Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве шпіталізавалі мужчыну і жанчыну, падазраюць каранавірус

абноўлена

У Магілёве 29 студзеня з падазрэньнем на каранавірусную інфэкцыю тэрмінова шпіталізавалі мужчыну і жанчыну. Паводле інфармацыі Свабоды, гэта сямейная пара.​

Вярнуліся з адпачынку і адчулі недамаганьне​

Двое жыхароў Магілёва адпачывалі непадалёк ад узьбярэжжа Кітаю на астравах, — паведаміла Свабодзе прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун. — Па вяртаньні ў Беларусь яны адчулі недамаганьне. На радзіму магілёўцы вярталіся зь перасадкай у Кітаі.

Таму яны вырашылі адразу зьвярнуцца ў мясцовую паліклініку. У іх узялі пробы, якія вывучаюць у Рэспубліканскім цэнтры эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі. Вынікі тэстаў будуць вядомыя на працягу 12 гадзінаў.

Мужчыну і жанчыну маглі пакласьці ў магілёўскую інфэкцыйную больніцу, сказалі Свабодзе супрацоўнікі паліклінікі. Спраўдзіць гэту інфармацыю ў больніцы на момант публікацыі не ўдалося.

Як спрацавалі ў паліклініцы?

Паліклініка не працавала каля гадзіны, калі прыйшлі пацыенты з падазрэньнем на вірус. Мужчыну і жанчыну ізалявалі, дзьверы ў паліклініку зачынілі. Мэдыкі начапілі маскі і адмысловую ўніформу. Панікі не было, сказала Свабодзе супрацоўніца паліклінікі. Яна лічыць, што зьяўленьне такіх пацыентаў магло быць праверкай гатоўнасьці ўстановы да форсмажорных сытуацыяў.

Паліклініка №4 у Магілёве
Паліклініка №4 у Магілёве

Па стане на 18:00 29 студзеня магілёўская паліклініка №4, дзе шпіталізавалі двух пацыентаў з падазрэньнем на каранавірус, працуе ў штатным рэжыме. Супрацоўнікі паліклінікі адмовіліся гаварыць пра сытуацыю. У мэдычнай установе было шмат людзей: у рэгістратуры вялікая чарга на запіс па працэдуры, ля кабінэтаў таксама стаялі людзі. Паліклініка месьціцца на вуліцы Гарбарнай, гэта ў 10-15 хвілінах ад цэнтру Магілёва.

28 студзеня ў Менскім раёне шпіталізавалі з падазрэньнем на каранавірус беларускага дальнабойніка. Сёньня стала вядома, што падазрэньне не пацьвердзілася.

Міністэрства аховы здароўя, а таксама міністэрства спорту і турызму параілі беларусам ня езьдзіць у Кітай. Паводле апошняга ведамства, людзі, якія ўжо набылі туры ў Кітай, маюць права зьвярнуцца ў турфірмы для:

  • замены даты падарожжа на пазьнейшыя;
  • скасаваньня дамовы.​

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году. Спачатку паведамлялі, што ва Ўхані была зарэгістраваная ўспышка пнэўманіі, аднак мэдыкі высьветлілі, што прычынай хваробы стаў раней невядомы від каранавірусу.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease). Вірус спачатку меў назву 2019-nCov, цяпер афіцыйна завецца SARS-CoV-2.

  • Па стане на раніцу 26 лютага, ад новага вірусу па ўсім сьвеце памерлі ўжо 2762 чалавекі, афіцыйна пацьвердзілі больш за 81 тысячу выпадкаў заражэньня вірусам (абсалютная большасьць выпадкаў хваробы і сьмерцяў ад яе фіксуюць у Кітаі). За распаўсюдам вірусу можна сачыць тут (дадзеныя абнаўляюцца штодзённа).

  • На 26 лютага 1146 выпадкаў COVID-19 зафіксавалі ў Паўднёвай Карэі, 322 — у Італіі, 170 у Японіі. У іншых краінах — менш за сотню пацьверджаных выпадкаў.

  • 11 студзеня ў Кітаі зафіксавалі першую сьмерць ад хваробы. Кітайскія ўлады прызналі, што вірус можа перадавацца ад чалавека да чалавека, прычым нават падчас інкубацыйнага пэрыяду.
  • Улады Кітаю часова закрывалі ўезд і выезд з 10 гарадоў.
  • Сусьветная арганізацыя аховы здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, і ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса. Паводле адной з вэрсій, вірус мог перадацца людзям пасьля ўжываньня якога-небудзь зь мясных або морапрадуктаў з рынку ва Ўхані.​
  • Распаўсюджваньне вірусу з Ухані параўноўваюць з другой успышкай каранавірусу ў Кітаі — SARS-CoV або атыповай пнэўманіі — у 2002-2003 гадах. Тады памерлі каля 800 хворых.
  • Улады Кітаю 24 студзеня заявілі, што самая першая пацыентка з новым каранавірусам выздаравела і выпісаная зь лякарні. 56-гадовая жанчына адчула сябе блага 10 студзеня, была шпіталізаваная 15-га.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Аляксандар Лукашэнка казаў, што беларусам наконт каранавірусу хвалявацца ня варта: «Мыйце рукі, менш абдымайцеся зь незнаёмымі людзьмі на вуліцы, усё астатняе — за Міністэрствам здароўя». Беларускія мэдыкі ж давалі больш дэталёвыя рэкамэндацыі.
  • У сувязі з распаўсюдам каранавірусу ў аэрапортах Беларусі, а таксама іншых краінаў узмацнілі захады бясьпекі: з дапамогай спэцыяльных рамак і іншых прыбораў вымяраюць тэмпэратуру людзей, якія ляцяць з Кітаю і іншых краінаў «групы рызыкі».
  • Вядзецца санітарны кантроль на ўсіх памежных пунктах пропуску ў Беларусь, у тым ліку з дапамогай цеплавізійнага абсталяваньня. Лябараторныя сродкі для выяўленьня 2019-nCoV ужо даставілі ў краіну.
  • Міністэрства аховы здароўя, а таксама міністэрства спорту і турызму параілі беларусам ня езьдзіць у Кітай.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя на многія іншыя рэсьпіратарныя захворваньні, неабходны дадатковы скрынінг.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG