Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кітаі праз каранавірус увялі карантын ужо ў трох гарадах


Шпіталь ува Ўхані
Шпіталь ува Ўхані

Кітайскія ўлады спрабуюць стрымаць распаўсюд небясьпечнага вірусу 2019-nCoV, ад якога ўжо загінулі 17 чалавек. Новым каронавірусам заразіліся прынамсі 500 чалавек. Выпадкі вірусу пацьверджаныя ўжо ў сямі краінах.

Улады Кітаю ўвялі карантын ужо ў трох гарадах. Днём 22 студзеня карантын увялі ў горадзе Ўхань, дзе былі зафіксаваныя першыя выпадкі захворваньня на вірус. Сёньня карантын увялі яшчэ ў двух гарадах правінцыі Хубэй — Хуанган і Эчжоў. Ва Ўхані жыве каля 11 мільёнаў чалавек, у Хуангане — больш за 7 мільёнаў, а ў Эчжоў — больш за мільён.

У ноч на пятніцу ў Хуангане будуць прыпыненыя ўсе аўтобусныя і чыгуначныя маршруты. Гарадзкія кафэ, рэстарацыі і кінатэатры таксама будуць зачыненыя.

Жыхары Ўханю, якім напярэдадні было загадана не выяжджаць з гораду, у сацыяльных сетках выказваюць занепакоенасьць магчымым недахопам прадуктаў, а таксама скардзяцца на рэзкае падвышэньне цэнаў.

Паведамляецца, што насельніцтва Ўханю масава скупае ежу. Гараджане таксама скупляюць мэдычныя маскі, нашэньне якіх стала абавязковым.

З сёньняшняга дня адмененыя ўсе авіярэйсы з Уханю. Гэта буйны горад, зь яго лётаюць прамыя авіярэйсы ў Лёндан, Парыж, Дубай і многія іншыя гарады.

У сталіцы — Пэкіне — адмененыя ўсе масавыя мерапрыемствы, прымеркаваныя да сьвяткаваньня Новага году па кітайскім календары, які адзначаецца 25 студзеня.

Крыніцай новага вірусу, як лічаць улады, стаў рынак ва Ўхані, дзе прадаваліся морапрадукты, птушкі, зьмеі і іншыя жывёлы. Забарона на продаж жывой птушкі і іншых жывёлаў ужо ўведзеная.

«Нам ужо вядома, што хвароба прыйшла з рынку, на якім ішла незаконны гандаль дзікімі жывёламі. Магчыма, носьбітам віруса было жывёла, а затым ён перайшоў да чалавека», — паведамляў напярэдадні дырэктар Цэнтра па кантролі і прафілактыцы хвароб Гао Фу.

Што вядома пра новы вірус

Вірус 2019-nCoV — варыянт каронавірусу, які да гэтага часу не перадаваўся людзям.

Каронавірусы — сямейства вірусаў, якое ўключае 38 відаў вірусаў, толькі 6 зь якіх (а з новым вірусам — сем) небясьпечныя для чалавека.

У вірусаў гэтага сямейства ад абалонкі адыходзяць шыпавідныя атожылкі, якія нагадваюць карону, адсюль і назва.

Дасьледнікі лічаць, што, хутчэй за ўсё, вірус 2019-nCoV можа быць гібрыдам вірусаў кажаноў і зьмеяў. Пра гэта гаворыцца ў дасьледаваньні, апублікаваным у часопісе Journal of Medical Virology.

Кітайскія навукоўцы вызначылі, што 2019-nCoV — гэта гібрыд двух каронавірусаў, адзін зь якіх раней знаходзілі ў арганізьме кажаноў. Другі вірус навукоўцы раней ня знаходзілі, аднак сам гібрыд, хутчэй за ўсё, зьявіўся каля 2 гадоў таму ў арганізьме зьмеяў.

Носьбіты вірусу былі ўжо зафіксаваныя ў ЗША, Тайляндзе, Паўднёвай Карэі, Віетнаме, Саудаўскай Арабіі і Японіі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG