Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасярод самалёта намёт, у ім вядро. Як расейцаў і беларусаў вывозяць з Кітаю. ФОТА


«Мінус 29 за бортам, а яны ззаду ўсю хваставую частку адкрылі. Холад! Пасярод самалёта намёт і вядро. Гэта эвакуацыя?!» — чытачка даслала фатаздымкі з самалёта, у якім эвакуавалася з Уханя яе сваячка-расейка. Там, па словах дзяўчыны, ляцелі і беларусы.

Чытачка Вольга расказала Радыё Свабода пра сваю стрыечную сястру Паліну, грамадзянку Расеі, якая працавала ў кітайскім Ухані. Зранку яна хвалявалася, што зь сястрой няма сувязі больш за 6 гадзін.

Цяпер вядома, што першы борт з эвакуаванымі прызямліўся ў Цюмені каля 9 гадзін ранку. Каля 13 гадзін па беларускім часе Паліна выйшла на сувязь зь сям'ёй.

Умовы эвакуацыі Вольгу абурылі.

«Апошні раз зь імі была сувязь на дазапраўцы ва Ўлан-Удэ. Яна прысылала мне скрын тэлефона, што за бортам мінус 29. Гэта вайсковы самалёт, і яны ззаду ўсю хваставую частку адкрылі. Холад! Ляціць немаўля, ляціць яшчэ дзіця. Пасярод самалёта намёт і вядро. Гэта эвакуацыя?! Прычым усе здаровыя ляцяць. Ужо цяпер невядома, у якім яны стане даляцелі з такімі ўмовамі», — кажа Вольга.

У аэрапорце эвакуацыя арганізаваная нармальна, але вялікія чэргі, перадае Вольга словы сястры.

Паводле Вольгі, Паліна працавала ў Кітаі ў тэатры. Вырашыла вярнуцца, бо дома ў яе двое маленькіх дзяцей, муж і маці, а працы падчас абвешчанай эпідэміі не было. Некаторыя яе калегі засталіся ва Ўхані.

«Былі беларускі, украінкі, пра ўсіх неяк клапаціліся. Хаця б званілі з амбасады. А расейцаў успомнілі апошнімі. Нават Банглядэш ужо вывезьлі», — пераказвае Вольга словы сястры.

За нейкі час да эвакуацыі Паліна апублікавала відэаролік, у якім падзялілася сытуацыяй і папрасіла зьвярнуць на іх увагу.

«Намі ніхто не цікавіцца. Мы просім дапамогі. Мы ня ведаем, што рабіць. У мяне ў Расеі сям’я, дзеці, і мы ня ведаем, як дасюль выбірацца. Баімся заразіцца», — кажа ў ім Паліна.

Санаторый, у якім разьмясьцілі на карантын эвакуяваных
Санаторый, у якім разьмясьцілі на карантын эвакуяваных

«Так абыходзіцца зь людзьмі — як у хлеў загналі, гэта вяршыня зьдзеку! — абураецца Вольга ўмовамі эвакуацыі. — Самае цікавае, што ўсе карэспандэнты, вайскоўцы ў масках, хімабароне, касьцюмах. А тыя, каго вывозяць, у марлевых масках. Далі ўжо і людзям нешта».

Эвакуаваных разьмясьцілі на карантын у санаторый.

«Пакуль расьсяляюцца, жывуць па два чалавекі. Выходзіць з пакоя нельга на працягу 14 дзён. Пры любым кантакце з суседзямі па санаторыі, зь якімі ляцелі з Кітая, карантын працягнуць яшчэ на 14 дзён», — расказала сястра Паліна.

Санаторый, у якім разьмясьцілі на карантын эвакуяваных
Санаторый, у якім разьмясьцілі на карантын эвакуяваных

  • Першы самалёт з расейцамі і грамадзянамі іншых краінаў, эвакуаванымі з Кітаю з прычыны эпідэміі новага каранавіруса, прызямліўся ранкам 5 лютага ў цюменскім аэрапорце. У аэрапорт прыехалі мэдыкі і прадстаўнікі МНС Расеі. Міністэрства абароны Расеі, на чыіх вайсковых самалётах вывозілі людзей, сьцьвярджае, што хворых сярод вывезеных з Кітаю няма.
  • Усе эвакуаваныя будуць 14 дзён знаходзіцца ў карантыне ў адным з санаторыяў у прыгарадзе Цюмені. Вядома, што іх нават ня будуць заводзіць у будынак аэрапорта, а адразу на спэцаўтобусах павязуць у санаторый «Горадабудаўнікі» ў пасёлку Вінзілі. Там яны будуць знаходзіцца пад аховай супрацоўнікаў Расгвардыі, а вакол санаторыя пабудаваны два пэрымэтры агароджы, цытуе «Інтэрфакс» прадстаўнікоў апэратыўнага штабу прафіляктыкі каранавірусу.
  • Расея абвясьціла, што эвакуюе з Уханя 147 чалавек. Сярод іх, акрамя расейцаў, 10 грамадзянаў Беларусі, 3 — Казахстану, і па адным — Украіны і Армэніі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​


Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Як зьмяняецца колькасьць хворых у Беларусі і суседніх краінах. Толькі графікі

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Апошнія навіны

усе навіны за дзень >
XS
SM
MD
LG