Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Доўгі шлях да талерантнасьці: гамафобія ў беларускім грамадзтве


ЛГБТ-акцыя ў Менску, 2012

Аўтар: Лізавета Касмач

Чаму ў Беларусі няма законаў па абароне правоў ЛГБТ-асобаў?

У чэрвені 2017 году Нямеччына стала 15-ай краінай у ЭЗ, дзе дазволілі аднаполыя шлюбы, а ўжо 1 кастрычніка 2017 году першая пара скарысталася гэтым правам. Да гэтага ў краіне дзейнічаў закон 2001 году, які дазваляў аднаполым парам грамадзянскія саюзы. Аднак, яны лічыліся так званымі шлюбамі ніжэйшага гатунку і не гарантавалі партнэрам адпаведнага легальнага статусу.

Што тычыцца Беларусі, то тут пытаньне грамадзянскіх саюзаў, ня кажучы ўжо пра аднаполыя шлюбы, для ЛГБТ-супольнасьці знаходзіцца ў ценю больш сур’ёзных праблемаў. Пакуль што гэтая катэгорыя грамадзянаў больш заклапочаная надзённымі пытаньнямі фізычнай бясьпекі ды выжываньня ў атмасфэры псыхалягічнага ціску, непрыняцьця і агрэсіі.

Побытавая гамафобія

Паводле апытаньня, праведзенага лябараторыяй «Новак» і Беларускім інстытутам стратэгічных дасьледаваньняў у 2010 годзе, беларускае грамадзтва прадэманстравала добрае разуменьне палітычных правоў і свабодаў.

У той жа час крытэр культурнай талерантнасьці паказаў, што беларусам бракуе разуменьня правоў меншасьцяў і права кожнай асобы на свабодны выбар стылю свайго жыцьця. Большасьць рэспандэнтаў выказалі рэзка нэгатыўнае стаўленьне да ЛГБТ-супольнасьці:

Апошні рэйтынг ад Міжнароднай асацыяцыі лесьбіянак, геяў, трансгэндэраў і інтэрсэксуалаў (ILGA) сьведчыць, што сытуацыя з правамі ЛГБТ мала зьмянілася і ў 2017 годзе. Паводле асноўных крытэраў — адпаведнасьці заканадаўчай базы і адносінаў грамадзтва да ЛГБТ-супольнасьці — Беларусь атрымала 13 балаў з магчымых 100, што сьведчыць пра высокую ступень дыскрымінацыі і няроўнасьці. Гэта, аднак, характэрна і для астатніх краінаў рэгіёну.

Талерантнасьць ці дыскрымінацыя?

У чэрвені 2016 году цэнтар SATIO правёў сацыялягічнае дасьледаваньне «Беларускае грамадзтва: Тэст на грамадзянскасьць». У адказах на пытаньне пра якасьці, якія ў найбольшай ступені характарызуюць беларусаў, на першым месцы апынулася законапаслухмянасьць (45.2%), але ўжо на другім — талерантнасьць (32%).

У той жа час адказы на пытаньне: «Наколькі прымальным асабіста для сябе Вы лічыце пражываньне па суседзтву з прадстаўнікамі сэксуальных меншасьцяў (ЛГБТ)?» не засьведчылі такую талерантнасьць у рэальнасьці.

Такім чынам, беларускае грамадзтва атаясамлівае ЛГБТ са шкоднымі залежнасьцямі і не гатовае нават бачыць побач прадстаўнікоў сэксуальных меншасьцяў, ня тое, што падтрымліваць роўныя правы для іх.

Адзінства беларускай палітыкі ў гамафобіі

Гамафобныя настроі рознай ступені глыбыні характэрныя для ўсяго спэктру палітычных сілаў Беларусі: ад кансэрватыўных хрысьціянскіх дэмакратаў да прэзыдэнта краіны. Першыя апэлююць да хрысьціянскай маралі і эмоцыяў, а беларускі прэзыдэнт ня раз адкрыта дэманстраваў сваё нэгатыўнае стаўленьне да прадстаўнікоў сэксуальных меншасьцяў.

Прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка ў 2012 годзе (пра міністра замежных справаў Нямеччыны Гіда Вэстэрвэле): «Што тычыцца другога, ці то ружовага, ці то блакітнага, які там пра дыктатуру крычаў... Пачуўшы гэта, я падумаў: лепш быць дыктатарам, чым блакітным».

Дэпутат Палаты Прадстаўнікоў Ігар Марзалюк у інтэрвію Радыё Свабода ў кастрычніку 2016: «Я катэгарычна супраць прапаганды гомасэксуалізму. Я не лічу, што пэрвэрсія і дэвіяцыя павінны лічыцца нормай. Я хрысьціянін, я за традыцыйную, нармальную сыстэму каштоўнасьцяў».

Адзін зь лідэраў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Павал Севярынец у 2016 годзе: «Вельмі шкада тых людзей, якія хварэюць на гомасэксуалізм, якія займаюцца фэмінізмам. На мой погляд, гэта няшчасныя людзі. Проста няшчасныя. Іх трэба шкадаваць і дапамагаць чым можна, каб яны сталі на шлях здаровага розуму».

Сустаршыня «Маладога Фронту» Зьміцер Дашкевіч у траўні 2017 у інтэрвію сайту kyky.org пра ЛГБТ: «Гэтая праблема такая ж штучная, як і фэмінізм... паводле Старога Запавету аднолькава было сьмяротнае пакараньне для гамасэксуаліста і для чалавека, які здрадзіў сваёй жонцы зь нейкімі прастытуткамі».

«Мы ня побач, мы тут»

Беларускія ўлады разам з апазыцыйнымі партыямі салідарныя і ў нэгатыўным стаўленьні да публічных праяваў ЛГБТ-руху. Першы прайд-фэст у Менску адбыўся ў 1999 годзе, а ў 2001 годзе па цэнтру беларускай сталіцы прайшло несанкцыянаванае шэсьце, якое, паводле розных падлікаў, сабрала ад 500 да 2000 чалавек.

Крыніца makeout.by​

У наступныя гады мерапрыемствы праходзілі ў атмасфэры абсалютнай сакрэтнасьці. Адзіным выключэньнем стаў 2011 год, калі ўлады далі дазвол на правядзеньне пікету супраць гамафобіі, аднак забаранілі прайд-шэсьце.

У апошнія гады, у сувязі з перасьледам ЛГБТ-супольнасьці з боку ўладаў, актывісты вырашылі сканцэнтравацца на адукацыйных ініцыятывах і аказаньні юрыдычнай дапамогі пацярпелым. Вясной 2017 году была распачатая грамадзкая кампанія «Справа Пі», названая так у памяць пра Міхаіла Пішчэўскага. Актывісты кампаніі ставяць на мэце зьменшыць узровень гамафобіі і трансфобіі ў беларускім грамадзтве і спыніць ігнараваньне праблемаў ЛГБТ-супольнасьці як уладай, так і СМІ.

Недзяржаўная праваабарончая арганізацыя «Ідэнтычнасьць» пашырае інфармацыю пра дыскрымінацыю і перасьлед ЛГБТ-супольнасьці, арганізуе групы псыхалягічнай падтрымкі для ЛГБТ-супольнасьці, прапануе прававыя кансультацыі і дапамагае ў вядзеньні судовых справаў для ахвяраў злачынстваў на глебе нянавісьці.

Барацьбой з дыскрымінацыяй паводле сэксуальнай і гендэрнай ідэнтычнасьці займаецца і анлайн-праект makeout.by, інфармуючы беларускае грамадзтва наконт розных аспэктаў гендэру, сэксуальнасьці і асаблівасьці іх праяваў у Беларусі.

Гамафобія і Фэміда

Аднаполыя адносіны ў Беларусі былі дэкрыміналізаваныя ў 1994 годзе, а артыкул 22 Канстытуцыі гарантуе ўсім грамадзянам роўныя правы. Аднак на гэтым заканадаўства спынілася, і Беларусі бракуе законаў, якія б абаранялі ад дыскрымінацыі і гарантавалі б роўныя правы ўсім грамадзянам, незалежна ад іх гендэрнай ідэнтычнасьці.

Высокая ступень нецярпімасьці да ЛГБТ-асобаў у Беларусі прымае разнастайныя формы: ад наўмыснага стварэньня псыхалягічнага дыскамфорту да фізычнага гвалту, часта нават з боку праваахоўных органаў.

Праваабаронцы зьвяртаюць увагу на тое, што беларускія суды неахвотна ідэнтыфікуюць гамафобію ў складзе злачынстваў, дзе пацярпелыя належаць да ЛГБТ-супольнасьці. З гэтай прычыны шмат хто з ахвяраў і не зьвяртаецца ў міліцыю, пазьбягаючы псыхалягічных траўмаў, зьвязаных з расьсьледаваньнем і судамі. У пэрыяд 2015-2016 гадоў праваабаронцам стала вядома пра 14 злачынстваў на глебе гамафобіі. З 16 пацярпелых толькі палова зьвярнулася ў міліцыю, а абвінаваўчыя прысуды былі вынесеныя толькі дваім злачынцам.

Згодна з дасьледаваньнем беларускай ЛГБТ-супольнасьці, якое праводзіла праваабарончая арганізацыя «Ідэнтычнасьць» напрыканцы 2014 году, 90% назвалі найбольшай праблемай непрыняцьце грамадзтвам іх арыентацыі.

Каардынатарка «Ідэнтычнасьці» Натальля Манькоўская зьвяртае ўвагу, што сярод беларусаў пануе нізкі парог адчувальнасьці ў адносінах да ЛГБТ-супольнасьці, бо нават адукаваныя людзі дазваляюць сабе жарты на тэмы меншасьцяў і ўжываюць абразьлівыя выразы, прыніжаючы ЛГБТ-асобаў. Гэта патэнцыйна адкрывае шлях да фізычнай агрэсіі і гвалту.

Справа Пішчэўскага

Адной з самых гучных крымінальных справаў апошніх гадоў у Беларусі стала забойства Міхаіла Пішчэўскага, якога жорстка зьбілі на выхадзе са сталічнага клюбу, дзе праходзіла гей-вечарына ў траўні 2014 году. Пішчэўскі больш за год праляжаў у коме і памёр у кастрычніку 2015 году. Суд прызнаў нападніка Дзьмітрыя Лукашэвіча вінаватым у хуліганстве і прысудзіў тэрмін у два гады і восем месяцаў, але злачынца выйшаў на свабоду па амністыі ўжо ў верасьні 2015 году. Падчас суду сваякі і сябры падсуднага праяўлялі агрэсію ў дачыненьні да праваабаронцаў і журналістаў, якія асьвятлялі працэс.

Пасьля сьмерці Пішчэўскага крымінальная справа была адкрытая ізноў, і ўжо другі суд прыгаварыў Лукашэвіча да трох гадоў пазбаўленьня волі і кампэнсацыі за маральную шкоду памерам 10 000 даляраў на карысьць сям’і Пішчэўскага. Аднак ужо ў студзені 2017 году Лукашэвіч быў вызвалены датэрмінова. Неабходна адзначыць, што ў дзеяньнях Лукашэвіча суд не прызнаў варожасьці на глебе гамафобіі.

Справа Шляхцёнка

Першы судовы прэцэдэнт з асуджэньнем гамафобіі ў найноўшай гісторыі Беларусі датуецца пачаткам 2016 году, калі Першамайскі суд Менску вынес прысуд па крымінальнай справе 19-цігадоваму Арцёму Шляхцёнку, абвінавачанаму ў хуліганстве і крадзяжы.

Злачынца праз інтэрнэт пазнаёміўся з Аляксандрам А., які падчас асабістай сустрэчы не хаваў сваёй гомасэксуальнай арыентацыі. Шляхцёнак пачаў абражаць і зьбіваць новага знаёмага, здымаючы зьдзекі на тэлефон і пагражаючы выкласьці відэа ў інтэрнэт.

Паводле прызнаньня падсуднага, ён мэтанакіравана паляваў на прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасьці ў інтэрнэце з мэтай прымусіць іх зьмяніць арыентацыю. Суд кваліфікаваў злачынства Шляхцёнка як учыненае на глебе варожасьці ў дачыненьні да пэўнай сацыяльнай групы. Гэта быў першы выпадак, калі беларускі суд прызнаў факт гвалту і дыскрымінацыі паводле прыкметы гендэрнай ідэнтычнасьці асобы.

Гамафобія і мэдыя

Беларускім СМІ таксама ёсьць чаму павучыцца ў пляне талерантнасьці. Згодна са зьвесткамі адмысловага маніторынгу мэдыя, датычнага асьвятленьня ЛГБТ-тэматыкі ў другой палове 2015 году — першай палове 2016 году, з 315 прааналізаваных матэрыялаў у 22 афіцыйных і недзяржаўных СМІ, з амаль палова (156) утрымлівалі мову варожасьці ў адносінах да ЛГБТ-супольнасьці. Дзяржаўныя СМІ зьвярталіся да тэмы радзей, але былі больш жорсткімі і правакатыўнымі. Сярод найбольш агрэсіўных апынулася адразу 5 матэрыялаў з газэты «Вечерний Могилев», а артыкул пад назвай «Садомская брыдота як хуліганства» увогуле ўзначаліў анты-рэйтынг.

Трансьляваньне мовы варожасьці ў СМІ сілкуе стэрэатыпы, замест таго, каб падыходзіць да праблематыкі ЛГБТ у плашчыні правоў чалавека.

Нешматлікія ініцыятывы грамадзянскай супольнасьці ня здолеюць зьмяніць існыя гамафобныя практыкі без адпаведнага антыдыскрымінацыйнага закандаўства і комплексных высілкаў дзяржавы па абароне правоў усіх сваіх грамадзянаў.

Шлях да сапраўднай талерантнасьці вядзе праз разуменьне таго, што гамафобія — гэта ідэалёгія нянавісьці, якая падзяляе грамадзтва, ствараючы з меншасьці вобраз ворага для апраўданьня гвалту і дыскрымінацыі. Беларусам пакуль што бракуе разуменьня таго, што гамафобія стаіць у адным шэрагу з расізмам, ксэнафобіяй, антысэмітызмам і сэксізмам.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG