Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы не ўзгадняем імпрэзы з праваслаўным календаром», — арганізатары квір-фэсту ў Менску


Падчас Міжнароднага фэстываля квір-гісторыі «Dotyk» у Менску

«Мы не ўзгадняем свае імпрэзы з праваслаўным календаром, бо жывём у сьвецкай дзяржаве», — заявілі 9 красавіка на адмысловай прэс-канфэрэнцыі арганізатары міжнароднага фэстывалю квір-гісторыі Dotyk, які праходзіў у Менску з закрытым фармаце 6-8 красавіка.

Фэстываль квір-культуры Dotyk (квір — тэрмін, які выкарыстоўваецца, каб пазначыць любую ідэнтычнасьць, адрозную ад традыцыйнай. — РС.) меў урачыста адкрыцца ў пятніцу 6 красавіка ў прасторы «Сталоўка XYZ». Але двойчы мяняў месца правядзеньня і ўрэшце прайшоў у закрытым фармаце празь ціск на арганізатараў і перашкоды з боку гарадзкіх ўладаў.

Лісты ад праваслаўных вернікаў і праверкі МНС

Да фэстывалю рыхтаваліся цягам шасьці месяцаў. Яго галоўнымі яго тэмамі былі квір-гісторыі постсавецкіх краін. Навуковая канфэрэнцыя, лекцыі, воркшопы, круглы стол і канцэрт з удзелам дасьледнікаў зь Беларусі, а таксама з Оксфарду, Парыжу, Рыгі, Масквы, Стакгольму і Таліну плянавалі правесьці ў менскай прасторы галерэі «Сталоўка XYZ».

Сёлета даты фэстывалю супалі зь сьвяткаваньнем праваслаўнага Вялікадня, і за некалькі дзён да пачатку ў некаторых СМІ зьявіліся звароты ад імя «праваслаўных вернікаў» з патрабаваньнем адмяніць фэстываль.

За дзень да адкрыцьця да арганізатараў прыйшла праверка ў складзе прадстаўнікоў МНС, Цэнтра гігіены і эпідэміялёгіі, ідэалягічнага аддзелу адміністрацыі Маскоўскага раёну Менску. Яны выявілі парушэньні (кшталту адсутнасьці гарачай вады і парушэньня пажарнай бясьпекі), і ўжо к вечару арэндадаўца ТАА «Калібр» склаў акт пра нядопуск да памяшканьняў.

Правядзеньне фэстывалю было тэрмінова перанесена на іншую пляцоўку, але і туды прыйшоў падобны «маніторынг». У выніку арганізатары былі вымушаныя трэці раз шукаць памяшканьне, зрабіць допуск на фэстываль толькі праз рэгістрацыю, а таксама адмовіцца ад цырымоніі адкрыцьця.

У дзень заплянаванага пачатку фэстывалю на адрас дырэктаркі культурна-асьветніцкай установы «Кінаклуб «Дотык» паступалі званкі, якія «выкарыстоўвалі мову варожасьці», кажуць арганізатары.

«Тэматыка фэстывалю ніяк не зьвязана са сьвяткаваньнем праваслаўнымі Вялікадня, падзеі не праводзілася ў цэрквах і ў іншых сакральных месцах, таму ніхто ня меў права ўводзіць ніякіх абмежаваньняў толькі праз тое, што нехта сьвяткуе Вялікдзень, — адзначыла праваабаронца, супрацоўніца праваабарончай арганізацыі Human Constanta Наста Лойка. — Што тычыцца заяваў пра парушэньні правілаў пажарнай бясьпекі, відавочна, яны ня маюць ніякага аб’ектыўнага абгрунтаваньня і задаюць вельмі дрэнную практыку».

Праваабаронца адзначыла, што агульная сытуацыя з ЛГБТ-тэматыкай у беларускім грамадзтве «складаная»: супольнасць падпадае пад усялякія абмежаваньні, ёй адмаўляюць у правядзенні імпрэзаў, у мэдыя выкарыстоўваецца мова варожасьці.

Фэстываль «не парушаў ніякіх нормаў беларускага заканадаўства»

«Зараз мы можам сказаць, што фэстываль прайшоў пасьпяхова. Усяго было больш за 120 удзельнікаў, у тым ліку 13 выступоўцаў. Усе мерапрыемствы прайшлі з аншлягам. Акрамя таго, каля 100 чалавек сачылі за арганізаванай онлайн-трансьляцыяй», — расказала крызіс-мэнэджар фэстывалю Алена Агарэлышава.

Арганізатары пакуль думаюць, як далей паводзіцца з АТТ «Калібр». Памяшканьне заводу дагэтуль замкнутае, яны ня могуць туды трапіць, каб забраць сваю тэхніку, адзеньне ды іншыя асабістыя рэчы.

«Мы як арганізатары ня мелі за мэту кагосьці зьняважыць. У той жа час мы не ўзгадняем свае мерапрыемствы з праваслаўным календаром з прычыны таго, што жывём у сьвецкай дзяржаве, дзе шануецца права кожнага на свабоду вызнаваць тую ці іншую рэлігію альбо ніякую», — адзначылі ў афіцыйнай заяве арганізатары Dotyk.

Яны падкрэсьлілі, што фэстываль «не парушаў ніякіх нормаў беларускага заканадаўства, у тым ліку закону аб масавых мерапрыемствах».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG