Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярод эвакуаваных у Цюмень з Кітаю — 10 грамадзянаў Беларусі. Іх трымаюць пад аховай і з «узмоцненым WI-Fi»


У цюменскі аэрапорт прызямліўся першы самалёт з расейцамі і грамадзянамі іншых краінаў, эвакуаванымі з Кітаю праз эпідэмію каранавірусу. У аэрапорт прыехалі мэдыкі і прадстаўнікі МНС Расеі. Міністэрства абароны Расеі, на чыіх вайсковых самалётах вывозілі людзей, сьцьвярджае, што хворых сярод вывезеных з Кітаю няма.

Усе эвакуаваныя будуць 14 дзён знаходзіцца ў карантыне ў адным з санаторыяў у прыгарадзе Цюмені. Вядома, што іх нават ня будуць заводзіць у будынак аэрапорту, а адразу на спэцаўтобусах павязуць у санаторый «Горадабудаўнікі» ў пасёлку Вінзілі. Там яны будуць знаходзіцца пад аховай супрацоўнікаў Расгвардыі, а вакол санаторыя пабудаваны два пэрымэтры агароджы, цытуе «Інтэрфакс» прадстаўнікоў апэратыўнага штабу прафіляктыкі каранавірусу.

Эвакуаваным падключылі інтэрнэт з «узмоцненым WI-Fi», каб яны маглі кантактаваць з роднымі і блізкімі, паведамляе «Настоящее время».

«Раніцай прыляцяць два самалёты, — цытуе цюменскае выданьне 72.ru прадстаўнікоў мясцовага аэрапорту. — Аэрапорт будзе працаваць штатна. Пасажыраў вывезуць на спэцаўтобусах, усё будзе ізалявана. Прыяжджае каля 300 чалавек».

Пра тое, што эвакуаваных разьмесьцяць менавіта ў Цюмені, стала вядома напярэдадні, калі гэта пацьвердзіла расейская віцэ-прэм’ер Тацяна Голікава. Пры гэтым самі эвакуаваныя расказалі, што ім не паведамілі, куды менавіта іх вязуць.

Расея абвясьціла, што эвакуюе з Уханя 147 чалавек. Сярод іх, акрамя расейцаў, 10 грамадзянаў Беларусі, 3 — Казахстану, і па адным — Украіны і Армэніі.

Сустрэча эвакуаваных
Сустрэча эвакуаваных

Голікава паабяцала, што ўсе вывезеныя з Кітаю ў Расею людзі, знаходзячыся ў карантыне, будуць забясьпечаныя ўсім неабходным. Эвакуаваныя з Кітаю на расейскіх самалётах іншаземцы, як абяцае чыноўніца, змогуць пасьля карантыну вярнуцца ў свае краіны.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году. Спачатку паведамлялі, што ва Ўхані была зарэгістраваная ўспышка пнэўманіі, аднак мэдыкі высьветлілі, што прычынай хваробы стаў раней невядомы від каранавірусу.
  • Афіцыйнай назвай новага каранавірусу з Кітаю стала COVID19 (Corona Virus Disease).

  • 11 студзеня ў Кітаі зафіксавалі першую сьмерць ад хваробы. Кітайскія ўлады прызналі, што вірус можа перадавацца ад чалавека да чалавека, прычым нават падчас інкубацыйнага пэрыяду.
  • Выпадкі заражэньня каранавірусам па-за межамі Кітаю зафіксавалі ў 27 краінах.
  • Улады Кітаю закрылі ўезд і выезд з 10 гарадоў.
  • Па стане на раніцу 14 лютага, ад новага вірусу па ўсім сьвеце памерлі ўжо 1383 чалавек, афіцыйна пацьвердзілі больш за 64,4 тысячы выпадкаў заражэньня вірусам. За распаўсюдам вірусу можна сачыць тут (дадзеныя абнаўляюцца штодзённа).
  • Сусьветная арганізацыя аховы здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, і ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса. Паводле адной з вэрсій, вірус мог перадацца людзям пасьля ўжываньня якога-небудзь зь мясных або морапрадуктаў з рынку ва Ўхані.​
  • Распаўсюджваньне вірусу з Ухані параўноўваюць з другой успышкай каранавірусу ў Кітаі — SARS-CoV або атыповай пнэўманіі — у 2002-2003 гадах. Тады памерлі каля 800 хворых.
  • Улады Кітаю 24 студзеня заявілі, што самая першая пацыентка з новым каранавірусам выздаравела і выпісаная зь лякарні. 56-гадовая жанчына адчула сябе блага 10 студзеня, была шпіталізаваная 15-га.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Аляксандар Лукашэнка казаў, што беларусам наконт каранавірусу хвалявацца ня варта: «Мыйце рукі, менш абдымайцеся зь незнаёмымі людзьмі на вуліцы, усё астатняе — за Міністэрствам здароўя». Беларускія мэдыкі ж давалі больш дэталёвыя рэкамэндацыі.
  • У сувязі з распаўсюдам каранавірусу ў аэрапортах Беларусі, а таксама іншых краінаў узмацнілі захады бясьпекі: з дапамогай спэцыяльных рамак і іншых прыбораў вымяраюць тэмпэратуру людзей, якія ляцяць з Кітаю і іншых краінаў «групы рызыкі».
  • Вядзецца санітарны кантроль на ўсіх памежных пунктах пропуску ў Беларусь, у тым ліку з дапамогай цеплавізійнага абсталяваньня. Лябараторныя сродкі для выяўленьня 2019-nCoV ужо даставілі ў краіну.
  • Міністэрства аховы здароўя, а таксама міністэрства спорту і турызму параілі беларусам ня езьдзіць у Кітай.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя на многія іншыя рэсьпіратарныя захворваньні, неабходны дадатковы скрынінг.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG