Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы камітэт даў парады для паводзінаў у ВК і «Аднаклясьніках»


Беларускія сьледчыя зьвярнулі ўвагу на рост колькасьці злачынстваў зь несанкцыянаваным доступам да кампутарнай інфармацыі і крадзяжом кампутарнай тэхнікі. За першую палову 2017 году такіх злачынстваў стала фіксавацца на 8,8% больш, чым было ў першай палове 2016-га.

Сьледчыя апісваюць тыповую схему: злачынца атрымлівае доступ да старонкі карыстальніка ў сацсетцы, ад ягонага імя просіць сяброў даць яму рэквізыты банкаўскіх картак (каб тыя дапамаглі «сябру» зь пераводам грошай, аплатай паслуг ці атрыманьнем выйгрышу), а калі атрымліваюць рэквізыты, пераводзяць грошы на замежныя рахункі.

Таму сьледчыя рэкамэндуюць карыстальнікам «УКантакце» і «Аднаклясьнікаў» (такія парады карысныя і для Facebook, і для мэсэнджэраў кшталту Skype і Viber) наступнае:

  • Не пераходзіць па спасылках ад незнаёмцаў, асабліва па тых, у якіх нібыта нешта зьвязана з фота («адкуль тут тваё фота?» або «клікні і атрымай 50 лайкаў пад фота»).

Такія паведамленьні могуць прыходзіць і ад сяброў, прычым спасылкі могуць быць як на сэрвісы скарачэньня спасылак (bit.ly, goo.gl і іншыя), за якімі не відаць, ці сапраўды там фота, так і на фальшывыя старонкі сацсетак (напрыклад, Lnstagram.com замест Instagram.com — магчыма, так скралі інстаграм «Камароўкі»)

  • Калі сябры ў сацсетках просяць даць ім рэквізыты банкаўскіх картак, не адказваць на паведамленьні, а зьвязацца з карыстальнікам празь іншыя каналы.

Пытаць сябра «сакрэтныя пытаньні» накшталт «як зваць твайго сабаку» бессэнсоўна — злачынца можа не паленавацца і знайсьці адказ у гісторыі перапіскі. Лепей патэлефанаваць сябру, бо злачынца можа атрымаць доступ адразу да некалькіх акаўнтаў сябра.

  • Не перасылаць рэквізыты і фота банкаўскіх картак, CVV-кодаў, часовых ключоў да інтэрнэт-банкінгу і асабістых дакумэнтаў.

Гэта тычыцца ня толькі выпадкаў, калі можна западозрыць махлярства, а наогул любых выпадкаў. Калі праз сацсеткі ці мэсэнджэры перадаецца такая інфармацыя, яна можа застацца ў гісторыі перапіскі абодвух карыстальнікаў ці аднаго зь іх, а калі пазьней аднаго зь іх узламаюць, злачынца можа знайсьці ў перапісцы цікавую яму інфармацыю.

  • Не пералічваць на просьбу карыстальніка грошы на электронныя кашалькі, банкаўскія ці тэлефонныя рахункі.

Насамрэч пералічваць можна, нічога крымінальнага ў гэтым няма. Але толькі пасьля таго, як карыстальнік надзейна пацьвердзіць, што гэта сапраўды ён, а не злачынца — напрыклад, голасам па тэлефоне ці відэасувязі або пры асабістай сустрэчы. Калі ж ёсьць сумневы — ні ў якім разе не пераводзіць грошы.

  • Калі ваш акаўнт заблякавалі, адразу спрабуйце аднавіць да яго доступ і папярэджвайце пра гэта сяброў, зь якімі кантактуеце праз адпаведную сацсетку.

Аднавіць доступ звычайна можна праз функцыю «Забылі пароль?»: стары скінецца, на электронную пошту прыйдзе новы часовы пароль. Гэта спрацуе тады, калі злачынца атрымаў доступ, напрыклад, толькі да «ЎКантакце», але не атрымаў доступу да электроннай пошты. Калі ўзламалі і пошту, трэба такім жа чынам аднаўляць доступ да яе. Калі не выходзіць, трэба зьвяртацца ў тэхпадтрымку сайту, дзе ўзламалі акаўнт, і прадставіць на іхную просьбу доказы таго, што ім піша сапраўдны ўладальнік акаўнту. Ад міліцыі наўрад ці варта чакаць, што стане займацца аднаўленьнем доступу, але яна можа адшукаць злачынцу і пакараць яго.

***

Плаціць хакерам непажадана ня толькі таму, што гэта падтрымае іхную дзейнасьць. Яны ніяк не гарантуюць, што пасьля выплаты вернуць доступ да акаўнтаў. Напрыклад, вірус «Пеця» патрабаваў выкуп нават тады, калі паштовую скрынку для сувязі заблякавалі.

Колькі людзей натыкаюцца на такое махлярства і колькі вераць злачынцам, не паведамляецца. Але нядаўна сьледчыя расказвалі пра «эфэктыўнасьць» іншай схемы з падманам карыстальнікаў: калі расейскі хакер блякаваў 649 кампутараў і тэлефонаў беларускіх карыстальнікаў і патрабаваў сплаціць штраф нібы за прагляд порна, больш за 600 пацярпелых пацярпелых сплацілі «штрафы» ў поўным ці частковым памеры.

Гэта значыць, больш як 9 з 10 пацярпелых паверылі злачынцу і аддалі яму грошы. Праўда, цяпер падазраванаму пагражае ад 6 да 15 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці.

Чытайце таксама:

7 правілаў інтэрнэту, якія мы ігнаруем

Як праверыць, ці не ўзламалі вашы сацсеткі зладзеі і спэцслужбы

Што лепей, iOS ці Android?

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG