Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговае абвастрэньне беларуска-расейскіх адносін, — экспэрты пра скандал вакол заяў Бабіча


Амбасадар Расеі ў Беларусі Міхаіл Бабіч, архіўнае фота

Інтэрвію расейскага амбасадара Міхаіла Бабіча выклікала рэзкі камэнтар прэсавага сакратара МЗС Беларусі Анатоля Глаза. Экспэрты патлумачылі Свабодзе, як паўплывае скандал на адносіны Менску і Масквы.

Прэйгерман: «Навінка ў двухбаковых дачыненьнях»

Яўген Прэйгерман, архіўнае фота
Яўген Прэйгерман, архіўнае фота

Яўген Прэйгерман, які ачольвае экспэртную ініцыятыву «Менскі дыялёг», назваў беларуска-расейскі дыпляматычны скандал «у пэўнай ступені эскаляцыяй тых спрэчак, якія існуюць паміж Масквой і Менскам».

«Гэта ня першае абвастрэньне. Падобнае было і раней. Але тады расейскія амбасадары паводзілі сябе больш сьціпла. Бабіч і раней рабіў розныя заявы. Аднак яны не былі такімі „пякучымі“, як тая, што зьявілася ўчора. Цяпер не прэзыдэнт, не прэм’ер, а амбасадар ператвараецца ў галоўнага ньюсмэйкера беларуска-расейскіх дачыненьняў. І гэта навінка ў двухбаковых дачыненьнях», — падкрэсьлівае Яўген Прэйгерман.

Ён таксама адзначае, што новы амбасадар Расеі ў параўнаньні са сваім папярэднікам Аляксандрам Сурыкавым паводзіць сябе іначай:

«Наўрад ці такі стыль паводзінаў пойдзе на карысьць дачыненьням Беларусі і Расеі», — сказаў Свабодзе Прэйгерман.

Коктыш: «Бабіч выказвае пункт гледжаньня Крамля»

Кірыл Коктыш, архіўнае фота
Кірыл Коктыш, архіўнае фота

Маскоўскі экспэрт у беларуска-расейскіх адносінах Кірыл Коктыш згадвае, што гэтыя дачыненьні часта суправаджае градус напружаньня. Аднак дагэтуль права на «эмацыйнасьць» было ў вышэйшых кіраўнікоў. Цяпер да слоўнага пікіраваньня падключыліся і ніжэйшыя прадстаўнікі ўладнай вэртыкалі.

«Пакуль амбасадар прытрымліваўся этыкету, гэтыя нормы захоўваў і МЗС, — кажа Коктыш. — Але так супала, што і Бабіч адкрыта пра пэўныя моманты заявіў, і прэсавы сакратар даволі рэзка адкамэнтаваў. Не бяруся меркаваць, наколькі ўзважанай была пазыцыя спадара Бабіча, бо кожнае слова павінна быць ацэненае з розных бакоў. Я лёгка дапускаю, што традыцыйныя фарматы былі парушаныя, але ж гэта ня кадравы дыплямат, а палітычны прызначэнец, так што ў прынцыпе гэта даравальна».

У любым выпадку, кажа Коктыш, гэта маркер таго, што кожны з бакоў дэкляруе ўласную пазыцыю — тое, што ў перамоўнай тэорыі называюць «гандлем дзеяньняў».

«Пакуль усё на такой стадыі, ня думаю, што будуць лёсавырашальныя павароты, — працягвае Коктыш. — Аднак гэта маркер таго, што паміж краінамі пэўныя рэчы трэба перафарматаваць па-новаму. Напрыклад, Менску варта прасоўваць даволі відавочны тэзіс: калі ёсьць падатковы манэўр, то павінна быць і кампэнсацыя — хай не наўпроставая, то ўскосная. Скажам, прэфэрэнцыі для беларускай прамысловай прадукцыі. Гэта стварыла б той кантэкст, у якім праблема так ці інакш, але вырашаецца. У любым выпадку лепш, чым калі ніводзін з бакоў не саступае са сваёй пазыцыі».

Кірыл Коктыш ня мае сумневу, што расейскі амбасадар выказвае пункт гледжаньня Крамля і ў кіраўніцтва Расеі набралася досыць пытаньняў да свайго саюзьніка. Але пры гэтым ёсьць нюансы.

«У Масквы шмат глябальных праблемаў: ЗША, Эўразьвяз, Блізкі і Далёкі Ўсход, — кажа ён. — На гэтым фоне яшчэ выпрацоўваць новы фармат стасункаў зь Беларусьсю не выпадае. Бо калі гэта сыходзіць ад Масквы — адразу імпэрыялізм, вялікадзяржаўны шавінізм. А вось калі прапанова новага фармату будзе зь Менску,— гэта выйсьце нават для Расеі. Перапалка паміж амбасадарам і МЗС толькі падкрэсьлівае, што пытаньні палягаюць у традыцыйнай парадыгме, а вырашаць іх не атрымліваецца. Значыць, трэба будаваць паралельную парадыгму, бо ў пазыцыі кожнага боку свае хібы».

Дзьмітрыеў: «Бабіч — не дыплямат, а чыноўнік»

Андрэй Дзьмітрыеў, архіўнае фота
Андрэй Дзьмітрыеў, архіўнае фота

Лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў за два дні да публікацыі скандальнага інтэрвію расейскага амбасадара Міхаіла Бабіча расейскаму РИА Новости быў госьцем дыплямата.

Раней у інтэрвію Свабодзе Дзьмітрыеў распавёў, як і навошта сустракаўся з расейскім амбасадарам і што пачуў з вуснаў спэцыяльнага прадстаўніка Ўладзіміра Пуціна ў Беларусі.

Сёньня Свабода зноў зьвярнулася да Дзьмітрыева з просьбай параўнаць выказваньні дыплямата 12 і 14 сакавіка. Лідэр кампаніі «Гавары праўду» адзначыў, што гэтыя сустрэчы «рознага жанру»:

«Мы зь ім размаўлялі. А ў другім выпадку было інтэрвію. Але калі параўнаць, што казалі мы з Тацянай Караткевіч на выхадзе з амбасады і што казаў Бабіч журналістам, дык тут шмат што супадае».

Дзьмітрыеў бачыць тры асноўныя супадзеньні.

«Па-першае, гэта вельмі прагматычны падыход Бабіча да цяперашняга становішча. Па-другое, выразная фармулёўка пытаньня беларускаму боку: што вы хочаце і якія вашы прапановы? Па-трэцяе, прывязваньне расейскіх прэфэрэнцыяў да будучага. Пра ўсё гэта Бабіч казаў і нам. Аднак у інтэрвію ягоныя высновы былі сфармуляваныя значна больш жорстка», — адзначае Дзьмітрыеў.

Як ён мяркуе, на сытуацыю істотна ўплывае тое, што Бабіч — не прафэсійны дыплямат.

«Ён чыноўнік, якому, як я разумею, паставілі шэраг вельмі канкрэтных задачаў. І ён, абвастраючы сытуацыю, шукае іх рашэньні. А ў нас да такога стылю паводзінаў не прывыклі. У нас іншыя традыцыі. Таму вострая публічная палеміка тут успрымаецца вельмі балюча. Адсюль і такая моцная рэакцыя МЗС Беларусі», — лічыць лідэр «Гавары праўду».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG