Дзяўчына зладзіла каля МУС, КДБ і Дома ўраду флэшмоб супраць дыскрымінацыі ЛГБТ

Віка Біран ля Дому ўраду

Сустваральніца гендэрнага праекту Makeout Віка Біран 24 траўня зладзіла флэшмоб супраць дыскрымінацыі ЛГБТ-супольнасьці сілавікамі і дзяржаўнымі чыноўнікамі.

Што важна ведаць

  • 17 траўня, у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, амбасады Вялікай Брытаніі і ЗША ў Менску вывесілі вясёлкавыя сьцягі.
  • 20 траўня Міністэрства ўнутраных спраў апублікавала заяву, дзе назвала аднаполыя адносіны падробкай.
  • 21 траўня на сайце petitions.by пачаўся збор подпісаў «За міліцыю для ўсіх». У пэтыцыі просяць праверыць законнасьць выказваньняў МУС. На момант публікацыі пад пэтыцыяй падпісалася больш за 1700 чалавек.
  • 21 траўня кіраўнік МУС Ігар Шуневіч назваў вывешваньне міжнароднага сымбаля ЛГБТ-супольнасьці прапагандай «непрымальнага» ладу жыцьця.
  • 23 траўня міністар замежных спраў Уладзімер Макей заявіў, што існуе шэраг рэчаў, «непрымальных» для беларускага мэнталітэту. Макей адзначыў важнасьць і неадназначнасьць тэматыкі «правоў мяншыняў».

Віка Біран сфатаграфавалася з плякатам «Самі вы падробка» ля будынкаў МУС, КДБ і Дома ўраду ў Менску. Дзяўчына кажа, што ідэя зладзіць такі флэшмоб прыйшла выпадкова пасьля прачытаньня рэакцый палітыкаў на заяву МУС.

Віка Біран ля будынка МУС

«Мне ўжо надакучыла чытаць гэтыя навіны, інтэрвію і нічога не рабіць, проста злавацца ў фэйсбуку. Я папрасіла сваю сяброўку сфатаграфаваць мяне ля будынкаў, дзе сядзяць людзі, якія кажуць, што я, маё жыцьцё, маё каханьне, мае калегі — усё гэта падробка. А я ім, кажу, што я не падробка», — сказала Віка Біран.

Дзяўчына кажа, ёй будзе прыемна, калі ідэю такіх здымкаў захочуць пераняць іншыя людзі.

Віка Біран ля будынку МУС

Ад 22 траўня ў адказ на заяву МУС у сацыяльных сетках пачалі зьяўляцца допісы з тэгам #янеподделка.