Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінздароўя: каранавірус у Беларусь не пранікне


Пасажыры кітайскага рэйсу ў менскім аэрапорце, архіўнае фота
Пасажыры кітайскага рэйсу ў менскім аэрапорце, архіўнае фота

Каранавірус з Кітаю ў Беларусь ня трапіць, таму што ўсе беларусы, якія зьвярнуліся ў беларускую амбасаду з просьбай дапамагчы вярнуцца з Уханю на радзіму, застаюцца на 14-дзённы карантын у Казахстане і Расеі. Усіх астатніх, хто прылятае сюды з Кітаю, двойчы правяраюць на каранавірус, запэўніваюць у Міністэрстве аховы здароўя Беларусі.

«Беларусы, якія выказалі жаданьне вярнуцца зь небясьпечных рэгіёнаў Кітаю, сюды адразу не прыляцяць, яны будуць знаходзіцца ў карантыне 14 дзён», — запэўніла Свабоду прэсавы сакратар Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун.

Мінздароўя Беларусі шчыльна ўзаемадзейнічае зь Мінздароўя Расеі па сытуацыі зь беларускімі грамадзянамі, якія зьвярнуліся па дапамогу ў амбасаду Беларусі ў Пэкіне.

«Яны будуць дастаўленыя сёньня-заўтра расейскім самалётам з Кітаю ў Расею, пройдуць там карантын і толькі пасьля вярнуцца на радзіму», — сказала Юлія Барадун.

Яшчэ пяцёра беларусаў, якіх эвакуавалі з Уханя 2 лютага, знаходзяцца на карантыне ў Нур-Султане. Як казаў раней міністар аховы здароўя Беларусі Ўладзімер Каранік, у эвакуаваных беларусаў няма ніякіх прыкметаў хваробы, іх здароўе не выклікае ніякіх апасеньняў.

«Кітайскія студэнты і рабочыя, якія вучацца ці працуюць у Беларусі і паляцелі на радзіму на кітайскі Новы год, сюды адразу не прыляцяць. Ім працягнулі вакацыі і адпачынкі на 2 тыдні. Яны будуць таксама спачатку ў карантыне. Усіх, хто прылятае сюды, мы правяраем двойчы. Не перажывайце, вірус у Беларусь не пранікне», — запэўніла Юлія Барадун.

Яна дадала, што тэстаў на каранавірус дастаткова, лекамі ўсе клінікі на ўсялякі выпадак забясьпечаныя, але ніякай небясьпекі няма.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG