Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто каго перахаміў: расейскі пасол Бабіч ці МЗС Беларусі?


Прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз завочна адказаў расейскаму амбасадару Міхаілу Бабічу на шэраг заяў адносна Беларусі. Бабіч папракнуў прадстаўніка МЗС, што той займаецца балбатнёй. За свайго пасла заступілася Расея, нагадаўшы, што ён заслугоўвае большай павагі.

​Наколькі карэктным быў тон інтэрвію пасла Расеі РИА-Новости? Ці ёсьць прэцэдэнты падобных паводзінаў? Наколькі адэкватным быў адказ прадстаўніка Беларускага МЗС Анатоля Глаза? Хто адрасат рэзкіх заяваў пасла Бабіча? Якім будзе мэдыйнае рэха гэтай дэманстрацыі братэрскага «палітэсу» у Беларусі і ў Расеі?

Дыскусія Дзьмітрыя Гурневіча і Юрыя Дракахруста.

Што адбылося:

Звадка паміж паслом Расеі Бабічам і прэс-сакратаром Міністэрства замежных справаў Беларусі Анатолем Глазам адбылася пасьля інтэрвію расейскага дыплямата агенцтву «РИА Новости».

Завочна адказваючы на заявы Аляксандра Лукашэнкі, Міхаіл Бабіч згадаў, што беларускія партнэры «паставілі пытаньні і аб унутрырасейскіх цэнах на газ, аб кампэнсацыі падатковага манэўру, павелічэньні аб’ёмаў атрыманьня субсыдыяў з расейскага бюджэту для беларускіх прамысловых прадпрыемстваў нароўні з расейскімі...».

Ён таксама адзначыў, што «ня трэба вучыць Расею і яе ўрад, як жыць, пагатоў ахвочых у сьвеце і так хапае».

Анатоль Глаз парэкамэндаваў паслу «больш часу прысьвяціць таму, каб паглыбіцца ў спэцыфіку краіны знаходжаньня, пазнаёміцца зь яе гісторыяй і праявіць крыху павагі».

«Часам такі стыль працы дае значна большы вынік, чым апрабаваньне на сабе зусім нехарактэрнай для сур’ёзнай расейскай дыпляматычнай школы ролі адэпта „публічнай дыпляматыі“. На мой погляд, за кароткі час працы ў Беларусі ён проста не зразумеў розьніцы паміж фэдэральнай акругай і незалежнай дзяржавай. Думаю, у бліжэйшы час нашым партнэрам будуць дадзеныя дэталёвыя адказы на заявы спадара амбасадара», — заявіў Анатоль Глаз.

У адказ Бабіч назваў пазыцыю прэсавага сакратара МЗС Беларусі «балбатнёй».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG