Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуску не пусьцілі на самалёт Сіань — Екацярынбург, бо не расейская грамадзянка


Ілюстрацыйнае фота

«Уральские авиалинии» 2 лютага адмовілі нерасейскім грамадзянам у палёце маршрутам Сіань — Екацярынбург. Сярод тых, каго не пусьцілі на борт, была беларуска Натальля, піша Tut.by.

Таксама на борт самалёта ня трапілі грамадзяне Армэніі, Казахстану і Таджыкістану.

Натальля расказала, што вярталася з Кітаю ў Беларусь маршрутам Сіань — Екацярынбург — Масква — Менск.

Жанчына мусіла выляцець з Сіаня 3 лютага, але спачатку ёй перанесьлі час вылету на 2 лютага, а калі яна прыехала ў аэрапорт, квіткі на рэйс ня выдалі.

«Іншыя людзі, якіх не пусьцілі на пасадку, спрабуюць стэлефанавацца са сваімі амбасадамі. Дакумэнты ў аэрапорце аб тым, чаму нас не пускаюць на рэйс, не паказалі. У шмат каго стыковачныя рэйсы».

У амбасадзе Беларусі дзяўчыне патлумачылі, што цяпер чартарнымі рэйсамі з Кітаю будуць перавозіць толькі грамадзян Расеі. Прадстаўнікі аэрапорту прынялі рашэньне вярнуць пасажырам, якія ня вылецелі, грошы за квіткі.

З 3 лютага Расея часова спыніла рух усіх пасажырскіх цягнікоў у Кітай.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус з Кітаю

  • Невядомы вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году. Спачатку паведамлялі, што ва Ўхані была зарэгістраваная ўспышка пнэўманіі, аднак мэдыкі высьветлілі, што прычынай хваробы стаў раней невядомы від каранавірусу.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease). Вірус спачатку меў назву 2019-nCov, цяпер афіцыйна завецца SARS-CoV-2.
  • Па стане на раніцу 27 лютага, ад новага вірусу па ўсім сьвеце памерлі ўжо 2801 чалавек, афіцыйна пацьвердзілі больш за 82 тысячы выпадкаў заражэньня вірусам (абсалютная большасьць выпадкаў хваробы і сьмерцяў ад яе фіксуюць у Кітаі). За распаўсюдам вірусу можна сачыць тут (дадзеныя абнаўляюцца штодзённа).
  • На 27 лютага 1595 выпадкаў COVID-19 зафіксавалі ў Паўднёвай Карэі, 453 — у Італіі, 189 — у Японіі, 139 — у Іране. У іншых краінах — менш за сотню пацьверджаных выпадкаў.
  • 11 студзеня ў Кітаі зафіксавалі першую сьмерць ад хваробы. Кітайскія ўлады прызналі, што вірус можа перадавацца ад чалавека да чалавека, прычым нават падчас інкубацыйнага пэрыяду.
  • Улады Кітаю часова закрывалі ўезд і выезд з 10 гарадоў.
  • Сусьветная арганізацыя аховы здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, і ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса. Паводле адной з вэрсій, вірус мог перадацца людзям пасьля ўжываньня якога-небудзь зь мясных або морапрадуктаў з рынку ва Ўхані.​
  • Распаўсюджваньне вірусу з Ухані параўноўваюць з другой успышкай каранавірусу ў Кітаі — SARS-CoV або атыповай пнэўманіі — у 2002-2003 гадах. Тады памерлі каля 800 хворых.
  • Улады Кітаю 24 студзеня заявілі, што самая першая пацыентка з новым каранавірусам выздаравела і выпісаная зь лякарні. 56-гадовая жанчына адчула сябе блага 10 студзеня, была шпіталізаваная 15-га.
  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Аляксандар Лукашэнка казаў, што беларусам наконт каранавірусу хвалявацца ня варта: «Мыйце рукі, менш абдымайцеся зь незнаёмымі людзьмі на вуліцы, усё астатняе — за Міністэрствам здароўя». Беларускія мэдыкі ж давалі больш дэталёвыя рэкамэндацыі.
  • У сувязі з распаўсюдам каранавірусу ў аэрапортах Беларусі, а таксама іншых краінаў узмацнілі захады бясьпекі: з дапамогай спэцыяльных рамак і іншых прыбораў вымяраюць тэмпэратуру людзей, якія ляцяць з Кітаю і іншых краінаў «групы рызыкі».
  • Вядзецца санітарны кантроль на ўсіх памежных пунктах пропуску ў Беларусь, у тым ліку з дапамогай цеплавізійнага абсталяваньня. Лябараторныя сродкі для выяўленьня 2019-nCoV ужо даставілі ў краіну.
  • Міністэрства аховы здароўя, а таксама міністэрства спорту і турызму параілі беларусам ня езьдзіць у Кітай.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя на многія іншыя рэсьпіратарныя захворваньні, неабходны дадатковы скрынінг.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG