Беларусь атрымала прапановы ад Расеі адносна далейшай інтэграцыі ў рамках так званай «саюзнай дзяржавы». Пра гэта заявіў прэм’ер-міністар Дзьмітрый Мядзьведзеў у часе справаздачы ўраду перад Дзяржаўнай Думай.
Ён сказаў, што цяпер Менск абдумвае, якія прапановы будуць для яго прымальнымі.
З трыбуны Дзярждумы Мядзьведзеў нагадаў, што ў гэтым годзе спаўняецца 20 гадоў саюзнай дамове Расеі і Беларусі, якая зьяўляецца «падмуркам інтэграцыйнага праекту».
«Мы вядзём з нашымі калегамі і партнэрамі размову пра тое, якім чынам гэтую інтэграцыю зрабіць яшчэ больш важкай, — цытуе кіраўніка расейскага ўраду РБК. — Беларускім сябрам перададзеныя нашыя прапановы па інтэграцыі, яны вызначаюцца, што для іх ёсьць прымальным, што менш прымальным».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Лукашэнка: «Мы заўтра можам аб’яднацца. Але ці гатовыя вы, расейцы і беларусы?»У сьнежні 2018 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што пад выглядам глыбокай інтэграцыі Масква на самой справе хоча ўключыць Беларусь у склад Расеі.
«Я разумею гэтыя намёкі: атрымайце нафту, але давайце разбурайце краіну і ўступайце ў склад Расеі, — сказаў ён. — Я заўсёды задаю пытаньне: такія рэчы ў імя чаго робяцца? Вы падумалі пра наступствы? Як на гэта паглядзяць у нашай і вашай краіне і міжнародная супольнасьць? Сувэрэнітэт для Беларусі — гэта сьвятое».
Тым ня меней, сьледам за Расеяй прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Румас падпісаў распараджэньне аб стварэньні сумеснай працоўнай групы, чальцы якой будуць вырашаць спрэчныя моманты ў працэсе далейшай інтэграцыі.