У Міністэрстве аховы здароўя Беларусі заявілі, што кантралююць наяўнасьць у аптэках мэдыцынскіх масак і што цяпер беларускія кампаніі выпускаюць больш за 100 тысяч масак на дзень.
Паводле Мінздароўя, штодня на гандлёвых складах мэдыцынскіх гандлёвых прадпрыемстваў Беларусі «ў наяўнасьці больш за 1,5 мільёна мэдыцынскіх масак розных вытворцаў».
Таксама ў міністэрстве падкрэсьліваюць, што «нашэньне маскі — гэта дадатковая крыніца засьцярогі; на вуліцы магчымасьць таго, што на чалавека трапіць часьцінка, заражаная вірусам, мінімальная», а вось у месцах масавага збору людзей «можна пры жаданьні надзяваць маску».
У Мінздароўя нагадалі і як правільна насіць мэдыцынскія маскі:
- сярэдні час выкарыстаньня мэдыцынскай маскі — 2-3 гадзіны;
- насіць іх больш эфэктыўна людзям, якія захварэлі, каб не распаўсюджваць інфэкцыю;
- пры нашэньні маскі нельга курыць, есьці ці піць, ссунуўшы яе ў бок: гэта зводзіць усе спробы абараніцца да нуля.
У міністэрстве падкрэсьліваюць, што «правілы асабістай гігіены значна больш эфэктыўныя, чым нашэньне маскі», ды і «неабходнасьці ў масавым скупляньні масак у беларусаў няма, бо выпадкаў завозу каранавіруса ў краіну не зафіксавана».
Напярэдадні ў сацыяльных сетках зьявілася інфармацыя пра тое, што ў беларускіх аптэках сталі масава скупляць мэдыцынскія маскі ў сувязі з эпідэміяй каранавіруса ў Кітаі. Інфармацыю пацьвердзілі Свабодзе адразу ў некалькіх менскіх аптэках.
Павышаны попыт на маскі пачаўся 29 студзеня. Як паведамілі Свабодзе, на аптэчных аптовых складах запасаў мэдыцынскіх масак амаль не засталося. У некалькіх менскіх аптэках маскі скончыліся, фармацэўты казалі, што прыходзілі людзі і скуплялі рэшткі. Але ў бальшыні сталічных аптэк маскі ў продажы ёсьць.