Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя знайшла ў Менску студыю, дзе нібыта здымалі гей-порна


Ілюстрацыйнае фота

Супрацоўнікі менскага наркакантролю затрымалі беспрацоўнага 32-гадовага мужчыну родам з Бабруйску, які ў Менску нібыта зарганізаваў порнастудыю, дзе зь лютага 2016 году па кастрычнік 2017-га здымалі фота і відэа «парнаграфічнага характару з удзелам асобаў мужчынскага полу».

Як сьцьвярджаюць сьледчыя, мужчына перасылаў здымкі за мяжу для разьмяшчэньня на порнасайтах, за што атрымліваў грашовыя пераводы. Паводле ч. 2 арт. 343 КК яму пагражае да чатырох гадоў пазбаўленьня волі.

Напярэдадні карыстальнікі сацсетак паведамлялі, што ў менскія клюбы, дзе праходзілі ЛГБТ-вечарыны, ладзілі рэйды АМАП і «людзі ў цывільным», затрымалі нейкую колькасьць людзей. Падрабязнасьці затрыманьняў не раскрываюцца, таксама як не гаворыцца, ці зьвязаныя рэйды з выкрыцьцём порнастудыі. Затрыманьне мужчыны з Бабруйску адбылося «падчас правядзеньня апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў у выяўленьні асобаў, якія займаюцца распаўсюдам парнаграфіі ў інтэрнэце».

Мяжа між эротыкай і порна ў беларускім заканадаўстве даволі няпэўная. Дазволены выраб і распаўсюд матэрыялаў, у якіх ёсьць «акультураны і паказаны як духоўная цяга інстынкт працягу роду». А забароненыя матэрыялы, у якіх ёсьць «непрыстойная, вульгарная і амаральная выява ці слоўнае апісаньне палавога акту з мэтай дасягнуць сэксуальнага ўзбуджэньня», «наўмыснае засяроджваньне ўвагі на палавых органах удзельнікаў падчас ажыцьцяўленьня імі сэксуальных дзеяньняў з падрабязным апісаньнем апошніх», «унушэньне стэрэатыпаў дэвіянтных паводзінаў: сэксуальная ўсёдазволенасьць, распуста, безадказнасьць і жорсткасьць» і ў якіх адсутнічаюць «выявы або апісаньня душэўных перажываньняў чалавека і ягонай натуральнай сэксуальнасьці». Такія матэрыялы нельга ня толькі вырабляць і распаўсюджваць, а нават «лайкаць» у сацсетках.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG