Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Утойваньне фактаў і плата за данос: як улады Кітаю змагаюцца з каранавірусам


Каранавірус 2019-nCoV

Улады Ўханя ведалі аб эпідэміі каранавірусу, якая пагражае гораду, яшчэ ў пачатку студзеня, але імкнуліся старанна схаваць гэтую інфармацыю. Пра гэта сьведчыць гісторыя кітайскага лекара Лі Вэньляна, якую распавяла ВВС.

Паводле афіцыйных зьвестак, ад вірусу памерлі ўжо 427 чалавек, больш за 20 тысячаў захварэлі. У асноўным усе, хто заразіўся — жыхары Кітаю, аднак вірус распаўсюджваецца па ўсім сьвеце.

За межамі Кітаю пацьверджаны 150 выпадкаў заражэньня. Першы сьмяротны выпадак па-за мацерыковай часткай краіны адбыўся 2 лютага на Філіпінах, яшчэ адзін быў зарэгістраваны ў аўторак у Ганконгу.

Гісторыя доктара Лі

Незадоўга да ўспышкі сьмяротнага вірусу доктар-афтальмоляг з цэнтральнага шпіталя Ўханю Лі Вэньлян папярэдзіў аб небясьпецы, якая насоўваецца, сваіх калегаў-мэдыкаў, але неўзабаве да яго прыйшла паліцыя і загадала яму замаўчаць.

Празь месяц, у канцы студзеня, доктар Лі падрабязна апісаў гэтую гісторыю ў сваім пасце ў кітайскай сацыяльнай сетцы Weibo, знаходзячыся ў лякарні. У яго быў знойдзены каранавірус.

Яшчэ ў сьнежні летась у шпіталі, дзе ён працаваў, Лі заўважыў семярых пацыентаў зь вірусам, падобным на вірус атыповай пнэўманіі (SARS), які стаў прычынай глябальнай эпідэміі ў 2003 годзе.

Усе сямёра было зьмешчаныя ў карантын. Лекары палічылі, што ўсе выпадкі захворваньня так ці інакш зьвязаныя з рыбным рынкам Уханю.

30 сьнежня Лі Вэньлян напісаў паведамленьне ў агульным чаце лекараў шпіталя. У ім ён папярэджваў калегаў аб эпідэміі і раіў ім апранаць ахоўную адзежу.

Тады ён яшчэ ня ведаў, што хутка сьвет сутыкнецца з цалкам новым тыпам каранавірусу, проста ён зразумеў, што набліжаецца ўспышка.

Праз чатыры дні да яго прыйшлі супрацоўнікі праваахоўных органаў і загадалі падпісаць афіцыйнае папярэджаньне, у якім лекар абвінавачваўся ў распаўсюдзе ілжывых чутак, якія прыносяць шкоду грамадзкаму парадку.

«Мы вас папярэджваем, калі вы працягнеце нахабна ўпарціцца і весьці супрацьзаконную дзейнасьць, вы паўстанеце перад судом. Вам усё ясна?» — цытуе доктар Лі паперу. Унізе ад рукі ён быў вымушаны напісаць — «Так, мне ўсё ясна».

Лі Вэньлян прыклаў копію гэтага дакумэнту да свайго пасту ў Weibo. Улады Уханю папрасілі прабачэньня перад ім за перасьлед. Высьветлілася таксама, што ён — адзін з васьмі чалавек, якіх улады правяралі на прадмет распаўсюджваньня «шкодных чутак».

Праз тыдзень пасьля таго, як да яго прыходзіла паліцыя, доктар Лі прымаў пацыентку з глаўкомай, у якой яшчэ не было сымптомаў вірусу, але якая ўжо была яго носьбітам.

10 студзеня ў доктара Лі пачаўся кашаль, на наступны дзень паднялася тэмпэратура, а яшчэ праз два дні ён апынуўся ў шпітальным ложку. Неўзабаве ў шпіталь былі дастаўленыя і яго бацькі.

А яшчэ праз 10 дзён, піша лекар у сваім пасьце ў Weibo, Кітай афіцыйна прызнаў успышку эпідэміі і абвясьціў надзвычайную сітуацыю.

30 студзеня Лі Вэньлян напісаў яшчэ адно кароткае паведамленьне ў сацсетцы, у якім распавёў, што яго дыягназ — хвароба, выкліканая каранавірусам, пацьверджаны. Тысячы людзей пакінулі пад гэтым постам камэнтары са словамі падтрымкі і пажаданьнямі выздараўленьня.

Адзін з карыстальнікаў назваў доктара Лі героем і напісаў, што гісторыя гэтага лекара ілюструе трывожную сытуацыю, якая склалася ў Кітаі.

Кампанія нянавісьці

Сталы камітэт палітбюро ЦК КПК прызнаў памылкі ў тым, як улады адрэагавалі на ўспышку сьмяротнага каронавірусу. Падобныя прызнаньні — рэдкасьць у кітайскай палітычнай практыцы.

Студэнт аднаго з каледжаў Уханю Хармо Тан пасьля ўспышкі захворваньня вярнуўся ў свой родны горад Ліньхай. Празь пяць дзён да яго прыйшлі прадстаўнікі службы бясьпекі.

Ён сказаў ім, што самаізаляваўся ад кантактаў з навакольным сьветам і сядзіць дома, аднак яго папрасілі падаць усю пэрсанальную інфармацыю, у тым ліку нумар пашпарту і дзень вяртаньня з Уханю.

Неўзабаве яго дадзеныя пачалі распаўсюджвацца ў сацыяльнай сетцы разам з дадзенымі іншых жыхароў Ліньханя, якія пабывалі ва Ўхані.

Яшчэ праз некалькі дзён паліцыя аплямбавала дзьверы кватэры Хармо Таня і павесіла шыльдачку — «тут жыве вяртальнік з Уханю». На шыльдзе таксама быў паказаны тэлефон, па якім суседзі павінныя патэлефанаваць, калі ўбачаць, як Тань або чальцы яго сям’і пакідаюць кватэру.

Узнагарода за данос

Улады Кітая заклікаюць паставіцца з разуменьнем да такіх захадаў, улічваючы, што краіна перажывае надзвычайную сытуацыю, і ўжо больш за 420 чалавек памерлі ад каранавірусу.

Аднак праваабаронцы і актывісты ўпэўненыя, што супраць жыхароў правінцыі Хубэй, адкуль пачаўся распаўсюд вірусу, вядзецца мэтанакіраваная кампанія.

У адной з паўночных правінцый краіны мясцовым жыхарам паабяцалі ўзнагароджаньне ў тысячу юаняў (каля 140 даляраў) за інфармацыю пра кожнага прыежджага з Уханю.

У правінцыі Цзянсу ўлады забарыкадавалі дзьверы ў кватэру сям’і, якая нядаўна пабывала ва Ухані, мэталічнымі кратамі, падобнымі на турэмныя, піша New York Times. Прадукты ім пастаўляюць суседзі, спускаючы сумкі на вяроўцы зьверху на іх балькон.

21-гадовай студэнтцы, якая вярнулася з Уханю ў родны горад у цэнтральным Кітаі, не дазволілі паехаць у суседнюю вёску на пахаваньне дзядулі, хоць з моманту яе вяртаньня з заражанай зоны прайшло больш часу, чым прадпісаныя для карантыну 14 дзён.

Яе асабістыя зьвесткі апынуліся ў інтэрнэце, і яна пачала атрымліваць званкі з пагрозамі. Дзяўчына прыгадвае, што адзін з тых, хто тэлефанаваў сказаў: «Навошта ты вярнулася ў наш горад, уханьскі сабака».

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • УЖЫВУЮ Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі
  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Проста чханьне — не сымптом каранавірусу.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

25 новых адказаў пра каранавірус ад Сусьветнай арганізацыі здароўя, мэдычных аўтарытэтаў і з найлепшай практыкі

Пашырэньне каранавірусу ў сьвеце. Гадзіна за гадзінай

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG