Беларусь накіравала 20 тон гуманітарнай дапамогі Кітаю на барацьбу з каранавірусам 

Кітайскія пасажыры ў менскім аэрапорце
Кітайскія пасажыры ў менскім аэрапорце

Беларускі вайскова-транспартны самалёт ІЛ-76МД даставіў 20 тон гуманітарнай дапамогі ў Кітай.

Як удакладнілі ў Міністэрстве здароўя Беларусі, груз фармаваўся ў адпаведнасьці з запытам кітайскага боку: 4,5 тоны антыбіётыкаў, 10 тон сродкаў дэзынфэкцыі, ахоўныя сродкі для мэдпэрсаналу — пальчаткі, маскі, аднаразовае адзеньне і г. д.

Як адзначыў міністар здароўя Ўладзімер Каранік, ніхто не сумняваецца ў здольнасьці Кітая кантраляваць сытуацыю, аднак на фоне панічных настрояў можа ўзьнікаць ажыятаж на некаторыя лекі або мэдыцынскія вырабы. Таму любая дапамога будзе запатрабаваная.

Ён запэўніў, што ўся прадукцыя, якая накіроваецца ў Кітай, выраблена ў Беларусі. Гаворкі аб рээкспарце кітайскіх тавараў няма.

Таксама гатовыя вылецець у Кітай беларускія мэдыкі, якія плянуюць заняцца вывучэньнем сытуацыі на месцы.

«На сёньня вірус не дастаткова вывучаны. У нашых спэцыялістаў ёсьць вялікі досьвед барацьбы з інфэкцыйнымі захворваньнямі, мы ўзгадняем пытаньне, каб вызначыць найбольш пэрспэктыўныя захады прафіляктыкі і лячэньня ўскладненьняў інфэкцыі», — адзначыў Каранік.

Колькасьць заражаных вірусам вырасла да 8 тысяч чалавек, прыкладна 170 хворых памерлі. Усе сьмяротныя выпадкі здарыліся ў Кітаі, аднак колькасьць краін, дзе зарэгістраваны вірус, расьце. Выпадкі заражэньня зафіксаваныя ў Віетнаме, Тайляндзе, Японіі, ЗША, Нямеччыне.

​
XS
SM
MD
LG