Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Замкнёнае кола». Падарожнікі зь Беларусі ня могуць выехаць з Кітаю з прычыны каранавірусу


Belarus / China - Fans of hitchhiking Dzmitry Kandziranda and Volha Kudrashova can not leave China, 13Feb2020
Belarus / China - Fans of hitchhiking Dzmitry Kandziranda and Volha Kudrashova can not leave China, 13Feb2020

Аматары падарожжаў аўтастопам Дзьмітры Кандзіранда зь Ліды і Вольга Кудрашова зь Менску прыехалі ў Кітай 8 студзеня, а 6 лютага ў іх скончыўся тэрмін бязьвізавага знаходжаньня (30 дзён) на тэрыторыі Кітаю. Яны плянавалі выехаць у Віетнам, аднак мяжу закрылі. На самалёт грошай няма. За 7 дзён «пратэрміноўкі» беларускім грамадзянам пагражае штраф — 70 даляраў за дзень.

«Гаспадар гостэла сказаў зачыніць дзьверы і нікуды не выходзіць»

Цяпер Дзьмітры і Вольга ў гостэле, гаспадар якога за невялікія грошы прапанаваў ім пакой на некалькі дзён.

«Мы дамовіліся з гаспадаром, што будзем тут жыць чацьвёра сутак. Але ўчора і сёньня хадзіла паліцыя, якая зачыняе гэты гостэл, зачыняе бізнэс гэтага кітайца. Гаспадар разумее, што нам няма куды ісьці. Але калі нас выганіць паліцыя, то мы апынемся на вуліцы. У нас ёсьць намёт, і, у прынцыпе, мы можам недзе на вуліцы начаваць у намёце, недзе схавацца ў парку. Бо кітайская паліцыя таксама за гэтым сочыць, і калі ўбачыць у намёце, то накіроўвае ў дарагія гатэлі, дзе дазволена прымаць замежнікаў. Таму мы цэлы дзень сядзім у пакоі. Гаспадар гостэла сказаў зачыніць дзьверы і нікуды не выходзіць. Калі патрэбная ежа, мы кажам яму, і ён ідзе ў краму і прыносіць нам», — расказвае Дзьмітры.

У горадзе ўсё зачынена і ўсюды правяраюць тэмпэратуру — на ўваходзе хоць у двор дома, хоць у малую крамку, хоць у консульства.

«Даходзіць да абсурду, калі ў цябе на вуліцы падчас паўгадзіннага шпацыру могуць 3-4 разы праверыць тэмпэратуру. Правяраюць ва ўсіх, і да гэтага ставяцца вельмі сур’ёзна. Усе ходзяць у мэдычных масках. Але я бачыў кітайскіх бяздомных, яны былі бяз масак. У кафэ можна зайсьці, набыць ежу, але есьці там нельга, трэба забраць ежу з сабой і выйсьці з памяшканьня. Танныя кафэ, рэстараны пазачыняліся», — расказвае Дзьмітры.

«Замкнёнае кола»

«Пра вірус у Кітаі загаварылі перад самым Новым годам. А 8 студзеня, калі мы заяжджалі ў Кітай, пра яго ніхто ня ведаў. Ніхто ня мог меркаваць, што так атрымаецца. Таму мы спакойна заяжджалі ў Кітай зь Віетнама і плянавалі адтуль паехаць у Ганконг. Але ў Ганконг нам выезд забаранілі. Таму мы вырашылі вярнуцца ў Віетнам. А ў Віетнам можна заехаць зноў на 15 дзён па штампу бязь візы, пасьля таго як пройдзе 30 дзён. Мы прыехалі на мяжу зь Віетнамам, а нас туды не пусьцілі», — расказвае Дзьмітры.

Памежная служба Кітаю параіла падарожнікам зьвярнуцца ў іміграцыйныя службы гарадоў Наньнін ці Гуанчжоў. Але працягнуць бязьвізавае знаходжаньне там не ўдалося, бо гэтыя службы не працавалі. Цяпер за кожны дзень пратэрміноўкі ім пагражае штраф у 70 даляраў на кожнага.

«Тут нібыта паслабленьне з прычыны вірусу, і на закон закрываюць вочы. Трэба толькі паведаміць своечасова ў міграцыйную службу. Але міграцыйная служба спыніла сваю працу на час каранавірусу. Замкнёнае кола», — кажа Дзьмітры.

«Галоўнае, каб зразумелі сытуацыю і прынялі пашпарты»

Дзьмітры і Вольга зьвярнуліся па дапамогу ў беларускае консульства ў Гуанчжоў. Там ім выдалі паперу, у якой пацьвярджаецца, што яны былі гатовыя ў тэрмін зьвярнуцца ў міграцыйную службу. Консульства просіць выдаць выязныя візы бяз выплаты штрафу.

«Але гэтая папера не дае ніякіх гарантый. Гэта проста невялікая дапамога ад консула. Спадзяюся, кітайскія ўлады прымуць пад увагу гэтую паперу, і нам падоўжаць перабываньне задняй датай, і мы зможам паехаць у Расею па зямлі», — кажа Дзьмітры.

Дзьмітры і Вольга спадзяюцца, што ім падоўжаць легальнае знаходжаньне ў Кітаі дзён на 20, каб можна было дабрацца з Гуанчжоў і перасекчы мяжу.

«Гэта адзінае, чаго мы хочам: падаўжэньне дзён і магчымасьць свабоднага перамяшчэньня. Бяз штрафу за гэтыя 7 дзён».

Якраз сёньня, пасьля таго як грамадзяне Беларусі расказалі пра сваю сытуацыю ў сасцсетках, беларускі консул паведаміў ім праз СМС адрас міграцыйнай службы і час яе працы. Дзьмітрый і Вольга рушаць туды заўтра раніцай. Адказ міграцыйная служба павінна даць цягам 10 дзён.

Чаму падарожнікі ня могуць зьехаць з Кітаю самалётам?

У беларускім консульстве ім прапанавалі вылецець самалётам з Гуанчжоў у Маскву. Адзін квіток каштуе 300 даляраў, і такіх грошай падарожнікі ня маюць. У консульстве ім параілі папрасіць грошай у сваякоў і сяброў.

«Але я вырас у дзіцячым доме, у мяне няма бацькоў. У Вольгі бацькі працуюць у Менску. Для іх 300 даляраў — гэта месячны заробак. І калі ў нас няма лішніх 300 даляраў, то на магчымы штраф няма пагатоў. Спадзяёмся на разуменьне міграцыйнай службы Кітаю», — кажа Дзьмітры.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG