Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітайскі доктар, які першым папярэдзіў пра каранавірус, памёр двойчы ў дзяржаўных СМІ


Кітайскае англамоўнае дзяржаўнае выданьне Global Times другі раз памяняла сваё ранейшае паведамленьне пра тое, што памёр доктар Лі Вэньлян, які першым папярэдзіў пра эпідэмію каранавірусу і сам заразіўся гэтай хваробай.

Спачатку Global Times паведаміла 6 лютага, што 34-гадовы Лі Вэньлян памёр у той самы дзень у правінцыі Ўхань. Неўзабаве пасьля гэтага афіцыйная газэта кампартыі People Daily пацьвердзіла, што Лі памёр, кажучы, што яго сьмерць выклікала «нацыянальнае гора».

Празь нейкі час цэнтральны шпіталь Ухані выдаў заяву, у якой гаворыцца, што Лі Вэньлян не памёр, але знаходзіцца ў крытычным стане, і лекары спрабуюць рэанімаваць яго. Прыблізна ў гэты самы час паведамленьні Global Times і People Daily пра сьмерць Лі выдаляюцца з інтэрнэту.

Каля 4 гадзіны ночы 7 ліпеня згаданы шпіталь паведаміў аб сьмерці Лі Вэньляна. Адпаведныя паведамленьні пра яго сьмерць зьявіліся неўзабаве ў Global Times і People Daily.

У сьнежні 2019-га Лі падзяліўся інфармацыяй у групе выпускнікоў мэдыцынскага інстытуту ў папулярным кітайскім мэсэнджары WeChat. Ён напісаў, што ў сямі пацыентаў дыягнаставалі хваробу, падобную да вірусу SARS, і яны знаходзяцца ў карантыне. Лі параіў папярэдзіць сваіх блізкіх, і ўжо празь некалькі гадзін інфармацыя шырока распаўсюдзілася. Улады абвінавацілі яго і шэраг іншых дактароў у распаўсюджваньні чутак, і ў мэдыкаў пачаліся праблемы з паліцыяй.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG