Захоўваць гігіену рук, бо вірус перадаецца і праз рукі.
  • Калі вы прыехалі з краін, дзе зарэгістраваныя захворваньні на каранавірус, і адчулі недамаганьне, пры звароце да мэдыкаў трэба абавязкова сказаць лекару, дзе вы пабывалі.

Паводле Ірыны Глінскай, робяцца ўсе патрэбныя санітарныя захады.

«Вядзецца санітарны кантроль на ўсіх памежных пунктах пропуску ў Беларусь, у тым ліку з дапамогай цеплавізійнага абсталяваньня. Пры неабходнасьці выкарыстаньне гэтых прылад будзе пашырана».

Ці можна цяпер ехаць у Кітай?

Паводле Ірыны Глінскай, УАЗ не давала рэкамэндацый абмежаваць паездкі ў Кітай ды іншыя краіны, дзе зарэгістраваныя хворыя на каранавірусную інфэкцыю.

«Але ў кожнай з гэтых краін свая сытуацыя, і яе трэба ўлічваць і вырашаць самому», — лічыць прадстаўніца Рэспубліканскага цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя Міністэрства аховы здароўя.

У Беларусі вучацца каля 4 тысяч кітайцаў. Шмат хто зь іх пасьля зімовай сэсіі паедзе на вакацыі дамоў. Як іх зьбіраюцца адсочваць па вяртаньні ў Беларусь?

Паводле Ірыны Глінскай, гэтае пытаньне ўжо вырашанае, у тым ліку зь Міністэрствам адукацыі. Цягам 14 дзён па вяртаньні ў Беларусь, а менавіта столькі працягваецца інкубацыйны пэрыяд захворваньня на каранавірус, кітайскія студэнты будуць пад пільным наглядам мэдыкаў навучальнай установы.

Што такое каранавірус і якія сымптомы хваробы, якую ён выклікае?

Паводле прафэсара, загадчыка катэдры інфэкцыйных хваробаў Беларускага дзяржаўнага мэдычнага ўнівэрсытэту Ігара Карпава, каранавірус быў выяўлены яшчэ на пачатку 60-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Да пачатку 2000-х гадоў навукоўцы апісалі тры вірусы гэтай групы.

«Дарэчы, такую назву ён атрымаў з прычыны зьнешняга выгляду — мае „карону“ вакол ядра», — кажа прафэсар.

Паводле Ігара Карпава, 7 студзеня 2020 году быў расшыфраваны геном каранавірусу, і цяпер навукоўцы шукаюць, як вірус пачаў пераходзіць ад жывёл да людзей. Ёсьць верагоднасьць, што вірус зьявіўся ў кажаноў, а да чалавека трапіў празь янотападобных сабак, якіх у Кітаі ўжываюць у ежу.

«Захворваньне суправаджаецца высокай тэмпэратурай, хоць можа быць і безь яе. Але абавязковыя прыкметы рэсьпіраторнай хваробы — кашаль, насмарк, пашкоджаньне сьлізістай. Для вызначэньня вірусу вельмі важна лябараторнае пацьвярджэньне — неабходнымі сродкамі для гэтага нашы лекары валодаюць», — кажа прафэсар Ігар Карпаў.

Паводле прафэсара Карпава, сярод першых 17 чалавек, якія памерлі ў Кітаі ад гэтай хваробы, большасьць былі старэйшыя за 60 гадоў і мелі спадарожныя хваробы.

Як пачуваецца беларуска, якая трапіла ў шпіталь пасьля вяртаньня з Кітаю?

Прафэсар Карпаў кажа, што асабіста аглядаў гэтую пацыентку.

«Яна дагэтуль у інфэкцыйным шпіталі. Дзяўчыну ізалявалі, бо гэтага патрабуюць правілы, мы мусілі рэагаваць на пагрозу. У яе ўзялі аналізы, пнэўманіі няма, учора ў яе дыягнаставалі грып В. Пацыентка атрымлівае лекавы антывірусны прэпарат, іншае неабходнае лячэньне. Стан яе стабільны», — паведаміў прафэсар Ігар Карпаў.

Ці дапаможа не падчапіць каранавірус мэдычная маска?

Паводле дырэктара Цэнтру экспэртыз і выпрабаваньняў у ахове здароўя Сяргея Марчанкі, мэдычныя маскі — адзін з эфэктыўных сродкаў ад рэсьпіраторных захворваньняў.

«У некаторых краінах, як у Кітаі, іх носяць масава, і беларусам гэта таксама можна параіць — ужываць мэдычныя маскі ў месцах масавага збору людзей. Але трэба памятаць, што насіць маску цягам усяго дня нельга. Яе трэба мяняць праз 2 гадзіны, бо зьніжаецца эфэктыўнасьць дыханьня», — сказаў Сяргей Марчанка.

Ці бясьпечна карыстацца пасылкамі, якія прыбываюць з Кітаю?

Натальля Шмялёва, якая працуе загадчыцай лябараторыі грыпу і грыпападобных захворваньняў Цэнтру эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі, адказваючы на гэтае пытаньне, прапанавала зыходзіць з асаблівасьцяў каранавірусу.

«Ня буду нічога рэкамэндаваць, але паколькі вірус вельмі няўстойлівы, магчымасьць падхапіць інфэкцыю праз пасылку, якая дастаўленая поштай, падаецца надзвычай малой».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG