Беларуская нафтавая кампанія (БНК) разьлічвае да канца 2019 году арганізаваць альтэрнатыўны Расеі імпарт нафты праз парты Балтыі ці Ўкраіны, заявіў намесьнік дырэктара БНК Сяргей Грыб.
«У сьвеце існуе 18 гатункаў нафты, якія можна перарабляць на беларускіх прадпрыемствах. Цяпер разглядаюцца тры варыянты яе пастаўкі», — сказаў Грыб.
Адзін зь іх — праз марскія порты краінаў Балтыі, другі — праз Адэсу і нафтаправод Адэса — Броды на Мазырскі НПЗ.
«Альбо балтыйскія парты, альбо Адэса, альбо камбінацыя. Мазырскі НПЗ знаходзіцца бліжэй да Ўкраіны, то бок цалкам магчыма, калі на Мазырскі НПЗ — будзе, адпаведна, праз Украіну. Нафтан бліжэй да прыбалтыйскіх партоў, адпаведна, лягічна разглядаць парты Балтыйскага мора», — растлумачыў ён.
Паводле Грыба, пастаўшчык нафты пакуль ня вызначаны, «усё будзе залежаць ад цаны». У якасьці магчымых варыянтаў ён назваў пастаўкі з Азэрбайджану, Саудаўскай Арабіі, Нігерыі.