Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВНУ Беларусі падоўжаць вакацыі кітайскім студэнтам

абноўлена

Адзін з інтэрнатаў БДУ, ілюстрацыйнае фота

Беларускія ВНУ падоўжаць на 2 тыдні вакацыі для кітайскіх студэнтаў, якія зьехалі дадому. Пра гэта піша БелТА са спасылкай на прэс-службу Міністэрства адукацыі.

Прычына: кітайскі каранавірус 2019-nCoV.

Вакацыі ў кітайскіх студэнтаў пачаліся ў канцы студзеня і мусілі скончыцца на пачатку лютага. Ня ўсе са студэнтаў паехалі на вакацыі дадому. Колькі дакладна, удакладняюць у Міністэрстве адукацыі.

Паводле Мінадукацыі, у беларускіх ВНУ навучаюцца каля 4 тысяч кітайскіх студэнтаў, больш за ўсё іх у БДУ — 1,4 тысячы чалавек.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году. Спачатку паведамлялі, што ва Ўхані была зарэгістраваная ўспышка пнэўманіі, аднак мэдыкі высьветлілі, што прычынай хваробы стаў раней невядомы від каранавірусу.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease). Вірус спачатку меў назву 2019-nCov, цяпер афіцыйна завецца SARS-CoV-2.
  • Па стане на раніцу 27 лютага, ад новага вірусу па ўсім сьвеце памерлі ўжо 2801 чалавек, афіцыйна пацьвердзілі больш за 82 тысячы выпадкаў заражэньня вірусам (абсалютная большасьць выпадкаў хваробы і сьмерцяў ад яе фіксуюць у Кітаі). За распаўсюдам вірусу можна сачыць тут (дадзеныя абнаўляюцца штодзённа).
  • На 27 лютага 1595 выпадкаў COVID-19 зафіксавалі ў Паўднёвай Карэі, 453 — у Італіі, 189 — у Японіі, 139 — у Іране. У іншых краінах — менш за сотню пацьверджаных выпадкаў.
  • 11 студзеня ў Кітаі зафіксавалі першую сьмерць ад хваробы. Кітайскія ўлады прызналі, што вірус можа перадавацца ад чалавека да чалавека, прычым нават падчас інкубацыйнага пэрыяду.
  • Улады Кітаю часова закрывалі ўезд і выезд з 10 гарадоў.
  • Сусьветная арганізацыя аховы здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, і ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса. Паводле адной з вэрсій, вірус мог перадацца людзям пасьля ўжываньня якога-небудзь зь мясных або морапрадуктаў з рынку ва Ўхані.​
  • Распаўсюджваньне вірусу з Ухані параўноўваюць з другой успышкай каранавірусу ў Кітаі — SARS-CoV або атыповай пнэўманіі — у 2002-2003 гадах. Тады памерлі каля 800 хворых.
  • Улады Кітаю 24 студзеня заявілі, што самая першая пацыентка з новым каранавірусам выздаравела і выпісаная зь лякарні. 56-гадовая жанчына адчула сябе блага 10 студзеня, была шпіталізаваная 15-га.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Аляксандар Лукашэнка казаў, што беларусам наконт каранавірусу хвалявацца ня варта: «Мыйце рукі, менш абдымайцеся зь незнаёмымі людзьмі на вуліцы, усё астатняе — за Міністэрствам здароўя». Беларускія мэдыкі ж давалі больш дэталёвыя рэкамэндацыі.
  • У сувязі з распаўсюдам каранавірусу ў аэрапортах Беларусі, а таксама іншых краінаў узмацнілі захады бясьпекі: з дапамогай спэцыяльных рамак і іншых прыбораў вымяраюць тэмпэратуру людзей, якія ляцяць з Кітаю і іншых краінаў «групы рызыкі».
  • Вядзецца санітарны кантроль на ўсіх памежных пунктах пропуску ў Беларусь, у тым ліку з дапамогай цеплавізійнага абсталяваньня. Лябараторныя сродкі для выяўленьня 2019-nCoV ужо даставілі ў краіну.
  • Міністэрства аховы здароўя, а таксама міністэрства спорту і турызму параілі беларусам ня езьдзіць у Кітай.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя на многія іншыя рэсьпіратарныя захворваньні, неабходны дадатковы скрынінг.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG