Міністар Шуневіч і амбасадар Бабіч сустрэліся ў Беларусі

Сустрэча амбасадара Расеі ў Беларусі Міхаіла Бабіча зь міністрам унутраных справаў Беларусі Ігарам Шуневічам, 8 красавіка

Пра гэта паведаміў толькі расейскі бок, беларускія міністэрскія сайты і дзяржаўныя СМІ маўчаць.

Паводле прэс-службы амбасады Расеі ў Беларусі, 8 красавіка прайшла сустрэча міністра ўнутраных справаў Беларусі Ігара Шуневіча і амбасадара Расеі ў Беларусі Міхаіла Бабіча. Мяркуючы па фота, сустрэча адбывалася ў памяшканьні МУС Беларусі.

Сьцьвярджаецца, што на сустрэчы абмяркоўваліся «ключавыя пытаньні ўзаемадзеяньня абедзьвюх краінаў у сфэры забесьпячэньня грамадзкага парадку і процідзеяньня злачыннасьці».

Размова тычылася таксама падпісаньня пагадненьня паміж урадамі Беларусі і Расеі аб узаемным прызнаньні візаў, пытаньняў уезду замежных грамадзянаў на тэрыторыю дзьвюх краінаў, барацьбы з наркатрафікам, пранікненьнем злачынных элемэнтаў, нелегальнай міграцыі, правозу забароненых у Расеі тавараў і «лжэтранзыту».

Што было вырашана на сустрэчы, расейскі бок не паведамляе. Беларускі бок — сайты МУС, МЗС і іншых міністэрстваў, а таксама дзяржаўныя СМІ — не паведамляе пра саму сустрэчу.

«Сустрэча прайшла ў дзелавой і добразычлівай атмасфэры», — рэзюмуе сайт расейскай амбасады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто такі амбасадар Бабіч, які «не зразумеў розьніцы між фэдэральнай акругай і незалежнай дзяржавай»