«Ззззз...» — чаму Освальд не дажыў да 80 гадоў

  • Аляксандар Лукашук

23 лістапада 1963 году. Лі Гарві Освальд пасьля затрыманьня пасьля забойства прэзыдэнта ЗША.

Сёньня насякомаму па прозьвішчы Лі Гарві Освальд споўнілася б 80 гадоў. Толькі 80! — усклікнула мая калега. А адчуваньне, быццам гістарычныя эпохі зьмяніліся — столькі тэктанічных зрухаў адбылося за апошнія дзесяцігодзьдзі.

Эпохі сапраўды зьмяніліся, але характар спрэчак пра забойства амэрыканскага прэзыдэнта Кенэдзі застаўся бязь пераменаў. Да катэгорыі насякомых Освальда ўпершыню аднёс ня я, хоць мая кніжка пра жыцьцё Освальда ў Менску на пачатку 1960-х называлася «Сьлед матылька».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аляксандар Лукашук: Мая кніга не пра тое, хто і як забіў Кенэдзі

Насякомым упершыню назваў забойцу прэзыдэнта ЗША адзін з разгубленых рэцэнзэнтаў кніжкі Нормана Мэйлера «Гісторыя Освальда». Мэйлер пісаў сваю кнігу і ў Менску, і ў Амэрыцы, і партрэт Освальда, яго матывацыі, абставіны стрэлаў у Даласе і адказы Мэйлера на галоўнае пытаньне «чаму» выклікалі надзвычайнае расчараваньне чытача.

Your browser doesn’t support HTML5

Освальд у Менску

Выходзіць, пісаў рэцэнзэнт, Джон Кенэдзі, самы моцны і абаронены чалавек у сьвеце загінуў ад насякомага. А так, канечне, не магло і ня можа быць — павінна быць змова з удзелам ЦРУ і КДБ, Фідэля Кастра і Мікіты Хрушчова, амэрыканскіх крайне правых і ўльтралевых, гомасэксуалістаў і камуністаў.

Насякомыя да 80 гадоў, як вядома, не жывуць. Але наконт сілы і бясьсільля ў мяне толькі адно пытаньне: вы калі-небудзь спрабавалі заснуць ноччу ў пакоі, у якім лётае толькі адзін камар?..

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.