Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як рассакрэчвалі справу Освальда ў Менску

  • Аляксандар Лукашук

Прэзэнтацыя кнігі Аляксандра Лукашука «Освальд в Минске. Поэма», 2017 год

Друкуецца паводле кнігі Аляксандра Лукашука «Освальд в Минске. Поэма» (Менск, «Галіяфы» 2017.)

«...наносіць шкоду інтарэсам Рэспублікі Беларусь і падлягае канфіскацыі. Грамадзяніну Норману Мэйлеру выносіцца афіцыйнае папярэджаньне за парушэньне дзеючага заканаўства РБ і прысуджаецца штраф у памеры 50 мінімальных велічыняў. Уезд у Рэспубліку Беларусь забаронены на тры гады».

Гэтай гістарычнай цытаты на пачатку кнігі Нормана Мэйлера «Гісторыя Освальда», якая выйшла ў Амэрыцы ў 1995-м, няма, бо ў КГБ ня ведалі, што Мэйлер і яго суаўтар Лорэнс Шылер амаль не пабіліся на вузкай лесьвічнай пляцоўцы аднаго менскага 5-павярховага дома. Бо калі б ведалі, з-за чаго, дык гісторыя магла разгарнуцца трохі іначай — прынамсі, для банкаўскіх рахункаў аўтараў і выдавецтва Random House.

Прэзэнтацыя кнігі Аляксандра Лукашука «Освальд в Минске. Поэма», 2017 год
Прэзэнтацыя кнігі Аляксандра Лукашука «Освальд в Минске. Поэма», 2017 год

Жыцьцё літаратурнага дэсанта ў Менску, дзе Мэйлер і Шылер напрыканцы 1992-га пачатку 1993-га працавалі з архівам КГБ, падыходзіла да завяршэньня. Інтэрвію, гутаркі са знаёмымі Освальда адразу транскрыбаваліся і перакладаліся на ангельскую і па сатэлітнай сувязі адпраўляліся ў Вену разам зь іншымі матэрыяламі, бо Шылер разумеў, што доступ можа скончыцца ў любы момант. Адбываліся і іншыя зьмены: Шылер ажаніўся ў Менску з перакладчыцай Людмілай Перасьветавай, якую ведаў яшчэ з часоў працы нада «Пятром Вялікім».

— Каб дапамагчы з амэрыканскай візай, я тады зноў быў нежанаты — тлумачыў мне Шылер. — Амбасадар Суорц правёў афіцыйную цырымонію, і Людміла змагла падаць на зялёную карту для сябе і дачкі.

Дзярждэпартамэнт ЗША таксама цікавіла архіўная справа Освальда, але амбасадар Суорц, заняты мірыядам іншых гарачых клопатаў, ня надта настойліва выконваў запыт.

— У пэўны момант я зразумеў, што трэба нешта зрабіць, што без усякіх умоўнасьцяў, доказна сьведчыла бы пра наш доступ да архіву КГБ. Калі нам не павераць. Трэба было зрабіць копіі і вывесьці іх за мяжу, каб іх заўсёды можна было прадэманстраваць.

Капіравальныя машына ў КГБ была. І не савецкая ЭРА, а цалкам прыстойны Ксэракс. Шылер замовіў у Аўстрыі паперу фрамата А4 і тонэр для машыны.

— Каб ніхто не заўважыў, што папера ці тонэр у КГБ сканчаюцца занадта хутка.

Шылер хацеў усё мець у трох экзэмплярах. У адказ на самае маё пытаньне — хто ж рабіў, як удалося, Шылер толькі ўсьміхнуўся.

— Не магу назваць. У КГБ працавала шмат розных людзей, скажам так.

Але кошт назваў — 25 тысяч даляраў.

Ідэя Шылера выглядала так: усе скапіяваныя з архіўнай справы дакумэнты падзяліць на трох: адзін асобнік павязе празь мяжу Мэйлер, другі Перасьветава, трэці ён сам. Выяжджаць будуць з трох месцаў, зь Менска, Масквы і Пецярбурга, і калі затрымаюць аднаго, копіі вывязуць іншыя.

Сварка з ужываньнем фізычнай сілы на лесьвіцы пачалася, калі Шылер расказаў пра свой плян Мэйлеру. Той быў у ярасьці: нас затрымаюць, арыштуюць, вышлюць, прападзе ўся праца.

Ня выключана, што штурханіна ў пад’езьдзе завершылася б візытам у шпіталь. Тым болей, што Мэйлер ужо аднойчы пасклізнуўся на менскай вуліцы, упаў і хуткая адвезла яго ў траўмапункт, дзе зрабілі рэнтген — пералому тады не было. Але падзеньне з прыступак у немаладым узросьце (Мэйлеру ў Менску споўнілася 70, Шылеру 57) — не самае прыемнае выпрабаваньне.

Нягледзячы на розьніцу ў гадах, сутычка магла скончыцца блага і для Шылера. Мэйлер займаўся боксам, і пасьля адной бурнай літспрэчыкі адправіў у накдаўн свайго даўняга антаганіста, вядомага амэрыканскага пісьменьніка Гора Відала. Той, лежачы, прыўзьняўся на локце і нанёс аплявуху ў адказ:

— Словы, як звычайна, Норману непадуладныя.

Але тады на менскай лесьвіцы абыйшлося без траўмаў.

Ужо перад ад’ездам Мэйлер сказаў Шылеру: а можа нас усё ж затрымаюць? Вось будзе рэкляма для кнігі — лепш не прыдумаць!

Насамрэч ужо прыдумвалі — у тым самым выдавецтве Random House быў менавіта такі выпадак, які ўвайшоў у гісторыю літаратуры 20-га стагодзьдзя. Сёньня, на пачатку 21-га стагодзьдзя, гэта самае вялікае выдавецтва ў сьвеце, але на пачатку 1930-х, калі яму не было і пяці гадоў, гэта даволі малавядомае выдавецтва заключыла кантракт з Джэймсам Джойсам на выданьне рамана «Уліс». Слава рамана расла, але ён ні разу ня быў выдадзены ні ў Вялікабрытаніі, ні ў Амэрыцы, фактычна нідзе у англафонскім сьвеце — раман лічылі парнаграфічным. У Амэрыцы, аднак, ва ўсю прадаваліся падпольныя эксзэмпляры і пісьменьнік нёс страты. Тады і была прыдумана апэрыцыя легалізацыі рамана праз мытню. Агент увёз асобнік, паказаў мытніку, той адмахнуўся, маўляў, чаго там, для сябе можна, але пасьля скандала і ціску з выдавецтва асобнік быў сканфіскаваны, што ўрэшце рэшт адкрыла дарогу да суду і потым да афіцыйнага апраўданьня кнігі. Пастанова суду стала аснаватворнай для вызначэньня парнаграфіі і потым часта друкавалася замест прадмовы да «Уліса». Формула «хутчэй выклікае ваніты, чым ўзбуджае» адкрыла новую эпоху для літаратуры і мастацтва ў ЗША — але на пачатку былі канфіскацыя.

Мастацтва канфіскацыі зьяўляецца найважнейшым з усіх дзяржаўных мастацтваў у Беларусі. Аднак у КГБ ня ведалі пра копіі, не падслухалі сварку дырэктара і аўтара кнігі пра кантрабанду, на мытнях на пачатку 1990-х перасталі зьвяртаць ўвагу на кнігі, ня тое што на паперкі з друкаванымі словамі, і сакрэтныя копіі ўрэшце апынуліся ў архіве Шылера на Жалезнай Гары, штат Ню Ёрк, дзе знаходзяцца і цяпер.

Прычым захаваныя ня менш надзейна, чым у Менскім КГБ. Калі ў Кангрэсе ЗША ізноў разглядалася пытаньне забойства Кенэдзі, Шылер адмовіўся прадаставіць гэтыя копіі Кангрэсу, і закон аказаўся на яго баку. Аднойчы ён іх дастаў: прыйшлі два агенты ФБР і папрасілі копіі, каб параўнаць з тымі матэрыяламі, якія у 1999 годзе ўрад Ельцына перадаў Беламу дому — ці няма якіх падробак, купюраў. Шылер зноў адмовіўся аддаць копіі ці зрабіць новыя, але дазволіў агентам параўнаць тэксты пад наглядам сваіх прадстаўнікоў. Сам ён у пакоі не прысутнічаў, пасьля некалькіх гадзінаў працы агенты разьвіталіся і зыйшлі, і Шылер больш ніколі іх не бачыў.

Менскую кантрабанду КГБ коштам у 25 тысяч даляраў пасьпяхова вывезьлі, скандалу не атрымалася, рэклямная нагода была страчаная.

Кніга выйшла без прадмовы ад КГБ. Кантрабандыстам не пашанцавала.

Аляксандр Лукашук на прэзэнтацыі сваёй кнігі «Освальд в Минске. Поэма», 2017 год
Аляксандр Лукашук на прэзэнтацыі сваёй кнігі «Освальд в Минске. Поэма», 2017 год

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG