Пракуратура апратэставала рашэньне суда па справе Ізраілевіча супраць газэты «Новы час»

Аркадзь Ізраілевіч (зьлева) з ахоўнікам падчас суду. Менск,10 верасьня 2018 году

Пракуратура Савецкага раёну Менску падала апэляцыйны пратэст на рашэньне суда па справе Аркадзя Ізраілевіча супраць недзяржаўнай газэты «Новы час» і журналіста Дзяніса Івашына, паведамляе прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Пракуратура просіць адмяніць рашэньне суда Савецкага раёну Менску ад 10 верасьня 2018 году паводле пазову Аркадзя Ізраілевіча да выдавецкага ўнітарнага прадпрыемства «Час навін» (выдаўца газэты «Новы час») аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі і накіраваць справу на новы разгляд.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Суд не задаволіў пазоў бізнэсоўца Ізраілевіча да «Новага часу» і журналіста Івашына

Дакумэнт за подпісам намесьніка пракурора Савецкага раёну Менску Загароўскага 18 верасьня быў накіраваны судовай калегіі па грамадзянскіх справах Менскага гарадзкога суду.

Бізнэсовец Аркадзь Ізраілевіч праз суд патрабаваў прыцягнуць да адказнасьці газэту «Новы час» і журналіста Дзяніса Івашына за нібыта зьнявагу гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі. Нагодай стала журналісцкае расьсьледаваньне пра будаўніцтва пад Менскам побач з Курапатамі скандальна вядомага рэстараннага комплексу «Поедем поедим».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Ня трэба рабіць зь мяне вылюдка», — бізнэсовец з топ-100 кажа, што не зьвязаны з рэстаранам у Курапатах

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Рэдактарка «Новага часу»: «Я сустракалася з Ізраілевічам, але ён адмовіўся ад «міравой»

На думку Ізраілевіча, з артыкулаў «Новага часу» вынікае, што менавіта ён і належнае яму ТАА «ІВ» зьяўляюцца канцавым бэнэфіцыярам будаўніцтва ў Курапатах рэстарацыі «Поедем поедим», супраць дзейнасьці якой пратэстуюць грамадзкія актывісты. Ізраілевіч даводзіў, што ня мае ніякага юрыдычнага дачыненьня да забаўляльнай установы, і патрабаваў праз суд апублікаваць зьняпраўджаньне і спагнаць зь незалежнага выданьня 40 тысяч рублёў і яшчэ 1 тысячу рублёў зь Дзяніса Івашына за «маральную шкоду».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Дасталася нават жанчыне», — абаронца Курапатаў пра напад бізнэсоўца Ізраілевіча. ВІДЭА

10 верасьня Савецкі раённы суд Менску, разгледзеўшы справу, не задаволіў пазоў Ізраілевіча і прызначыў спагнаць зь яго 600 рублёў на карысьць газэты і журналіста для кампэнсацыі паслугаў адвакатаў. Пазоў Аркадзя Ізраілевіча разглядала судзьдзя Вераніка Абрамовіч. Публіка ў судзе сустрэла рашэньне судзьдзі авацыямі.