Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінздароўя не пацьвердзіла наяўнасьці каранавіруса ў беларускі, якая вярнулася з Кітаю


Менская гарадзкая клінічная лякарня інфэкцыйных захворваньняў, дзе ляжала беларуска

Лябараторныя дасьледаваньні не пацьвердзілі наяўнасьць каранавіруса новага тыпу 2019-nCoV ў пацыенткі Менскага інфэкцыйнага шпіталя, якая нядаўна вярнулася з Кітаю.

Пра гэта паведаміла журналістам прэс-сакратарка Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун, піша БелаПАН.

«У дзяўчыны „грып тыпу В“. Каранавірус не пацьвердзіўся ні ў яе, ні ў яе хлопца (малады чалавек знаходзіцца ў шпіталі ў Санкт-Пецярбургу. — Рэд.)», — сказала Юлія Барадун.

Дзяўчыну даставілі ў Менскі інфэкцыйны шпіталь са скаргамі на боль у цягліцах і тэмпэратурай 38,5°С. Яна расказала, што 20 студзеня вярнулася з Шанхаю.

23 студзеня кансыліюм з удзелам галоўнага лекара інфэкцыйнага шпіталя Мікалая Юроўскага і прафэсара, загадчыка катэдры інфэкцыйных хваробаў БДМУ Ігара Карпава паставіў дыягназ, пацьверджаны цяпер лябараторна: грып тыпу B сярэдняй ступені цяжкасьці. Але, каб выключыць напластаваньне каранавіруснай інфэкцыі, праводзілася дадатковае лябараторнае дасьледаваньне.

Пра тое, што ў дзяўчыны падазраюць кітайскі каранавірус, казаў ейны хлопец. Яго таксама правяралі на гэты вірус, калі ён прыляцеў з Кітаю ў Санкт-Пецярбург, але папярэдне дыягнаставалі звычайную вострую рэсьпіраторна-вірусную інфэкцыю. Хлопец наракаў, што ў Менску дзяўчыне дапамагаюць, але недастаткова, каб «высьветліць хутчэй дыягназ і прыступіць да лячэньня».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году. Спачатку паведамлялі, што ва Ўхані была зарэгістраваная ўспышка пнэўманіі, аднак мэдыкі высьветлілі, што прычынай хваробы стаў раней невядомы від каранавірусу.
  • Афіцыйнай назвай новага каранавірусу з Кітаю стала COVID19 (Corona Virus Disease).

  • 11 студзеня ў Кітаі зафіксавалі першую сьмерць ад хваробы. Кітайскія ўлады прызналі, што вірус можа перадавацца ад чалавека да чалавека, прычым нават падчас інкубацыйнага пэрыяду.
  • Выпадкі заражэньня каранавірусам па-за межамі Кітаю зафіксавалі ў 27 краінах.
  • Улады Кітаю закрылі ўезд і выезд з 10 гарадоў.
  • Па стане на раніцу 14 лютага, ад новага вірусу па ўсім сьвеце памерлі ўжо 1383 чалавек, афіцыйна пацьвердзілі больш за 64,4 тысячы выпадкаў заражэньня вірусам. За распаўсюдам вірусу можна сачыць тут (дадзеныя абнаўляюцца штодзённа).
  • Сусьветная арганізацыя аховы здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, і ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса. Паводле адной з вэрсій, вірус мог перадацца людзям пасьля ўжываньня якога-небудзь зь мясных або морапрадуктаў з рынку ва Ўхані.​
  • Распаўсюджваньне вірусу з Ухані параўноўваюць з другой успышкай каранавірусу ў Кітаі — SARS-CoV або атыповай пнэўманіі — у 2002-2003 гадах. Тады памерлі каля 800 хворых.
  • Улады Кітаю 24 студзеня заявілі, што самая першая пацыентка з новым каранавірусам выздаравела і выпісаная зь лякарні. 56-гадовая жанчына адчула сябе блага 10 студзеня, была шпіталізаваная 15-га.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Аляксандар Лукашэнка казаў, што беларусам наконт каранавірусу хвалявацца ня варта: «Мыйце рукі, менш абдымайцеся зь незнаёмымі людзьмі на вуліцы, усё астатняе — за Міністэрствам здароўя». Беларускія мэдыкі ж давалі больш дэталёвыя рэкамэндацыі.
  • У сувязі з распаўсюдам каранавірусу ў аэрапортах Беларусі, а таксама іншых краінаў узмацнілі захады бясьпекі: з дапамогай спэцыяльных рамак і іншых прыбораў вымяраюць тэмпэратуру людзей, якія ляцяць з Кітаю і іншых краінаў «групы рызыкі».
  • Вядзецца санітарны кантроль на ўсіх памежных пунктах пропуску ў Беларусь, у тым ліку з дапамогай цеплавізійнага абсталяваньня. Лябараторныя сродкі для выяўленьня 2019-nCoV ужо даставілі ў краіну.
  • Міністэрства аховы здароўя, а таксама міністэрства спорту і турызму параілі беларусам ня езьдзіць у Кітай.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя на многія іншыя рэсьпіратарныя захворваньні, неабходны дадатковы скрынінг.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG