Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каранавірус. Як «Вялікі камень» пад Менскам рыхтуецца сустрэць з вакацый 400 кітайцаў. Відэа


У індустрыяльным парку «Вялікі камень» працуюць каля 500 кітайцаў. 400 зь іх зьехалі на вакацыі ў Кітай. Іх вяртаньня чакаюць на пачатку лютага. Што робяць у парку, каб не дапусьціць успышкі каранавірусу?

«На пачатку лютага, у 10-х чыслах, плянуецца масавае вяртаньне кітайскіх грамадзян. Але ня будзе такога, што ў адзін дзень прыедуць 400 кітайцаў. Сытуацыя падкантрольная», — расказвае першы намесьнік генэральнага дырэктара СЗАТ «Кампанія па развіцьці індустрыяльнага парку» Кірыл Карацееў.

Паводле яго, некаторым супрацоўнікам падоўжаць адпачынак — і яны прыедуць з Кітаю пазьней. Тыя, што вернуцца ў Беларусь, два тыдні ня будуць выходзіць з сваіх пакояў — гэта час інкубацыйнага пэрыяду каранавірусу.

Кірыл Карацееў
Кірыл Карацееў

Большасьць работнікаў парку — будаўнікі. Цяпер кітайцаў замяшчаюць беларускімі субпадрадчыкамі, каб не запаволіць будаўніцтва і не адстаць ад тэрмінаў.

Паводле Кірыла Карацеева, сярод іншых захадаў прафіляктыкі — больш інтэнсіўная і частая санітарная апрацоўка. Часьцей мыюць падлогі, закупляюць больш спэцыяльных хімічных сродкаў.

На ўваходах паставяць цеплавізары.

«У нас адзіны будаўнічы гарадок, таму гэта кантраляваць прасьцей. Мы робім увесь спэктар захадаў для прафіляктыкі. Панікі адназначна няма», — сказаў Кірыл Карацееў.

Публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году. Спачатку паведамлялі, што ва Ўхані была зарэгістраваная ўспышка пнэўманіі, аднак мэдыкі высьветлілі, што прычынай хваробы стаў раней невядомы від каранавірусу.
  • Афіцыйнай назвай новага каранавірусу з Кітаю стала COVID19 (Corona Virus Disease).

  • 11 студзеня ў Кітаі зафіксавалі першую сьмерць ад хваробы. Кітайскія ўлады прызналі, што вірус можа перадавацца ад чалавека да чалавека, прычым нават падчас інкубацыйнага пэрыяду.
  • Выпадкі заражэньня каранавірусам па-за межамі Кітаю зафіксавалі ў 27 краінах.
  • Улады Кітаю закрылі ўезд і выезд з 10 гарадоў.
  • Па стане на раніцу 14 лютага, ад новага вірусу па ўсім сьвеце памерлі ўжо 1383 чалавек, афіцыйна пацьвердзілі больш за 64,4 тысячы выпадкаў заражэньня вірусам. За распаўсюдам вірусу можна сачыць тут (дадзеныя абнаўляюцца штодзённа).
  • Сусьветная арганізацыя аховы здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, і ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса. Паводле адной з вэрсій, вірус мог перадацца людзям пасьля ўжываньня якога-небудзь зь мясных або морапрадуктаў з рынку ва Ўхані.​
  • Распаўсюджваньне вірусу з Ухані параўноўваюць з другой успышкай каранавірусу ў Кітаі — SARS-CoV або атыповай пнэўманіі — у 2002-2003 гадах. Тады памерлі каля 800 хворых.
  • Улады Кітаю 24 студзеня заявілі, што самая першая пацыентка з новым каранавірусам выздаравела і выпісаная зь лякарні. 56-гадовая жанчына адчула сябе блага 10 студзеня, была шпіталізаваная 15-га.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Аляксандар Лукашэнка казаў, што беларусам наконт каранавірусу хвалявацца ня варта: «Мыйце рукі, менш абдымайцеся зь незнаёмымі людзьмі на вуліцы, усё астатняе — за Міністэрствам здароўя». Беларускія мэдыкі ж давалі больш дэталёвыя рэкамэндацыі.
  • У сувязі з распаўсюдам каранавірусу ў аэрапортах Беларусі, а таксама іншых краінаў узмацнілі захады бясьпекі: з дапамогай спэцыяльных рамак і іншых прыбораў вымяраюць тэмпэратуру людзей, якія ляцяць з Кітаю і іншых краінаў «групы рызыкі».
  • Вядзецца санітарны кантроль на ўсіх памежных пунктах пропуску ў Беларусь, у тым ліку з дапамогай цеплавізійнага абсталяваньня. Лябараторныя сродкі для выяўленьня 2019-nCoV ужо даставілі ў краіну.
  • Міністэрства аховы здароўя, а таксама міністэрства спорту і турызму параілі беларусам ня езьдзіць у Кітай.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя на многія іншыя рэсьпіратарныя захворваньні, неабходны дадатковы скрынінг.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG