Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Я жудасны гамафоб», — вядоўца беларускага радыё


17 траўня адзначаецца Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй.

Беларусь апынулася на 42 месцы з 49 краінаў Эўропы па ўзроўні гамафобіі. Гэта вынікае са штогадовай справаздачы міжнароднай арганізацыі ILGA-Europe. Сярод краінаў Эўропы горш, чым у Беларусі, сытуацыя выглядае толькі ў Малдове, Сан-Марына, Расеі, Манака, Турэччыне, Армэніі і Азэрбайджане.

Вясёлкавы сьцяг над брытанскай амбасадай у Менску. Фатафакт

Паводле сябра ініцыятыўнай групы «Ідэнтычнасьць і права» праваабаронцы Натальлі Манькоўскай, рэйтынг ILGA-Europe складаўся па даволі фармальных крытэрах.

«Гэта наяўнасьць ці адсутнасьць антыдыскрымінацыйнага заканадаўства, магчымасьць зьмены гендэрнага маркера ў дакумэнтах, магчымасьць правесьці мірны сход ды іншыя магчымасьці. Гэты рэйтынг ня ўлічвае колькасьць злачынстваў на глебе нянавісьці, гамафобнасьць ці трансфобнасьць грамадзтва», — кажа Натальля Манькоўская.

Натальля Манькоўская
Натальля Манькоўская

Крымінальныя справы кваліфікуюцца як хуліганства, варожасьць з прычыны гамафобіі ня ўзгадваецца

Самая гучная справа — забойства Міхаіла Пішчэўскага на глебе гамафобіі. Канфлікт адбыўся каля менскай кавярні Underworld, дзе 25 траўня 2014 году зьбіраліся асобы нетрадыцыйнай арыентацыі, сярод якіх быў і Міхаіл Пішчэўскі. Былы настаўнік фізкультуры Зьміцер Лукашэвіч адмыслова прыйшоў да кавярні, дзе геі зьбіраліся на вечарыну, жорстка зьбіў Пішчэўскага, пасьля чаго той некалькі месяцаў правёў у коме.

Лукашэвіча асудзілі на 2 гады і 8 месяцаў пазбаўленьня волі «за хуліганства і прычыненьне цяжкіх цялесных пашкоджаньняў», але хутка выпусьцілі па амністыі. Калі Міхаіл Пішчэўскі памёр, адбыўся другі суд, Лукашэвіча асудзілі на 3 гады, аднак даволі хутка ён зноў апынуўся на волі.

Міхаіл Пішчэўскі ў шпіталі пасьля здарэньня
Міхаіл Пішчэўскі ў шпіталі пасьля здарэньня

Пры гэтым суды так і не прызналі ў дзеяньнях Зьміцера Лукашэвіча варожасьці паводле гамафобіі.

Летась у Гомлі затрымалі банду з 10 непаўналетніх «паляўнічых на геяў». Пракуратура Гомельскай вобласьці на пачатку 2018 году перадала ў суд справу хлопцаў, якія знаёміліся ў сацсетках з мужчынамі, запрашалі на спатканьне, а пасьля зьдзекаваліся зь іх, пагражалі гвалтам, палівалі зялёнкай, здымаючы гэта на відэа. Самі пацярпелыя ў міліцыю не зьвярталіся — праваахоўнікі самастойна выйшлі на малалетніх злачынцаў, дзеяньні якіх кваліфікавалі як злоснае і асабліва злоснае хуліганства.

Неўзабаве хлопцаў чакае суд. Максымальнае пакараньне па гэтых артыкулах Крымінальнага кодэксу — да 6 гадоў і да 10 гадоў адпаведна.

Кіраўнік дзяржавы, чыноўнікі і дзяржаўныя СМІ дазваляюць сабе гамафобныя выказваньні

Сэрыяй гамафобных выказваньняў адзначыўся Аляксандар Лукашэнка — у 2011 і 2012 годзе на адрас міністра замежных спраў Нямеччыны Гіда Вэстэрвэле, у 2013 — у інтэрвію Russia Today пра лесьбіянства і «блакітнасьць», у штогадовым пасланьні парлямэнту і народу, а таксама ў прамове на Дзень незалежнасьці — пра недапушчальнасьць аднаполых шлюбаў.

Летась ініцыятыва «Журналісты за талерантнасьць» прааналізавала 315 артыкулаў у 36 беларускіх СМІ, і мова варожасьці была зафіксаваная ў 156 матэрыялах. Адразу 5 прыкладаў «агрэсіўнай мовы варожасьці» былі выяўленыя ў газэце «Вечерний Могилев».

Ілюстрацыйнае фота. Затрыманьні ўдзельнікаў гей-параду ў Менску. 2010 год
Ілюстрацыйнае фота. Затрыманьні ўдзельнікаў гей-параду ў Менску. 2010 год

У 2014 годзе выйшаў цыкль матэрыялаў «аб недапушчальнасьці прапаганды ў беларускім грамадзтве полавых вычварэньняў». У 2015 годзе газэта апублікавала артыкул «Не навязвайце нам каштоўнасьці Захаду!», дзе сьцьвярджала: «Людзі з адхіленьнямі былі заўсёды, але моцна не вытыркаліся».

А дзьве публікацыі — «Упершыню ў гісторыі Беларусі пад варту ўзялі транссэксуала» і «Снятся людям иногда голубые города. Соберутся голубые и уедут навсегда» — пад ціскам грамадзкасьці і Міністэрства інфармацыі былі выдаленыя з афіцыйнага сайту выданьня.

12 траўня 2018 году ў эфіры «Радио Гродно» вядоўца Дзьмітры Чэкан распавядаў пра вынікі Эўрабачаньня, прайшоўся пра «эўрапейскіх каштоўнасьцях», «наехаў» на «барадатых жанчын». Слухач Мікалай абурыўся выказваньнямі вядоўцы ў эфіры дзяржаўнага СМІ, напісаў у інстаграм радыё, і спадар Чэкан адказаў яму даволі рэзка, ужываючы непаліткарэктныя словы ў прыватным паведамленьні, але з акаўнта radiogrodno.

На просьбу Радыё Свабода патлумачыць, чаму вядоўца дазваляе сабе такія выказваньні і ў эфіры, і ў акаўнце, Дзьмітры Чэкан адказаў, што ён «жудасны гамафоб».

«Ня наша радыё, а ў прыватнасьці я — жудасны гамафоб, я супраць усёй гэтай лухты, я не адмаўляю гэтага, і сваё меркаваньне буду адстойваць заўсёды. Я выказваю свой пункт гледжаньня ў эфіры, рэзюмую заўсёды, што гэта чыста маё меркаваньне, я нікому яго не навязваю. Але гэта мая пазыцыя», — сказаў Свабодзе Чэкан.

У Беларусі афіцыйна не зарэгістраваная ніводная ЛГБТ-арганізацыя

Забаронены гей-парад у Менску. 2010 год
Забаронены гей-парад у Менску. 2010 год

​Актывісты атрымалі некалькі дзясяткаў адмоваў і ўжо нават не спрабуюць зарэгістраваць арганізацыю альбо суполку ў Міністэрстве юстыцыі. Так, Ініцыятыўная група па пытаньнях ідэнтычнасьці і права, створаная для абароны правоў ЛГБТ, у 2016 годзе зрабіла 5 захадаў, каб зарэгістравацца, але атрымала столькі ж адмоваў, у тым ліку з прычыны «неадпаведнасьці маральным і грамадзкім інтарэсам».

Няма ў Беларусі і антыдыскрымінацыйнага заканадаўства ў адносінах да прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасьці. І невядома, калі яно зьявіцца.

«Нацыянальны цэнтар заканадаўства і прававых дасьледаваньняў праводзіць ацэнку таго, ці патрэбна нашаму грамадзтву такое заканадаўства, і будзе рабіць гэта да канца 2019 году. Беларусь застаецца адной зь нешматлікіх краінаў, дзе такога заканадаўства няма. Да прыкладу, ва Ўкраіне такое заканадаўства прынята, дзейнічае, амбудсмэну можна падаваць скаргі на дыскрымінацыю. У Беларусі — няма», — кажа праваабаронца Натальля Манькоўская.

Не забараніць, дык хоць напалохаць

Праваахоўныя органы трымаюць пад пільным наглядам клюбы, дзе зьбіраюцца, як яны лічаць, асобы нетрадыцыйнай арыентацыі.

У ноч з 20 на 21 кастрычніка 2017 году міліцыя правяла некалькі рэйдаў. У прыватнасьці, у клюбах «Бурлеск» і «Каста Дзіва» супрацоўнікі АМАП і наркакантролю МУС перапісалі дадзеныя наведнікаў, некалькі чалавек былі затрыманыя. Адзін з арганізатараў вечарыны кажа, што праваахоўныя органы зацікавіліся клюбамі пасьля таго, як тыя пачалі ладзіць рэгістрацыі аднаполых шлюбаў і рэклямаваць свае паслугі ў сацыяльных сетках.

Пікет супраць гамафобіі ў Менску. 2011 год
Пікет супраць гамафобіі ў Менску. 2011 год

​15 сьнежня 2017 году на прэзэнтацыю папяровай вэрсіі часопіса MAKEOUT, у якім сабраная гісторыя разьвіцьця ЛГБТ-супольнасьці за 20 год, у культурніцкую прастору «Сталоўка XYZ» зайшлі некалькі супрацоўнікаў міліцыі ў цывільным. Спачатку іх цікавіла, што будзе адбывацца, на якой падставе ў памяшканьні знаходзяцца людзі. Потым яны пачалі задаваць пытаньні, ці ёсьць дакумэнты на друк, ці ёсьць ліцэнзія на выданьне. Ім патлумачылі, што наклад часопіса — усяго 299 асобнікаў, і пры такім накладзе ліцэнзія на выдавецкую дзейнасьць не патрабуецца. Міліцыянты загадалі непаўналетнім пакінуць памяшканьне.

У сваю чаргу, арганізатары мерапрыемства спрабавалі высьветліць прычыны такой пільнай увагі сілавікоў да прэзэнтацыі.

«Да нас паступілі скаргі, што вы тут будзеце разбэшчваць моладзь, паказваць вычварэнскія відэаролікі. А раптам вы тут будзеце займацца прапагандай гомасэксуалізму?» — адказалі людзі ў цывільным.

6 красавіка 2018 году ўвечары ў той самай прасторы «Сталоўка XYZ» меўся адкрыцца III Міжнародны фэстываль квір-культуры DOTYK. Але днём туды прыйшлі супрацоўнікі Маскоўскага раённага аддзелу надзвычайных сытуацый, зладзілі праверку і забаранілі праводзіць фэст. На сытуацыю, магчыма, паўплываў ліст «праваслаўных вернікаў Магілёва» ў газэце «Вечерний Могилев», вядомай сваімі рэзкімі заявамі. Газэта назвала мерапрыемства «гей-фэстывалем».

Доўгі шлях да талерантнасьці: гамафобія ў беларускім грамадзтве

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG