Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менгарвыканкам зарэгістраваў праект «пра гендэр і сэксуальнасьць»


Коля Анціпаў, заснавальнік і рэдактар makeout.by

Праект «пра гендэр і сэксуальнасьць» Makeout атрымаў 21 сакавіка афіцыйную рэгістрацыю як сацыяльна-інфармацыйная ўстанова па падтрымцы праектаў у сфэры гендэрнай роўнасьці Outloud, напісаў у сваім фэйсбуку заснавальнік праекту Коля Анціпаў.

У 2017 годзе Makeout двойчы спрабаваў зарэгістравацца ў Менгарвыканкаме як фонд, але не атрымоўваў станоўчага адказу. Фармальнай прычынай адмовы чыноўнікі называлі «неадпаведнасьць назвы характару дзейнасьці», але ўдзельнікі руху мелі інфармацыю пра "неправавыя" прычыны. Сёлета пасьля парад юрыстаў і прадстаўнікоў недзяржаўных арганізацый Анціпаў зноў падаў заяўку на рэгістрацыю — ужо ў якасьці ўстановы. Назву Makeout ў Менгарвыканкаме зноў не ўхвалілі, але прапанавалі зьмяніць назву. У выніку зарэгістравалі сацыяльна-інфармацыйную ўстанову Outloud.

«Мы бачылі на сваёй памяці шмат адмоваў — і нам, і тым, хто з намі працуе і працаваў у адным ЛГБТ-полі. Досьвед кожнага чалавека, які жыве са стыгмай — гэта процьма замкнутых дзьвярэй, і мы вельмі цешымся, што ў нас атрымалася прабіць адну зь іх», — сказаў Свабодзе Коля Анціпаў.

Анціпаў кажа, што для Makeout афіцыйная рэгістрацыя — гэта магчымасьць зрабіць гучней свае галасы на розных узроўнях. Цяпер праект зможа адкрыць публічную прастору, атрымоўваць ахвяраваньні і працаваць з арганізацыямі, які раней адмаўляліся ад супрацы з «незарэгістраванай ініцыятыўнай групай».

«Натуральна, калі сёньня нас віншуюць і радуюцца, я таксама цешуся. Але ў гэты момант я таксама адчуваю злосьць і самоту праз тое, што ў маім падлеткавым узросьце не было такіх зарэгістраваных арганізацый. Я спадзяюся, што для новага пакаленьня гэтая навіна можа стаць падтрымкай», — кажа Анціпаў.

Праект будзе займацца сваімі ранейшымі справамі: казаць пра недапушчальнасьць дыскрымінацыі і гвалту па гендэрнай прыкмеце, разьвіваць гендэрную чульлівасьць, казаць пра свае праблемы і патрэбы, а таксама падтрымоўваць іншыя праекты і ініцыятывы.

«Асабліва прыемна, што ў дзяржорганах ужо ведаюць, што такое гендэр, гендэрная роўнасьці і пра тое, чаму гэта важна. Гэта кажа аб тым, што праблематыка выйшла ў больш шырокае поле. Што зараз ужо складана жыць у гэтым сьвеце і не разумець важнасьць працы ў сфэры гендэра і недыскрымінацыі. Мы таксама ўдзячныя ўсім, хто праходзіць гэты складаны і новы шлях разам з намі. Вядома, моцна ўдзячныя тым, хто працаваў у гэтым полі 10-20 гадоў таму — гэты досьвед стаў важным у самавызначэньні і разьвіцьці нашага праекту», — сказаў Анціпаў.

Makeout пачаў працу ў 2014 годзе. Тады актывісты руху адчувалі недахоп актуальнай інфармацыі пра гендэр і сэксуальнасьць, лічылі важным казаць пра праблемы няроўнасьці і дыскрымінацыі. Праект праводзіць кінапаказы і флэшмобы, ладзіць кніжныя клюбы і квір-фэсты. У 2016 годзе Makeout стаў ляўрэатам прэміі «Ты зможаш».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG