Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усе кнігі Бібліятэкі


Сьпіс усіх выданьняў Бібліятэкі Свабоды ХХІ стагодзьдзя - кнігі, аўдыёкнігі, мультымэдыйныя дыскі

67. Алена Струвэ. Турма, мужчына і жанчына. 2018 (PDF) У кнізе «Турма, мужчына і жанчына. Як сядзяць у сучаснай Беларусі» — дакумэнтальныя споведзі людзей з крымінальным досьведам, удзельнікаў перадачы «Свабода ў турмах», якая выходзіла на Радыё Свабода ў 2011–2017 гг. Калі сабраць усіх зьняволеных у Беларусі разам, атрымаецца невялікі горад са сваімі традыцыямі і парадкамі, дзе ёсьць месца гору і радасьці, подласьці і высакародзтву, каханьню і нянавісьці, хваробам і сьмерці, палітычным і пабытовым канфліктам, творчасьці, гумару.

66. Сяргей Абламейка. Нечаканы Скарына. 2018 (PDF) ​Кнігу складае аўтарскае эсэ ў 25 частках «Нечаканы Скарына», у якім прадстаўлены новы погляд на асобу Францішка Скарыны і арыгінальныя гістарыясофскія канцэпцыі для разуменьня ягонай дзейнасьці, даробку і шчыльных сувязяў з італьянскім Рэнэсансам. Другую частку кнігі складаюць аўтарскія інтэрвію зь беларускімі, аўстрыйскімі, італьянскімі, польскімі, францускімі і чэскімі навукоўцамі, якія расказваюць пра эпоху Скарыны і новыя знаходкі ў скарыназнаўстве.​

65. Сяргей Шупа. Падарожжа ў БНР. 2018 (PDF) Кніга «Падарожжа ў БНР» уяўляе сабой дасьціпны і ўпарадкаваны паказ у гістарычным кантэксьце арыгінальных дакумэнтаў і матэрыялаў, якія захоўваюцца ў фондах БНР у архівах Менску і Вільні. Яна занадта маляўнічая, каб быць гістарычнай манаграфіяй, і занадта стрыманая ў аўтаравай фантазіі, каб быць літаратурным творам, адсюль і жанр — «архіўны раман». На яе старонках у трох сотнях кароткіх фрагмэнтаў апісваецца ўзьнікненьне цуду, які адбыўся 100 гадоў таму — незалежнай Беларусі.

64. Івонка Сурвіла. Дарога. 2018 (PDF) Дзейная старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла расказвае гісторыю свайго жыцьця і адказвае на сто пытаньняў з нагоды 100-годзьдзя абвяшчэньня БНР.

63. Міхась Скобла. Высьпятак ад Скарыны. 2017 (PDF) Блогі і дыялёгі Міхася Скоблы, у якіх аўтар прапануе свой адказ на пытаньні: чаму Скарына бы радаваўся, на што гневаўся, чым цешыўся, за што і каму даў бы высьпятка ў сёньняшняй Беларусі? Цікава, ці пазнаў бы першадрукар свае словы ў пераказе Алеся Разанава?

62. Сяргей Навумчык. Дзевяноста другі. 2017 (PDF) «Дзевяноста другі» — Сяргей Навумчык разглядае 1992-гі, калі быў забаронены рэфэрэндум аб датэрміновых выбарах у Вярхоўны Савет, як год пачатку драмы беларускай дэмакратыі. Раней пабачылі сьвет кнігі «Дзевяноста першы», «Дзевяноста чацьверты», «Дзевяноста пяты». Рыхтуюцца да выхаду «Дзевяноста трэці». Ашаламляльнае падарожжа ў будычыню, якая пакуль застаецца ў мінулым. «Людям посполітым к доброму наученію», як сказаў бы Скарына.

61. Вінцук Вячорка. Не сьмяшыце мае прыназоўнікі. 2017 (PDF) «Не сьмяшыце мае прыназоўнікі» — працяг папулярнай кнігі «Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам», дзе аўтар дасьціпна і дасьведчана распавядае, як казаць дакладна і прыгожа дома, у краме, на мітынгу, у дарозе, на іспытах, каб родная мова жыла ўсюды. Першая кніга «Бібліятэкі» на падставе відэаперадачаў — Скарына быў бы ўражаны.

60. 100 словаў. 2017 (PDF) Кніга — анталёгія найлепшых тэкстаў, якія зьявіліся ў рубрыцы «100 словаў» на сайце Радыё Свабода ў 2014–2016 гг. Рубрыка набыла вялікую папулярнасьць сярод чытачоў сайту Свабоды, стаўшы дэмакратычнай плятформай для адмену творчым досьведам паміж прызнанымі аўтарамі і пачаткоўцамі.

59. Зьміцер Бартосік. Быў у пана верабейка гаварушчы. 2016 (PDF) У гэтай кнізе няма агульнавядомых фактаў і амаль няма вядомых сюжэтаў. Аўтар сабраў разам гісторыі, пра якія сьведкі адважыліся распавесьці толькі напрыканцы жыцьця. Тым ня менш, факты і сюжэты складаюцца ў карціну Беларусі ХХ стагодзьдзя.

58. Алексиевич на Свабодзе. 2016 (PDF) Пад адной вокладкай у перакладзе на расейскую мову сабраныя матэрыялы, якія больш чым паўтара дзесяцігодзьдзя гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.

57. Сяргей Навумчык. Дзевяноста першы. 2-е выданьне. 2016 (PDF) Гэта кніга пра тое, як дзякуючы спрыяльным абставінам і насуперак абставінам неспрыяльным у 1991 годзе Беларусь стала незалежнай.

56. Па-беларуску зь Вінцуком Вячоркам. 2016 (PDF) У кнізе сабраныя нарысы пра беларускую мову, пісаныя для Радыё Свабода у 2014–2016 гг. Жывая практыка і прыгажосьць, якія грунтуюцца на навуковым мовазнаўчым падмурку, спалучаюцца з эканомнай лёгкасьцю выкладаньня і тонкім філялягічным густам аўтара.

55. Алексіевіч на Свабодзе. 2015 (PDF) Пад адной вокладкай сабраныя матэрыялы, якія больш чым паўтара дзесяцігодзьдзя гучалі на хвалях Радыё Свабода — інтэрвію са Сьвятланай Алексіевіч, дыскусіі зь яе ўдзелам, рэпартажы пра сустрэчы з чытачамі ды іншыя тэксты пра першую ў Беларусі ляўрэатку Нобэлеўскай прэміі.

54. Сяргей Навумчык. Дзевяноста пяты. 2015 (PDF) Гэта — трэцяя кніга цыклю, прысьвечанага найноўшай гісторыі Беларусі і падзеям, удзельнікам якіх давялося быць аўтару ў якасьці дэпутата апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня. Увага чытача канцэнтруецца на галоўнай (паводле аўтара) падзеі году — рэфэрэндуме 1995 году.

53. Сяргей Абламейка. Мой Картаген. 2015 (PDF) Кнігу складаюць аўтарскія эсэ пра актуальныя праблемы нацыянальнай культуры, літаратуры і сучаснай грамадзкай думкі. Асобныя разьдзелы прысьвечаны гэтак званаму «русскому миру», а таксама цяперашняму стану архітэктурнай спадчыны Менску.

52. Уладзімер Арлоў. Імёны Свабоды. 3-е выд. 2015 (PDF) Дапоўненае выданьне. 300 партрэтаў герояў беларускай свабоды — ад лідэраў паўстаньняў XVIII стагодзьдзя да палітвязьняў XXI. Кніга — дапаможнік для напісаньня раманаў, здыманьня фільмаў, абароны дысэртацыяў, зьмены назваў плошчаў ды іншага.

51. Сяргей Навумчык. Дзевяноста чацьверты. 2015 (PDF) Як карнавал дэмакратыі ў 1994 ператварыўся ў хаўтуры. У новай кнізе аўтар, якому давялося быць удзельнікам і сьведкам падзеяў, апісвае першыя прэзыдэнцкія выбары.

50. Невясёлыя карцінкі. 2014 (PDF) Кожны будні дзень цягам пяці гадоў публікаваліся сатырычныя малюнкі мастака ДэЛёз, у якіх паказвалася беларуская (і ня толькі) рэальнасьць без касмэтыкі і бяз пафасу. У альбоме, які сабраў найлепшыя карцінкі, таямнічы мастак сустракаецца з загадкавым паэтам ДаСьлёз, і разам яны запрашаюць у камічную опэру жыцьця.

49. Юры Дракахруст. Сем худых гадоў. 2014 (PDF) У кнігу ўвайшлі 63 блогі, якія публікаваліся на сайце svaboda.org ад 2008 да 2014 году. Гэта і хроніка бягучых падзеяў, на якія аўтар апэратыўна адгукаўся, але адначасна і спроба разгадаць загадкі беларускай будзённасьці, вызначыць сэнсы таго, што адбываецца, прадбачыць трэнды пераменаў.

48. Жыцьцё пасьля раку. 2014 (PDF) Гісторыі анкалягічных хворых, якія пасьпяхова лечацца, ведаюць, што рак — гэта не прысуд, і дапамагаюць іншым усьвядоміць гэта і змагацца з хваробай.

47. Валянцін Жданко. Лісты пра Свабоду. 2014 (PDF) У выбраных лістах (2000–2014) з радыёперадачы «Паштовая скрынка 111» слухачы выказваюцца пра ролю і месца Радыё Свабода ў сваім жыцьці.

46. Валянцін Жданко. Лісты на Свабоду. 2014 (PDF) Выбраныя старонкі радыёперадачы «Паштовая скрынка 111» прысьвечаныя надзённым праблемам сучаснага жыцьця ў Беларусі (2000–2014).

45. Альгерд Бахарэвіч. Каляндар Бахарэвіча. 2014 (PDF) Кнігу склалі 366 эсэ пра гістарычныя падзеі кожнага дня году. Гэтая кніга стваралася ў Гамбургу і Менску, Уроцлаве і Вісбю, у цягніках і гатэлях, на выспах і вуліцах, яна рухалася наперад няўхільна, быццам стрэлка гадзіньніка, і пісалася, як мастацкае палатно, каб урэшце загучаць, як музыка.

44. Анатоль Лябедзька. 108 дзён і начэй у засьценках КДБ. Дзёньнік палітычнага закладніка. 2013 (PDF) Турэмны дзёньнік Анатоля Лябедзькі — дэталёвае апісаньне пекла, якім стала для палітычных вязьняў «амэрыканка», сумнавядомая турма КДБ у цэнтры Менску, адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году.

43. Сяргей Навумчык. Дзевяноста першы. 2013 (PDF) Аўтар кнігі быў непасрэдным удзельнікам падзеяў лёсавызначальнага 1991-га. На падставе ўспамінаў і захаваных дакумэнтаў ён распавядае, як, кім і пры якіх абставінах была здабытая незалежнасьць Беларусі.

42. Юрась Бушлякоў. Жывая мова. 2013 (PDF) «Жывая мова» — калекцыя практычных эсэ пра тое, як гаварыць па-беларуску правільна і прыгожа. На працягу сваёй рэдактарскай працы на Радыё Свабода аўтар выяўляў складаныя, спрэчныя ці памылковыя моманты ў жывой мове, аналізаваў іх і даваў парады, якія склалі цыкль радыёперадачаў і ляглі ў аснову гэтай кнігі.

41. Алег Грузьдзіловіч. Хто ўзарваў Менскае мэтро? 2013 (PDF) Аналіз судовага працэсу над абвінавачанымі ў тэракце ў менскім мэтро, дзе 11 красавіка 2011 году загінулі 15 чалавек. Рэпартаж з судовай залі, галасы падсудных і пацярпелых. Аўтар таксама дае асабістую ацэнку пабачанаму і пачутаму.

40. Юры Бандажэўскі Турма і здароўе. 2013 (PDF) Былы вязень сумленьня, доктар мэдыцыны Юры Бандажэўскі на падставе ўласнага досьведу напісаў дапаможнік, адрасаваны вязьням, якія не зьбіраюцца здавацца ва ўмовах няволі.

39. Валер Каліноўскі. Справа Бяляцкага. 2012 (PDF) Гэтая кніга ня столькі пра крымінальную справу № 11081100188, паводле якой Алесь Бяляцкі быў асуджаны на 4,5 года турмы, колькі пра справу ягонага жыцьця — абарону грамадзянскіх і культурных правоў чалавека.

38. Альгерд Бахарэвіч. Гамбурскі рахунак Бахарэвіча. 2012 (PDF) «Падручнік беларускай літаратуры ХХІ ст.» Суб’ектыўны погляд пісьменьніка на беларускую літаратурную клясыку.

37. Саўка ды Грышка. Сто песень. 2010-2012. Мультымэдыйны DVD-дыск. 2012 Поўны збор запісаў сатырычнага дуэту Лявона Вольскага з самім сабой на Радыё Свабода.

36. Слоўнік Свабоды: XX стагодзьдзе ў беларускай мове. 2012 (PDF) Слова на дзень для памяці і для роздуму.

35. Майстроўня. Гісторыя аднаго цуду. 2012 (PDF) Гісторыя Беларускай Сьпеўна-Драматычнай майстроўні (1981-1984) у асобах.

34. Уладзімер Арлоў. Імёны Свабоды. Аўдыёкніга. 2012

33. Уладзімер Арлоў. Пакуль ляціць страла. 2012 (PDF) Сто адказаў пісьменьніка на пытаньні чытачоў падчас сустрэчаў у бібліятэках і каля вогнішчаў, выступаў на кватэрах і ва ўнівэрсытэтах.

32. Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011. 2011 (PDF) Кніга храналягічна і тэматычна працягвае выданьне сэрыі «Адзін дзень палітвязьня» (2009), у якім даваліся партрэты апанэнтаў аўтарытарнага рэжыму, што былі зьняволеныя ў Беларусі ў 1996-2008 гады.

31. Аляксандр Лукашук. Сьлед матылька. Освальд у Менску. 2011 (PDF) Гісторыя двух гадоў жыцьця ў беларускай сталіцы Лі Гарві Освальда — амэрыканскага грамадзяніна, які стаў забойцам прэзыдэнта ЗША Джона Кэнэдзі.

30. Альгерд Бахарэвіч. Малая мэдычная энцыкляпэдыя Бахарэвіча. 2011 (PDF) Антынавуковае выданьне для шырокага кола дактароў-самавучак.

29. Саўка ды Грышка. Песьні праўды. Год першы. Мультымэдыйны DVD-дыск. 2011. Зборнік песень рок-сьпевака Лявона Вольскага, якія ён прэзэнтаваў у праекце Радыё Свабода «Саўка і Грышка».

28. Вячаслаў Ракіцкі. Сто адрасоў свабоды 1980-2010. 2011 (PDF) Спроба пазначыць 30 год змаганьня за дэмакратыю і незалежнасьць, удзельнікам ці сьведкам чаго быў сам аўтар.

27. Галасы салідарнасьці. Мультымэдыйны DVD-дыск. 2011 Былыя прэзыдэнты ЗША і Чэхіі Джордж Буш і Вацлаў Гавэл, усясьветна вядомыя дысыдэнты, філёзафы, парлямэнтары, міністры, пісьменьнікі, праваабаронцы чытаюць імёны людзей, якія пацярпелі за дэмакратыю ў Беларусі пасьля 19 сьнежня 2010 году.

26. Галіна Руднік. Птушкі пералётныя. 2011 (PDF) Успаміны вэтэрана Свабоды. Дзяцінства ў краіне Сталіна, юнацтва ў нямецкіх лягерах уцекачоў і ўсё астатняе жыцьцё — з Радыё Свабода. Расповед, які зьнітоўвае лёс выдатных людзей 20 стагодзьдзя.

25. Сто бардаў Свабоды. Мультымэдыйны DVD-дыск. 2011 Гэта зборнік гутарак і песень 100 удзельнікаў аднайменнай перадачы Радыё Свабода.

24. Вячаслаў Ракіцкі. Беларуская Атлянтыда. Кніга другая: Міты і брэнды калянізаванай нацыі. 2010 (PDF) Шукае нашае ў чужым, чужое ў сваім і сваё ў нашым. Вячаслаў Ракіцкі гутарыць зь вядомымі філёзафамі, гісторыкамі, культуролягамі, пісьменьнікамі пра нацыянальныя і каляніяльныя міты і брэнды двух апошніх стагодзьдзяў.

23. Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому. Аўдыёкніга. 2010 Кніга гучыць у аўтарскім выкананьні. Запіс зроблены ў 2002 годзе ў Празе ў студыі Радыё Свабода. Працягласьць гучаньня — 6 гадзін і 22 хвіліны, тыя самыя лічбы пазначаюць і дату сьмерці Васіля Быкава — 22 чэрвеня.

22. Барды Свабоды. Мультымэдыйны DVD-дыск. 2010 Гэта зборнік гутарак і песень 50 ўдзельнікаў аднайменнай перадачы радыё Свабода. Цягам амаль двух гадоў кожны тыдзень на Радыё запісваліся барды, і вядомыя, раскручаныя, і зусім маладыя. З найлепшых іх твораў склалі дыск.

21. Міхась Скобла. Вольная студыя. 2009 (PDF) 50 гутарак пра свабоду думаць, ствараць і памятаць у сучаснай Беларусі. Інтэлектуальны і эстэтычны фэст, вяршыня дзесяцігадовага радыёцыклю аўтарскіх штонядзельных дыялёгаў з выдатнымі сучасьнікамі.

20. Сяргей Дубавец. Як? Азбука паводзінаў. 2009 (PDF) Мадэлі сучаснай этыкі ад «А» да «Я» аўтар сабраў у энцыкляпэдыю паводзінаў: як бараніцца і як галасаваць, як дараваць і як любіць, як сябраваць і як хітраваць? Няўжо разам з эпохамі зьмяняецца ня толькі сьвет вакол нас, але й нашы ўласныя ўяўленьні пра «вечнае», пра багацьце й беднасьць, геройства й прыстасаванства, а ўрэшце — пра дабро і зло?

19. Акцэнты Свабоды. 2009 (PDF) Парадоксы станаўленьня беларускай нацыі і дзяржаўнасьці, беларускі аўтарытарызм і змаганьне за дэмакратыю, Беларусь паміж Усходам і Захадам — тэмы круглых сталоў, за якімі адказы шукаюць вядомыя беларускія і замежныя экспэрты і палітыкі.

18. Адзін дзень палітвязьня. 2009 (PDF) Сярод герояў кнігі — паэт, мастак, геадэзіст, старшыня калгасу, лекар, прэм’ер-міністар, пасол, палітыкі, грамадзкія актывісты, праваабаронцы, прадпрымальнікі, дэпутаты, журналісты, міністры. Усіх іх аб’ядноўвае зьняволеньне з палітычных матываў у часе кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі.

17. Начная чытанка-2: 50 аўтараў з этэру «Начной Свабоды». Мультымэдыйны дыск. 2009.

16. Пётра Садоўскі. Мой шыбалет: Аўтабіяграфічныя арабэскі. 2008 (PDF) Беларускі шлях ад Фройда да Майсея.

15. Івонка Сурвіла. Дарога: Стоўпцы — Капэнгаген — Парыж — Мадрыд — Атава — Менск. 2008 (PDF) Прыгожая кніга самай прыгожай старшыні Рады БНР.

14. Уладзімер Арлоў. Імёны Свабоды. 2007 (PDF) 261 партрэт герояў беларускай свабоды. Кніга — дапаможнік для напісаньня раманаў, здыманьня фільмаў, абароны дысэртацыяў, зьмены назваў плошчаў ды інш.

13. Начная чытанка-1: 50 аўтараў з этэру «Начной Свабоды». Мультымэдыйны дыск. 2007

12. Вінцэсь Мудроў. Альбом сямейны. 2007 (PDF) Страшныя, сьмешныя, забытыя словы савецкага часу — ад палёту Гагарына да выбуху ў Чарнобылі. Плюс фэерычная рэакцыя слухачоў.

11. Плошча. 19.03–25.03.2006. 2006 (PDF) Хроніка масавых пратэстаў сакавіка 2006 году, калі ў адказ на абвешчаныя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у цэнтры Менску паўстаў намётавы лягер. Кругласутачныя рэпартажы, каляровыя фота, званкі на «Свабоду» — нацыянальная акустыка менскага цуду.

10. Вячаслаў Ракіцкі. Беларуская Атлянтыда. 2006 (PDF) Бог, сэкс, магія, сны, гарэлка, інтрыгі, бойкі, улада — жыцьцё і сьмерць па-беларуску і ў эўрапейскім кантэксьце. Гутаркі з гісторыкамі, фальклярыстамі, пісьменьнікамі — так пра айчынную гісторыю яшчэ не гаварылі.

9. Сяргей Дубавец. Вострая Брама. 2005 (PDF) Беларускі культурны кантэкст на мяжы стагодзьдзяў — адкрыцьці, парадоксы і правакацыі, выбраныя старонкі найноўшага нацыянальнага дыскурсу. Інтэлектуальны фэст.

8. Быкаў на Свабодзе. 2-е выд. 2005 (PDF) Новае выданьне дапоўненае не вядомымі раней аўтарскімі тэкстамі, інтэрвію, лістамі, малюнкамі, фота і ўспамінамі. Клясыка жанру.

7. Аляксандар Лукашук. Прыгоды АРА ў Беларусі. 2005 (PDF) Авантурная гісторыя самай забытай у ХХ стагодзьдзі амэрыканскай гуманітарнай дапамогі ў 1920–1923 гг. Аўтар знайшоў сваё прозьвішча сярод атрымальнікаў дапамогі і зрабіў любоўную рэканструкцыю эпохі. Не раўнуючы машына часу.

6. Рыгор Барадулін. Дуліна ад Барадуліна. 2004 (PDF) Показкі, эпіграмы, міні-оды «Свабодзе» ды іншыя бессаромныя жэсты, у т. л. эсэ «Як беларусы сэксам займаюцца». Бо праўды не заглушыш.

5. Быкаў на Свабодзе. Аўдыёдыск. 2004 Збор выступаў клясыка беларускай літаратуры ў этэры Радыё Свабода

4. Быкаў на Свабодзе. 2004 (PDF) Інтэрвію, выступы беларускага клясыка на Радыё Свабода ў 1991–2003 гг. «Надвячоркам кожнага дня я ўключаю прымач і шукаю „Свабоду“. Тое сталася звычкай і патрэбай душы». Брама скарбаў, адкрытая для ўсіх, хто любіць Быкава.

3. Poems on Liberty: Reflections for Belarus. 2004 (PDF) Выбранае з кнігі «Верш на Свабоду» па-беларуску і па-ангельску. Бліскучыя пераклады фантастычнай вялікабрытанкі Веры Рыч.

2. Дарога праз Курапаты. 2002 (PDF) Гісторыя безразважнай абароны месца масавых пахаваньняў ахвяраў камунізму падчас будаўніцтва Менскай кальцавой дарогі. Унікальны ў гісторыі журналістыкі дакумэнт штодзённага рэпартажу з аднаго месца на працягу васьмі месяцаў. Кніга абароненай годнасьці.

1. Верш на Свабоду. 2002 (PDF) Анталёгія арыгінальнай паэзіі, якая гучала на хвалях «Свабоды» штодня ўвесь 2001 год. Аўтары — нобэлеўскія ляўрэаты і паэты-выгнаньнікі, самаму маладому — 10 гадоў, найстарэйшаму — 92. Свабода — мова, на якой Бог гаворыць з чалавекам, а чалавек — з Богам. У кнізе — фрагмэнты гэтай размовы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG