У Вэнэсуэле яшчэ адзін вайсковы чын перайшоў на бок Гуайдо

Вэнэсуэльскія вайскоўцы падчас сьвяткаваньня 17-й гадавіны няўдалага перавароту супраць былога прэзыдэнта Уга Чавэса. Каракас, 4 лютага 2019

У Вэнэсуэле яшчэ адзін высокапастаўлены вайсковец перайшоў на бок кіраўніка парлямэнту Хуана Гуайдо, адмовіўшы ў легітымнасьці прэзыдэнту Нікалясу Мадура.

«Дзевяноста адсоткаў нас — вайскоўцаў — незадаволеныя» — заявіў палкоўнік Рубэн Пас Хімэнэс у відэазвароце. Паводле яго, войска выкарыстоўваюць для таго, каб Мадура ўтрымаўся ва ўладзе. Акрамя таго, палкоўнік, які зьяўляецца вайсковым лекарам, заклікаў армію не выконваць загадаў Мадура і адкрыць доступ у краіну гуманітарнай дапамогі, якая дастаўляецца з ЗША ў суседнюю Калюмбію. Цяпер яе не прапускаюць праз мяжу.

Раней генэрал вайскова-паветраных сілаў Вэнэсуэлы Франсыска Янсэнса таксама прызнаў Гуайдо дзейным прэзыдэнтам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Вэнэсуэла разьлічваецца за беларускія харчы

Злучаныя Штаты, якія, як і шэраг краін Лацінскай Амэрыкі і Эўропы, прызналі Гуайдо, падтрымліваюць прамыя сувязі з вайскоўцамі Вэнэсуэлы, пераконваючы іх адмовіцца ад падтрымкі Нікаляса Мадура. Пра гэта паведаміла ў пятніцу агенцтва Reuters са спасылкай на прадстаўніка адміністрацыі ЗША.

Пры гэтым афіцыйна камандаваньне арміі Вэнэсуэлы заяўляе аб вернасьці Мадура.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Што будзе пасьля Мадура і пасьля Лукашэнкі

Гуайдо абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам 23 студзеня. У краіне захоўваецца напружаная сытуацыя, аднак у шырокамаштабны канфлікт супрацьстаяньне пакуль не перайшло. Рычагі кіраваньня сілавымі структурамі пакуль у руках Мадура, якога прызнаюць прэзыдэнтам Расія, Кітай і яшчэ шэраг краін.