Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў ЗША адкрываюць апошнія 3100 дакумэнтаў, пераважна з грыфам ФБР і ЦРУ, з расьсьледаваньня забойства прэзыдэнта Джона Кенэдзі (1917-1963).

За апошнія тры дзесяцігодзьдзі былі рассакрэчаны каля 30 тысяч дакумэнтаў сьледзтва, раней недаступных шырокаму колу дасьледчыкаў. Частка зь іх была створана камісіяй Ўорэна, якая ад пачатку расьсьледавала забойства і прызнала Лі Гарві Освальда забойцам, які дзейнічаў сам па сабе, частка зьявілася пазьней.

Чаму гэтыя дакумэнты адкрываюцца цяпер — бо 26 кастрычніка 1992 году тагачасны прэзыдэнт Дордж Буш-старэйшы падпісаў закон, які прадпісваў рассакрэціць усе дакумэнты на працягу наступных 25 гадоў. Сёньня, якраз праз чвэрць стагодзьдзя, прэзыдэнт Трамп робіць гэтыя дакумэнты публічнымі, і яны будуць выстаўленыя на сайце Нацыянальнага архіву ЗША.

Аляксандар Лукашук
Аляксандар Лукашук

Сьледчая справа пра забойства Кенэдзі — самая вялікая ў гісторыя чалавецтва па колькасьці створаных дакумэнтаў, напісаных артыкулаў, зьнятых фільмаў, выдадзеных кніг. І тым ня менш — няпоўная. Калі амэрыканская частка сьледзтва, зьвязаная пераважна з паездкамі Освальда ў Мэксыку ў савецкае пасольства, яго сувязямі з Кубай, зараз стане цалкам адкрытая, яго менская справа па-ранейшаму засакрэчаная.

У сваёй кнізе «Сьлед матылька», прысьвечанай менскаму пэрыяду Освальда, я расказваў пра спробу амэрыканскай адміністрацыі ўжо ў часы Клінтана атрымаць доступ да дакумэнтаў Менскага КДБ. З Вашынгтону ў Беларусь у 1996 годзе прыяжджалі кіраўнікі афіцыйнай «Рады ў справе перагляду дакумэнтаў забойства». Ім паказалі «справу Освальда», але не дазволілі зрабіць копіі. Уся менская частка заняла адну старонку іх справаздачы. Рада тлумачыла гэта пагаршэньнем адносінаў паміж Беларусьсю і ЗША, і ставіла задачу на будучыню:

«Рада настойліва рэкамэндуе прыкласьці ўсе магчымыя намаганьні, каб атрымаць для амэрыканскага народу гэтыя важныя дакумэнты пра дзейнасьць абвінавачанага забойцы Лі Гарві Освальда ў гады перад забойствам».

Джон Кенэдзі за імгненьне да стрэлу
Джон Кенэдзі за імгненьне да стрэлу

З таго часу адносіны паміж дзьвюма краінамі істотна не палепшыліся, хутка будзе дзесяць год, як няма нават амбасадараў.

Але амэрыканцы сёньня атрымоўваюць сваю частку архіву. Што чакаць ад новых дакумэнтаў — сур’ёзныя гісторыкі, якія шмат працавалі з гэтай тэмай, не прадбачваюць кардынальных зьменаў у разуменьні трагедыі. Гісторыкі лічаць, што, магчыма, пральецца сьвятло на тыднёвую паездку Освальда у Мэксыку, яго візыты у савецкую і кубінскую амбасады, магчыма, нейкая ўжо вядомая інфармацыя адкрыецца па-новаму ў гэтым сьвятле. Напэўна, стануць больш вядомыя спосабы, якімі ЦРУ сачыла за савецкімі дыпляматамі і амбасадамі. У любым выпадку — спатрэбяцца тыдні, каб разабрацца з гэтым масівам.

Кніга «​Сьлед матылька. Освальд у Менску». Гісторыя двух гадоў жыцьця ў беларускай сталіцы Лі Гарві Освальда — амэрыканскага грамадзяніна, які стаў забойцам прэзыдэнта ЗША Джона Кенэдзі

Я працягваў дасьледаваньне менскага пэрыяду Освальда і пасьля выхаду маёй кнігі ў 2011 годзе. Сёлета яна выйшла ў перакладзе па-расейску пад назвай «Освальд в Минске. Поэма» — але значна павялічаная і ўдакладненая.

Галоўным дадаткам сталіся разьдзелы, напісаныя пасьля сустрэчы з Лорэнсам Шылерам, які разам з амэрыканскім пісьменьнікам Норманам Мэйлерам працаваў у Менску ў 1993 годзе ў архівах КДБ. Менавіта Шылер дамогся доступу да гэтых дакумэнтаў — таго, чаго не змаглі зрабіць афіцыйныя прадстаўнікі ЗША. Шылер тайна вывез копіі дакумэнтаў КДБ у Амэрыку, яны захоўваюцца ў яго прыватным архіве. Ён расказваў мне, як дазволіў агентам ФБР пазанёміцца зь імі ў прысутнасьці свайго адваката, але ня даў права скапіяваць.

Зрэшты, уся гэтая гісторыя цяпер падрабязна апісаная ў гэтай новай кнізе, выдадзенай сёлета выдавецтвам «Галіяфы».

Пытаньне ў іншым: калі будзе адкрыты доступ да менскай справы Освальда айчынным дасьледнікам? Некалі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што глядзеў гэтую справу і «няма там нічога такога, каб ірваць на сабе валасы і плакацца».

Ну дык адкрыйце.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG